Мяснік у бібліятэцы

№ 6 (1236) 06.02.2016 - 12.02.2016 г

Чаго толькі не робяць бібліятэкары ў эпоху Інтэрнэту, каб застацца "на плаву" і прыцягнуць увагу карыстальнікаў да сваіх фондаў і паслуг! Мяркую, шмат чаго і не робіць гонару бібліятэкам, але — с’est la vie! Пакуль жа прапаную ўважліва прыгледзецца да вопыту замежных калег. Мо ў ім знойдзем і каліва карыснага для беларускіх рэалій.

/i/content/pi/cult/572/12555/13-2.jpg(Заканчэнне. Пачатак № 5.)

Але ў арыгінальнасці антыкрызісных мерапрыемстваў усіх апярэдзілі ў адной з публічных бібліятэк Оўвэрлэнд Парку. Дзве гадзіны пара соцень гледачоў назірала за тым, як мяснік з суседняй крамы дэманстраваў майстэрства раздзелкі свіной тушы. Прычым, па словах арганізатараў, праект “Кнігі і мяснікі” прызначаны, у тым ліку, і для падтрымкі, заахвочвання і садзейнічання мясцовым прадпрыемствам. Гэткім чынам бібліятэкары сапраўды прыцягнулі ўвагу да праблем сельскай гаспадаркі, атрымаўшы велізарную колькасць абмеркаванняў на форумах і ў прэсе. Як вынік — у бібліятэку пайшлі людзі.

А калі каворкінг?

Перажываючы цяжкія часы, музычная бібліятэка ў фінскай сталіцы Хельсінкі вырашыла асвоіць новы фармат працы: адпаведна рэаліям часу супрацоўнікі ператварылі прастору бібліятэкі ў каворкінг, перадаўшы, да ўсяго, частку адказнасці за ўтрыманне памяшкання карыстальнікам. Гэтак ва ўстанову прыйшлі фрылансеры, перакладчыкі, праграмісты, дызайнеры і прадпрымальнікі. Такім чынам, сучасныя карыстальнікі выкарыстоўваюць памяшканні для вучобы або ў якасці мабільнага офіса, а традыцыйныя функцыі бібліятэкі адыходзяць у падобнай мадэлі на другі план. Наведвальнікі знаходзяцца ў гукаізаляваных сферычных крэслах з убудаванымі столікамі і разеткамі, таксама можна абставіць працоўнае месца перасоўнымі перагародкамі або выдаліцца ў шкляную капсулу для тэлефонных перамоваў. У перамоўнай ёсць уся неабходная тэхніка для прэзентацый на групу да 20 асоб. Дзякуючы ўсім гэтым навінам бібліятэку наведваюць прыблізна 2 тысячы чалавек у дзень, а працуе яна 80 гадзін на тыдзень.

Што далей?

Ці патрэбныя такія паслугі бібліятэкам? І якая будучыня чакае ўстановы? Бібліятэкары бачаць розныя сцэнарыі развіцця падзей. Да прыкладу, у Іспаніі прапануецца ідэя арганізацыі бібліятэк на аснове валанцёрскай працы па брытанскім досведзе. Магчыма, такая арганізацыя працы ў бліжэйшыя гады стане агульнаеўрапейскай тэндэнцыяй. А ў той жа Вялікабрытаніі ўсё большае распаўсюджанне атрымлівае сістэма “грамадскіх бібліятэк”. У рамках палітыкі строгай эканоміі бібліятэкі больш актыўна пераводзяцца на фінансаванне за кошт падаткаплацельшчыкаў, прычым гэта часта адбываецца насуперак жаданню грамадзян: большасць карыстальнікаў “публічак” аддалі б перавагу муніцыпальнаму бюджэту.

Калі пераважыць менавіта такі варыянт развіцця падзей, то будучыня публічных бібліятэк у Еўропе ўяўляецца досыць змрочнай. Тыя ж “грамадскія” установы не змогуць існаваць з прычыны непазбежнай недастатковасці фінансавання. Адзін з магчымых сцэнарыяў — арганізацыя адной добра фінансаванай суперустановы (кшталту адкрытай у Бірмінгеме ў 2013-м) у буйным горадзе пры скарачэнні колькасці дробных рэгіянальных бібліятэк. Што, між іншым, і адбываецца зараз у Вялікабрытаніі: да канца гэтага стагоддзя прагназуецца скарачэнне ліку публічных бібліятэк тут з некалькіх тысяч да некалькіх соцень.

Як далей?

Ананім з публічнай бібліятэкі ў Каліфорніі дзеліцца ў адным з профільных блогаў меркаваннямі пра тое, як можна зарабіць дадатковыя грошы ў бібліятэцы, скараціўшы бягучыя выдаткі. Спіс прапаноў такі: арганізаваць платны спектакль, зладзіць выпечку і продаж піражкоў, а таксама продаж вязаных вырабаў, кніг (любых па выбары наведвальніка, што істотна разгрузіць кніжныя паліцы) і паліц пад іх, збор і здача на перапрацоўку слоікаў і бутэлек. Далей яшчэ больш цікава: арганізацыя ў вячэрні час казіно ў бібліятэцы, устаноўка спецыяльных скрыняў для ахвяраванняў на ўсіх кафедрах аддзелаў абслугоўвання, здача крыві (за плату) супрацоўнікамі бібліятэкі, адкрыццё марціні-бара ў кнігасховішчы…

Сярод спосабаў эканоміі бюджэтных сродкаў калегі вылучаюць наступныя: перастаць набываць паперу, абыходзячыся сканарамі, не абнаўляць парк камп’ютараў і, вядома ж, працаваць адну гадзіну ў тыдзень. Апошняе дакладна вырашыць усе фінансавыя праблемы бібліятэкі! Урэшце, калі мы, бібліятэкары, яшчэ здольныя ўсміхацца, то не ўсё так і блага.

Алена КАПЫТОК,вядучы метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Івана Каладзеева