Котатэрапія ад класіка

№ 6 (1236) 06.02.2016 - 12.02.2016 г

Паступова адыходзіць у мінулае ўяўленне пра музей як тую ўстанову, дзе наведвальніку могуць прапанаваць толькі экскурсіі. Сучасны музейны менеджмент нацэлены на інтэрактыў. Ды не заўсёды запланаваныя работнікамі ноу-хау супадаюць з фінансавымі магчымасцямі і чалавечымі рэсурсамі пэўнай установы… Пра тое, у якім кірунку развіваецца гэта справа ва Украіне, дзе шукаюць нашы суседзі сродкі на рэалізацыю задум, падзялілася з карэспандэнтам “К” падчас наведвання Мінска дырэктар Кіеўскага літаратурна-мемарыяльнага музея Максіма Рыльскага Вікторыя КАЛЕСНІК.

/i/content/pi/cult/572/12554/13-1.jpgГарбата. Траянды. Дзеці

— Мяркую, для музеяў усёй постсавецкай прасторы востра стаіць пытанне па прыцягненні наведвальнікаў. Украінскія — як і беларускія — установы створаны яшчэ, так бы мовіць, савецкай сістэмай і існуюць па інерцыі ў зададзеных мінулым устаноўках. Але сёння мы маем абсалютна новы грамадскі запыт: зрабіць музей прывабным нават для людзей, якія раней не разглядаліся ў якасці патэнцыйнай аўдыторыі. Іншымі словамі, мы павінны задаволіць нават тых, хто ўвогуле нічога не ведае пра асобу (калі гаворка ідзе пра мемарыяльную персанальную ўстанову) ці месца, куды ён завітаў. У трэндзе — найноўшыя тэхналогіі, таму нашым залам таксама неабходна мець планшэты, відэапрэзентацыі. Але, не на ўсе выклікі часу музей можа адказаць…

У нашай краіне набірае абароты новая тэндэнцыя: сямейнае баўленне часу ў музеі. Днепрапятроўскі нацыянальны гістарычны музей імя Яварніцкага нават ладзіць усеўкраінскі фестываль “Музей і дзеці: дзіцячыя праграмы, цэнтры, музеі”. Дырэктар установы Надзея Капусціна сабрала на чацвёртым форуме каля васьмідзесяці ўстаноў. Яны абменьваліся досведам, знаёміліся з арыгінальнымі формамі працы. А наш музей увёў у расклад так званую сямейную суботу. Для малодшых наведвальнікаў падрыхтаваны квэсты з мудрагелістымі заданнямі. У гэты час іх бабуль запрашаем на другі паверх на гарбату. Нават адмысловы брэнд прыдумалі: “Траяндавая гарбата” (Максім Рыльскі вырошчваў такія ружы). Тым, хто хоча правесці час з дзецьмі, прапануем музіцыраваць на музейным раялі, спяваць ці паўдзельнічаць у тэатралізаваных сцэнках. Да слова, таты і дзядулі завітваюць да нас надзвычай рэдка. З-за гэтага нават адмовіліся ад першапачатковай назвы “Бацькава субота”...

Не першы год Міністэрства культуры Украіны праводзіць праграму па стварэнні безбар’ернага асяроддзя ў музеях. Фінансуюццца такія праекты на грантавай аснове. Мы з кіеўскімі калегамі дамаўляемся, хто якія групы дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі можа прыняць. Адны робяць спецыяльныя сцежкі для наведвальнікаў з праблемамі зроку, іншыя працуюць з калясачнікамі, трэція прыдумляюць варыянты для тых, хто дрэнна чуе. Уласна мы падрыхтавалі праграму па ўзаемадзеянні з дзецьмі з сіндромам Дауна. Ад паэта нам засталіся каты, нашчадкі якіх вольна блукаюць па музеі. Мы звярнулі ўвагу, што малыя да іх вельмі цягнуцца, таму і вырашылі паспрабаваць котатэрапію. Узялі за аснову казку Кіплінга “Котка, якая гуляла сама па сабе”.

