У пошуках сваёй праўды

№ 6 (1236) 06.02.2016 - 12.02.2016 г

Максім ПЯТРУЛЬ, скульптар
Я проста сумленны з самім сабой. Для мяне мастацтва — форма спазнання свету. Я ствараю, каб самавыяўляцца, і проста не магу гэтага не рабіць. Гэта такі занятак, які дапамагае ўваходзіць у стан універсальнай гармоніі. Гэта свядомы акт, спосаб зліцця з чароўнай энергіяй, які прыносіць радасць і геданічнае насычэнне ў жыццё. Стварэнне твораў — выманне ісціны і нейкіх сэнсаў, судакрананне з тагасветным. У працэсе творчасці адкрываецца тая самая Праўда.

/i/content/pi/cult/572/12548/5-3.jpgЗараз мяне натхняе арыентальная сярэднявечная прытча пра матыля. Кітайскаму мудрацу Чжуан-цзы прыснілася, што ён матылёк. У сне ён не ўсведамляў, што ён Чжуан-цзы, які бачыць сон. Мудрэц задаўся пытаннем: ён — Чжуан-цзы, якому ў сне здавалася, што ён матылёк, ці, быць можа, заснуў матылёк, і яму сніцца, што ён Чжуан-цзы. Хто ж мае рацыю? Мудрэц сказаў, што яму не ўдасца вырашыць такую дылему. Гэтая гісторыя мяне хвалюе, і яна тычыцца маёй скульптуры “Контрбатэрфляй”. Вельмі складана вызначыць, што ёсць рэальнасць для мяне асабіста, асабліва ў эпоху, калі існуе шматвымерная рэальнасць — віртуальная, ментальная і гэтак далей. Для мяне самая рэальная рэальнасць тычыцца маёй творчасці, бо яна ліквідуе дыхатамію супярэчнасці — хто ёсць матылёк, а хто — я.

У дзяцінстве маім улюбёным мастаком быў Сандро Батычэлі, але патрапіўшы ў галерэю Уфіцы, я моцна ў ім расчараваўся, як, зрэшты, і ў самой галерэі. Я шмат часу правёў у Кітаі і быў пад уражаннем ад кітайскіх рынкаў. Кітай абсалютна дэмантуе які-кольвечы спажывецкі запыт. Калі ты бачыш у велізарнай колькасці усе гэтыя “гучы”, “прада”, дык вызначаеш іх, як барахло. Дык вось, галерэя Уфіцы нагадала мне сярэднявечны або рэнесансны кітайскі рынак, дзе мноства аднолькавых партрэтаў, мноства сюжэтаў. Мне стала сумна ад усяго гэтага. Тады багатыя людзі замаўлялі карціны. Усе партрэты ў нейкім сэнсе транслявалі права замоўцы на ўладу. Для сучаснага чалавека рэнесанснае мастацтва — гэта занадта літаральная выява багатых жанчын, пекла і раю. Гэта не толькі прыгожа, але і дэманструе ўладу, транслюе свет іншы, чароўны, недаступны чалавеку ў яго сярэднявечнай паўсядзённасці з чумой, халерай і інквізіцыяй. Скажам, творы Леанарда з’яўляюцца квінтэсэнцыяй сацыякультурнага коду свайго часу. А з твораў, якія з’яўляюцца ў нашы дні, актуальнымі застаюцца тыя, якія адпавядаюць нашаму часу, робяць квінтэсэнцыю нейкага агульнага сацыякультурнага кода.

/i/content/pi/cult/572/12548/5-4.jpg

Максім Пятруль. "Контрбатэрфляй".

У Кітаі я пражыў больш за год. Больш за ўсё часу правёў у Чанчуні. Гэты горад стаў прытулкам апошняга імператара Кітая, пра яго Бернарда Берталучы зняў фільм. У Чанчуні знаходзіцца Сусветны парк скульптуры, які акумулюе ў сабе пластыку прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў планеты Зямля. Там усталявана і мая праца “Стварэнне”. На мяне Кітай зрабіў значны ўплыў. Пасля сваёй першай паездкі ў 2003 годзе я зацікавіўся ўсходняй культурай, пачаў вывучаць дзэн-будызм, канфуцыянства. Тады апынуўся ў міжнароднай групе творчых людзей з 20 краін свету, мы праводзілі вечары ў дыскусіях, кантактавалі з прадстаўнікамі кітайскай культурнай эліты. Мне было тады 25 гадоў, і ў Беларусь вярнуўся я іншым, бо злавіў гэтую інфекцыю стану мастака-маэстра. Прыехаўшы дадому натхнёны, пачаў актыўна выстаўляцца, пазнаёміўся з архітэктарам Леанідам Левіным і стаў рабіць вялікія аб’екты. А аснова даасізму — прынцып падзеленага — непадзельнага, лёг у аснову маёй творчасці.

Занатавала Вольга ГОМАНАВА