Прыступкі Памяці

№ 4 (1234) 23.01.2016 - 29.01.2016 г

У вёсцы Калодзезнае, што на Капыльшчыне, з’явіўся помнік мясцовым жыхарам, якія загінулі 9 лютага 1943 года. Фашысцкія карнікі спалілі іх разам з вёскай. У агні загінулі 199 старых і малых… Нядаўна тут быў адкрыты помнік. Пасол Германіі ў Беларусі Петэр Дэтмар усклаў да яго вянок, абрад асвячэння помніка правялі праваслаўны і каталіцкі святары.

/i/content/pi/cult/570/12507/3-1.jpgПраявіў ініцыятыву ў свой час жыхар згаданай вёскі Віктар Дашкевіч. Ідэю стварыць маленькі мемарыял ён выношваў даўно. Размаўляў з роднымі загінулых, пераконваўся ў тым, што людзі павінны ведаць і памятаць. Толькі са шчырай памяці вырастае чаканая будучыня. Так быў адкрыты разліковы рахунак у банку. Але на ахвяраванні можна было аплаціць толькі набыццё матэрыялаў для мемарыяла.

Неўтаймоўны Віктар Дашкевіч згадвае даўняга мінскага знаёмага — сябра Беларускага саюза мастакоў Уладзіміра Швайбовіча. Той адразу пагаджаецца зрабіць усё бясплатна. Не толькі мастацкую частку, але і будаўніча-мантажную. Што імі рухала? Гэта зразумее хіба толькі той, хто не чакае ганарараў ад сумлення.

Тым не менш я задаў гэтае пытанне Уладзіміру Піліпавічу. “Уразіла тое, што мая родная вёска Калодзезі, што на Чэрвеншчыне, і вёска Калодзезнае — сугучныя па назвах, — адказаў мастак. — І не мог сябру адмовіць…” Так што пры рэалізацыі праекта рэй вяла не арыфметыка, а мастацтва. Бярвенне было абпалена не паяльнай лямпай, а на сапраўдным вогнішчы. Белачырвоная сцежка ля камяня — як сімвал спалучэння светлай веры і крывавай трагедыі. Чатыры прыступкі — чатыры гады пакутлівай трагедыі. Крыж і звон — як навершша храма. Мова мастацтва — гэта мова сімвалаў. Так што помнік нагадвае і аб ахвярах фашызму, і аб самаахвярнасці мастака.

На здымку: помнік у вёсцы Калодзезнае работы мастака Уладзіміра Швайбовіча.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"