Каму рабіць крок наперад?

— Усе мы скіраваны на працу з аўдыторыяй, што, на жаль, адбілася на працы навуковай… Неаднойчы я ўдзельнічала ў навуковых канферэнцыях, якія ў межах літаратурнага свята “Каласавіны” ладзіць ваш Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. Па-добраму зайздрошчу магчымасцям калег штогадова праводзіць сур’ёзнае навуковае мерапрыемства. У штатным раскладзе музея Рыльскага ўсяго пяць чалавек, таму справіцца з процьмай афіцыйных папер, падрыхтаваць ВАКаўскія публікацыі мы не маем магчымасці… Назіраю ў вас добрую ўзаемасувязь паміж літаратурнымі музеямі і Інстытутам мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. На жаль, мы ва Украіне не можам пахваліцца аналагічным дасягненнем…

Урэшце, мы знайшлі выйсце, каб навуковая праца не перапынялася: аб’ядноўваемся з вялікімі музеямі. Аднак праблема яшчэ ў тым, каб знайсці моладзь, якая надоўга затрымаецца і сур’ёзна возьмецца за даследаванні. У нас ёсць 90-гадовыя супрацоўнікі: іх вопыт вельмі каштоўны. Але мы не ў праве прасіць іх праводзіць квэсты ці апрацоўваць дакументы на камп’ютары… Калі малады спецыяліст не спужаўся невялікага заробку, ён задзейнічаны непасрэдна па рабоце музея: інтэрактыўныя экскурсіі, складанне электронных каталогаў, афармленне грантаў. Ва ўстановах з вялікім штатам прасцей займацца навукай: там ёсць напрацоўкі, археалагічныя здабыткі. На матэрыялах нашых фондаў створаны за апошнія гады тры кандыдацкія дысертацыі, але ўсе яны напісаны прадстаўнікамі ўкраінскага Інстытута літаратуры. Мы знаходзімся ў чаканні новага пакалення энергічных і ўлюбёных у сваю справу музейшчыкаў...

Скарбы на гарышчы

— Мяркую, у Беларусі таксама набірае абароты праграма па адкрытых фондах. Канешне, фандавікам цяжка адважыцца даць наведвальнікам у рукі экспанат. Але можна прыйсці да кампрамісу. Прынамсі, у нас на трэцім паверсе знаходзіцца запаснік — памежны фонд, у якім шмат керамікі, парцаляны, скульптур. Тут мы ладзім экскурсію “Знаходкі на гарышчы”. Напрыклад, рарытэтны кітайскі сервіз памацаць не дадзім, але, распавядаючы пра яго, ладзім чаяванне, разважаем пра сталовы этыкет.

У 2016-м наш музей будзе адзначаць 50-годдзе. Зараз рыхтуем праект, умоўна названы “Жывая экспазіцыя”. Мы шукаем прадметы побыту сярэдзіны мінулага стагоддзя і прымушаем іх “загаварыць” галасамі таго часу. Напрыклад, старэнькі лямпавы тэлевізар паказвае савецкую хроніку, патэфон грае музыку тых пакаленняў... Падобныя кірункі карыстаюцца папулярнасцю.

Сучасны музей мае быць медыйным. У нас няма вольных плошчаў, але знайшлі выйсце з сітуацыі пры дапамозе кабінета Максіма Тадэевіча: тут можна будзе сесці ў крэсла класіка і пагартаць старонкі на планшэце. На жаль, мы не можам проста ўзяць ды набыць неабходную тэхніку: адпаведна з заканадаўствам, трэба скласці замову, правесці электронныя таргі… Спадзяюся, пытанне хутка вырашыцца.

Сёння да закліку музейшчыкаў “захаваць і перадаць спадчыну” дадаецца абавязковае “і пазабавіць наведвальніка”. Згодна з гэтым мы і працуем, скарачаючы адлегласць паміж музеем і публікай.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"