З чатырох застануцца двое

№ 14 (832) 05.04.2008 - 11.04.2008 г

31 сакавіка ў Маладзёжным тэатры эстрады адбылося праслухоўванне кандыдатаў на ўдзел у конкурсах XVII Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Але канчатковае рашэнне журы стане вядома толькі пасля фінальнага гала-канцэрта адборачнага тура, які пройдзе ў канцы красавіка — пачатку мая.

Сёлета творчыя спаборніцтвы фестывалю пройдуць па новых правілах. Акрамя некаторага змянення ўзроставых абмежаванняў (у “дарослым” конкурсе цяпер удзельнікі з 18 да 35 гадоў), кожная краіна прадстаўляе толькі аднаго выканаўцу. Раней жа тры краіны — заснавальніцы фестывалю (Беларусь, Расія, Украіна) маглі пасылаць двух удзельнікаў. Таму з кожнай пары абраных фіналістаў давядзецца пакінуць кагосьці аднаго.

Журы па адборы маладых спевакоў узначальваў, паводле традыцыі, народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг, а “дзіцячае” журы — народны артыст краіны, кампазітар Васіль Раінчык. Журы (“дарослае”) спыніла свой выбар на наступных фіналістах. З 16-ці спевакоў былі абраны двое. Гэта Віталь Яфіменка, які выступае пад сцэнічным псеўданімам Віталь Гардзей, — выхаванец Бабруйскага ўзорнага тэатра песні “Шына-най” і пазней — прадзюсерскага цэнтра “Спамаш”, лаўрэат міжнародных конкурсаў, а таксама Сандра Вальковіч, вядомая як Сандра, — студэнтка Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.
У “дзіцячым” адборачным фінале барацьба разгорнецца паміж мінчуком Раманам Валазнёвым і Алінай Молаш з Івацэвічаў, якая займаецца ў Нацыянальным цэнтры музычнага мастацтва імя У.Мулявіна.
Месца і дата фінальнага гала-канцэрта адборачнага тура яшчэ абмяркоўваюцца.

Выказваюцца і прапановы правесці яго ў максімальна набліжаных да конкурсу ўмовах — на сцэне Летняга амфітэатра ў Віцебску.