Культ... прыпынак

№ 4 (1234) 23.01.2016 - 29.01.2016 г

У Пінску адзін з гарадскіх аўтобусных прыпынкаў на плошчы Кірава ў першыя ж дні 2016-га, Года культуры, аздобілі постарамі з выявамі знакамітых людзей Беларусі — Уладзіміра Мулявіна, Максіма Багдановіча ды Івана Шамякіна, юбілеі якіх сёлета святкуе ўся краіна. Прычым, як дазналася “К”, гэта толькі пачатак вялікай творчай працы…

/i/content/pi/cult/570/12510/3-4.jpgПа словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пінскага гарвыканкама Валянціны Кулак, дадзены праект — працяг плённага супрацоўніцтва культработнікаў з мясцовым прыватным рэкламным агенцтвам і яго кіраўніком — Уладзімірам Жылюком.

— На сённяшні дзень мы дамовіліся пра тое, што ў хуткім часе ў Пінску з’явяцца яшчэ тры такія прыпынкі, — распавяла “К” Валянціна Кулак. — А за год іх плануецца ўсталяваць больш за 10 ва ўсіх мікрараёнах горада. На банерах будуць адлюстраваны знакамітыя калектывы і выканаўцы з Пінска, раёна і іншых куткоў вобласці, а таксама архітэктурныя цікавосткі сталіцы Палесся.

Як адзначыла супрацоўнік рэкламнага агенцтва Лізавета Лукашук, новыя мадэлі прыпынкаў распрацаваны з улікам усіх патрабаванняў гарадскіх службаў.

— Пры вырабе аздобы падобных аб’ектаў прымяняюцца сучасныя кампазітныя і ўдаратрывалыя матэрыялы, — кажа візаві. — Іх устаноўка і абслугоўванне ажыццяўляецца спецыялістамі агенцтва. Кошт усіх работ па такім прыпынку складае амаль 60 мільёнаў рублёў, а ўсяго мяркуецца замяніць, як мінімум, яшчэ тры дзясяткі іх цягам некалькіх гадоў... Прычым замена адбудзецца не за кошт гарадскога бюджэту, а за прыватныя сродкі.

Для зручнасці карыстальнікаў грамадскага транспарту праектам прадугледжана падсветка назвы, пазнакі папярэдняга і наступнага прыпынкаў, таніраваны дах...

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"