Шлях “Чырачкі”

№ 6 (1236) 06.02.2016 - 12.02.2016 г

Чарговы “ўзлёт” — у новым статусе
20 студзеня гэтага года ў Міністэрстве культуры адбылося пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. Рашэннем сяброў Рады падтрымана прапанова аб наданні статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь абраду гукання вясны “Чырачка” ў аграгарадку Тонеж Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Папярэднічала гэтаму вялікая праца.

/i/content/pi/cult/572/12553/12-1.jpgШто гэта за абрад?

Для пачатку раскажу, што гэта за абрад. “Чырачка”, якая праводзіцца ў Тонежы ў апошні дзень Масленіцы, з’яўляецца адметнай этнічнай рысай жыхароў Тураўшчыны. Лічыцца, што качкі на сваіх крылах прыносяць вясну, таму і назву абрад атрымаў ад дробнай качкі “чырачкі” (“чырка”), выяву якой у якасці абрадавага пачастунку — коржыкаў — выпякаюць з цеста. Гэтае печыва ўдзельнікі абраду раздаюць аднасяльчанам, якіх сустракаюць па дарозе на Чарнычовы Горы, самае высокае месца ў ваколіцы. Туды ідуць, каб раскласці вогнішча і спаліць ляльку-“Зіму”, пагукаць вясну песнямі-вяснянкамі і заклікаць чырачку-птушачку. На гары таксама водзяць карагоды, частуюцца абрадавымі стравамі, качаюцца з гары, а на самае высокае дрэва ўмацоўваюць упрыгожаную елачку — сімвал дзявоцтва і вясны жыцця. Традыцыя з’яўляецца дзявочай, таму асноўныя яе ўдзельнікі — маладыя дзяўчаты, якім дапамагаюць жанчыны сярэдняга і сталага веку.

Завадатары і каманда

Завадатарамі абраду з’яўляюцца мясцовыя спявачкі з гурта “Танежанка” і іх пераемніцы — удзельніцы гурта-спадарожніка “Верас”, падлеткі і моладзь. Абрад “Чырачка” перадаецца ў вясковай супольнасці, у сем’ях ад пакалення да пакалення, а таксама праз клубную работу з жыхарамі вёскі, праз пераемнасць дзецьмі і моладдзю спеўных, танцавальных і іншых лакальных культурных традыцый ад старэйшых захавальнікаў спадчыны.

Падтрымаць удзельнікаў абраду штогод прыязджаюць спецыялісты Раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лельчыцкага райвыканкама і Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці. У 2014 годзе цэнтр падрыхтаваў буклет “Ой ты, чырачка-пташачка, прынясі нам вясну”, у якім змешчана апісанне абраду, зробленае вядучым метадыстам па народных традыцыях і абрадах Людмілай Мельнікавай, і фотаздымкі аўтара гэтых радкоў. Для падрыхтоўкі пакета дакументаў на наданне статусу я рабіла нотныя і тэкставыя расшыфроўкі песень і карагодаў “Чырачкі”, на аснове гэтага матэрыялу падрыхтавала ў 2015 годзе выданне “Песні абраду гукання вясны “Чырачка” вёскі Тонеж Лельчыцкага раёна”, куды ўвайшлі 12 абрадавых песень і карагодаў.

Значную ролю ў падрыхтоўцы “Чырачкі” да надання статусу адыграла праца журналісткі, грамадскага эксперта па нематэрыяльнай культурнай спадчыне Рэгіны Гамзовіч, якая дапамагла ў падрыхтоўцы неабходных для гэтага дакументаў, у тым ліку фанаграм, запісаных сумесна з Таццянай Песнякевіч (Белтэлерадыёкампанія), і фотаздымкаў, што зрабіў Алег Белавусаў (абласная газета “Гомельская праўда”). Праз ініцыятыву спадарыні Рэгіны і з яе ўдзелам адбыліся здымкі фільма “Абрад “Чырачка”, або Як у Тонежы вясну гукалі” (рэжысёр Марыя Курачова), які па заказу Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь выпусціла студыя “Летапіс” Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” у 2014 годзе.

Фільмы пра абрад “Чырачка” здымаліся і раней. Так, у 2004 годзе Янка Крук зняў “Гуканне вясны”, фрагменты абраду ўтрымлівае фільм “Галасы стагоддзяў”, зроблены Зінаідай Мажэйка ў 1979 годзе, што цікава, таксама, як і фільм 2014 года на тым самым “Летапісе”. Дарэчы, менавіта даследаванне Тонежа стала асновай для кандыдацкай дысертацыі самой Мажэйкі. Навуковая фіксацыя і вывучэнне абраду “Чырачка” вядуць сваю гісторыю з 1920 гадоў ХХ стагоддзя і звязаныя з такімі знакавымі імёнамі для беларускай фалькларыстыкі, як Масей Грынблат, Зінаіда Эвальд, Яўген Гіпіус і іншымі, што сведчыць пра яго значэнне і навуковую значнасць.

/i/content/pi/cult/572/12553/12-2.jpgЭкспертыза

Як адзначыў у экспертным заключэнні па наданні статуса абраду “Чырачка” начальнік аддзела традыцыйнай культуры і аматарскай творчасці Інстытута культуры Беларусі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Алесь Лозка, які сам родам з Лельчыцкага раёна і праводзіў экспедыцыйныя даследаванні гэтага краю, “прадстаўлены абрад мае дачыненне не толькі да Канвенцыі аб захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны 2003 года, але і да Канвенцыі аб ахове і заахвочванні разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення 2005 года. У прыватнасці, прымаючы пад ахову лакальнае культурнае праяўленне, мы дзейнічаем у адпаведнасці з асноўнымі прынцыпамі названага дакумента UNESCO, прызнаючы, што культура набывае розныя формы ў часе ды прасторы і што гэтая разнастайнасць праяўляецца ва ўнікальных і інварыянтных відах самабытнасці і культурнага самавыяўлення народаў і супольнасцей, якія складаюць чалавецтва”.

Гэтым годам, як і на працягу многіх дзесяцігоддзяў, “Чырачка” ў Тонежы адбудзецца ў апошні дзень Масленічнага тыдня, у нядзелю, якая гэтым разам прыпадае на 13 сакавіка. Танежцы (мясцовая назва вёскі — Танежы), як і заўсёды, чакаюць да сябе родных, якія прыязджаюць на свята з далёкіх куткоў, сяброў і гасцей. Завітваюць на абрад і з Мазыра, і з Гомеля, і з Мінска, і нават з Польшчы. Многія людзі, прыехаўшы на свята адзін раз, стараюцца прыязджаць і надалей. Так, з фальклорным гуртом “Рада” (Мінск), які некалі прыязджаў у Тонеж з экспедыцыяй, у танежцаў завязаліся сяброўскія і творчыя стасункі. Калі ўдзельнікі “Рады” ўжо паўторна прыехалі ў Тонеж, напярэдадні “Чырачкі” яны далі ў мясцовым Доме культуры канцэрт для вяскоўцаў, у праграме якога былі мясцовыя песні, а пасля правядзення абраду гралі танцы.

Ірына ГЛУШЭЦ, загадчык аддзела народнай традыцыйнай культуры Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці

На здымках: фота з мінулагодніх абрадавых дзей у Тонежы.

Фота аўтара