Для сельскай мясцовасці "пракаціць"?

№ 5 (1235) 30.01.2016 - 05.02.2016 г

Меркаванне: запрашаем да дыскусіі
Даведаўшыся, што 2016 год вырашана прысвяціць культуры, хто з нас не быў заінтрыгаваны? У каго не ўзнікла прадчуванне нейкага сюрпрызу, жаданне ўбачыць штосьці яркае, адметнае ў сферы мастацтва і духоўнага жыцця? Гэтае пачуццё прыемнай інтрыгі падагрэў і Міністр культуры, калі ў адным з інтэрв’ю падзяліўся: “Плануецца рэалізаваць задумкі, падобных якім раней не было. Гэта даволі маштабныя мерапрыемствы, з прыцягненнем міжнародных творчых сіл”.

Няма сумневу, на рэспубліканскім узроўні нам сапраўды будзе на што паглядзець, але хацелася б, каб атрымала нейкі імпульс да развіцця, да якаснага росту культурная сфера яшчэ і на месцах, у глыбінцы. Менавіта да якаснага, бо з колькасцю, здаецца, праблем не назіраецца: канцэрты, святочныя праграмы, прымеркаваныя да розных дат, праводзяцца ў раённых цэнтрах і буйных вёсках рэгулярна. Вось толькі да іх зместу і ўзроўню арганізацыі, як правіла, узнікае нямала пытанняў. З’яўляючыся журналістам раённай газеты, культурна-масавыя мерапрыемствы я наведваю часта, і зараз прывяду некалькі характэрных эпізодаў са свайго вопыту (наўздагад, з розных гадоў), у якіх выразна бачыцца нізкі агульнакультурны ўзровень некаторых асоб, задзейнічаных у арганізацыі культурнага жыцця, некампетэнтнасць, фармалізм і іншыя несумяшчальныя з культураю з’явы. Прысутнічаючы на разнастайных канцэртах, конкурсах, гуляннях, чытаючы матэрыялы, прынесеныя работнікамі сферы культуры для публікацыі ў нашай газеце, нярэдка лаўлю сябе на думцы, што некаторыя асобы як спецыялісты ці то знаходзяцца не на сваім месцы, ці то проста не хочуць выкладвацца напоўніцу і накіроўваюцца па шляху найменшага супраціўлення, выбіраючы тактыку “пипл все схавает”, "для сельскай мясцовасці “пракаціць” і гэтак далей.

Спевакі з паперкамі

Дом культуры ў адным з аграгарадкоў. Канцэрт, прысвечаны Дню Перамогі. Самадзейныя артысты (дарослыя) выконваюць знакамітую песню “Журавли” — пад музыку чытаюць з паперак. Больш за тое, усе, у адзін голас, вымаўляюць: “Мне кажется порою, что солдаты, с кровавых не прошедшие полей…” Менавіта так: “не прОшедшие”.

Не для людзей, а…

Творчае аматарскае аб’яднанне з райцэнтра запланавала выязное мерапрыемства ў адным сельскім Доме культуры і запрасіла туды мяне як прадстаўніка прэсы. Якраз у той дзень я збіраўся выехаць на раён па іншай справе і таму, нягледзячы на сваё скептычные стаўленне да творчасці гэтага калектыву, згадзіўся, паабяцаў, што ва ўмоўлены час зазірну і на яго мерапрыемства. Але абставіны склаліся так, што вымушаны быў затрымацца, аб чым папярэдзіў па тэлефоне, а калі нарэшце праз нейкую гадзіну прыехаў, то ўбачыў, што СДК зачынены. Няўжо так хутка падзея скончылася? Абяцалі ж насычаную, маштабную праграму… Зноў патэлефанаваў арганізатарам і пачуў тлумачэнне: мы не паехалі, вырашылі, калі вас не будзе, не праводзіць мерапрыемства, бо нам трэба, каб пра нас напісалі.

Ведаць, чаму вучыш

У рамках масавых гулянняў з нагоды свята творчы калектыў праводзіць у цэнтры горада інтэрактыўнае забаўляльнае мерапрыемства. Сцэнарый на беларускай мове, але гаварыць на ёй у артыстаў атрымліваецца, мякка кажучы, не вельмі ўдала. З іх вуснаў гучыць безнадзейная трасянка, бязладная мешаніна беларускіх і рускіх слоў ды граматычных формаў. А праз месяц кіраўнік гэтага калектыву дзеліцца творчымі планамі: хочам арганізаваць наведванне школ раёна з гульнявой праграмай, накіраванай на прапаганду роднай мовы, бо дзеці слаба ёю валодаюць.

Падобныя прыклады можна працягваць, а пра шматлікія ляпы з фанаграмамі, пра блытаніну з імёнамі ўдзельнікаў мерапрыемстваў і іншыя дробныя тэхнічныя і арганізацыйныя агрэхі я нават не кажу: без іх не прайшоў, здаецца, ніводзін з канцэртаў у раёнах, дзе мне даводзілася пабываць. Усё гэта, зразумела, не дадае аптымізму.

Падчас уручэння 12 студзеня прэміі “За духоўнае адраджэнне”, Прэзідэнт краіны ў тым ліку сфармуляваў наступныя задачы ў сферы культуры, якія стаяць перад дзяржавай сёлета: “Актывізаваць інтэлектуальныя і духоўныя сілы нашага народа, падтрымаць ініцыятыву з мэтаю захавання гістарычнай спадчыны, уздыму на новы ўзровень сучаснага мастацтва і выхавання ў грамадзян любові да сваёй Радзімы”.

Не ведаючы структуру культурнай сферы знутры, яе “кухню”, закуліснае жыццё, прапаноўваць нейкія канкрэтныя меры па выпраўленні вышэйапісанай сітуацыі я не адважуся. У агульных рысах выйсце бачыцца мне ва ўзмацненні дысцыпліны і адказнасці, у тым ліку і метадам кадравых рашэнняў. Груба кажучы, няхай лепш той ці іншы сельскі клуб ці РДК зачыніцца, чым у ім будзе сядзець і праядаць дзяржаўныя грошы лайдак. Насельніцтву ад яго ўсё роўна ніякай карысці, за культурным жыццём даводзіцца назіраць толькі па тэлевізары. А той, хто сапраўды хоча і можа працаваць, павінен займацца самаўдасканаленнем, пашыраць свой кругагляд, павышаць культуру мовы, больш уважліва і асэнсавана рыхтаваць сцэнарыі мерапрыемстваў. Інакш у рэгіёнах Год культуры ператворыцца ў банальную кампанію дзеля галачкі.

Сяргей АБРАМОВІЧ, намеснік галоўнага рэдактара раённай газеты