Тэатру патрэбен крызіс?

№ 6 (1236) 06.02.2016 - 12.02.2016 г

Аляксей ШАДЗЬКО, акцёр Маскоўскага мастацкага акадэмічнага тэатра імя Максіма Горкага, музыкант
Можа, я буду залішне катэгарычны, але ў расійскай сталіцы, куды я пераехаў з Мінска, тэатр памірае. Добра, скажу больш мякка: яго мастацтва абясцэньваецца.

/i/content/pi/cult/572/12547/5-2.jpgКалі казаць пра глабальныя рэчы, а не пра фінансаванне (хоць і яно — рэч глабальная) і не пра матэрыяльны дабрабыт публікі, і ў сувязі з гэтым — агульны песімістычны настрой, то прычын некалькі. Дэградуе тэатр у чымсьці з-за слабой сучаснай драматургіі. З-за рэжысёраў, што пераносяць на сцэну замежную лухту і ездзяць па еўропах у пошуках знаходак, месца якім у паноптыкумах, альбо наадварот — карыстаюцца пры пастаноўках тым стандартным інструментарыем, які ўжо даўно амаль паўсюль памёр. З-за акцёраў, якім граць “нішто”, і якія занятыя гульнёй пад назвай “тэатр”, “спектакль”, робячы выгляд, што жывуць і паміраюць (а калі ты прыйшоў у тэатр служыць, то абавязаны ў ім і паміраць “па-сапраўднаму”).

Што такое сучасны расійскі тэатр, растлумачу на прыкладзе кіно, серыялаў. Вось нам паказваюць, як едзе машына. Здалёк. Спачатку яна маленькая-маленькая. Але ж едзе, набліжаецца, павялічваецца ў памерах, праносіцца міма нас, аддаляецца, становіцца зноў маленькай-маленькай. І так хвіліны тры. А ў машыне сядзяць двое і вядуць размову: “Як прыедзем, трэба будзе падпісаць паперы” — “А як жа следчыя?” — “Потым патэлефануем туды, Пятровічу”. Насычаная такая размова... Ці пакой перад намі, у якім кабета набірае тэкст на камп’ютары. Доўга, хвіліны тры. Заходзіць іншая жанчына: "Люся, Пятровіч не заходзіў?” — “Не заходзіў” — “Як з’явіцца, скажы, што паперы ад следчага прыйшлі...” Дык вось, тэатр становіцца такім жа.

У маскоўскіх тэатрах стала менш мастацкасці, чалавечнасці, упор робіцца на забаўку, празмерную відовішчнасць — лабавую, часцяком пошлую, калі творы класікаў прэпаруюцца, інтэрпрэтуюцца, дапісваюцца або абразаюцца так, што гэтыя геніі лакцямі і каленямі папрабівалі труны, пераварочваючыся ў іх. Яны і падумаць не маглі, што праз шмат-шмат гадоў рэжысёры-наватары “ўзбагацяць” іх п’есы такімі інтымнымі падрабязнасцямі чалавечага жыцця, на якія і намёку не было ў адпачатковых тэкстах. Асабіста мяне ратуе класіка. Урэшце, я сам ішоў у той тэатр, дзе яна была на высокім узроўні, і ўзровень той не знізіўся да гэтага часу.

Прыязджаючы ў Мінск, я ў тэатры не хаджу. Патлумачу. Гады чатыры таму сустрэў на вуліцы знаёмага акцёра: “Што ў Мінску цікавага са спектакляў з’явілася?” — “Нічога”. Тры гады таму: "Што?..” — “Нічога”. Два гады таму... Днямі ў адной актрысы пытаюся: “А вось я нешта такое чуў...” — “Не трэба, не хадзі". — "А гэта?..” — “Ой, гэта наогул трындзец…” І ўсё, з цяперашнiм тэатральным жыццём беларускай сталіцы я азнаёміўся. Няма падзей, пра якія б усе казалі. Так, падзейкi. Можа, мае калегі прадузятыя, і верыць ім нельга? Але веру, бо сам колькі гадоў варыўся ў той самай кашы, таму прыблізна ў курсе цяперашніх тэндэнцый. У якісьці з апошніх прыездаў сутыкнуўся з адным вельмі вядомым тэатральным дзеячам. “Як ты там?” — ён мне. "Нармальна. Шостую прэм’еру выпускаем”. — “За год?” — “Так”. — “Крута... А нам ледзь-ледзь на адну грошай нашкрэблі”. І гэта не абы-які тэатр і не абы-які рэжысёр.

Я перакананы: і маскоўскі тэатр, і мінскі павінны прайсці праз крызіс: змены і там, і тут неабходныя. А крызіс — штука балючая: тэатр кідаецца з боку ў бок, і бакі гэтыя нярэдка непрывабныя, як у выпадку з Масквой. Мінск — больш патрыярхальны, і беларускі тэатр стараецца захаваць карані, ён асцярожны. Напэўна, гэта добра. З іншага боку, не трэба нацягваць стары паношаны фрак на сучасны тэатр.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"