Два іспанцы ў адной ладдзі

№ 4 (1234) 23.01.2016 - 29.01.2016 г

Мы пісалі ўжо, што ў снежні ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адкрылася выстава “Гоя… Пікаса” з калекцыі мадрыдскага Каралеўскага музея прыгожых мастацтваў Сан-Фернанда. Сёння прадстаўляем матэрыял пра некаторыя “зрэзы” экспазіцыі. Гэтыя імёны даўно і добра ведаюць усе, хто цікавіцца сусветным выяўленчым мастацтвам, і таму я іхнія біяграфіі апускаю.

/i/content/pi/cult/570/12504/13-1.jpg(Заканчэнне. Пачатак у № 2.)

Асабіста я лічу, што прадстаўлены на выставе аркуш “Мастак і мадэль, якая вяжа на спіцах”, — найбольш поўна па ўнутранай канцэпцыі “змыкаецца” з ідэяй “Невядомага шэдэўра”. Інакш кажучы, гэта своеасаблівы выяўленчы эквівалент да тэкста. Кружацца лініі абстрактнай кампазіцыі… Сядзіць руплівая майстрыха са спіцамі ў доўгай спадніцы… Малазразумелымі лініямі штосьці рысуе на палатне паўаголенны барадаты мастак-кубіст… Што тут дзіўнага? Але мастак, аказваецца, уласна рысуе не мадэль як такую, а тое, што яна, вязальшчыца, пляце з тонкай пражы! Так бы мовіць, дэміург стварае сваю ўласную рэальнасць з тых самых лінейных перапляценняў!

На думку Пікаса, мастак павінен не капіраваць натуру, а супернічаць з ёй: метады формастварэння аднолькавыя і ў мастацтве, і ў рамястве, і ў прыродным морфагенезе. Мадэль у гэтым аркушы цалкам паглыбілася ў сваю працу, а мастак, уважліва назіраючы за яе дзеяннямі, як бы паўтарае іх на палатне. Пікаса аднойчы заўважыў: “Тое, што адбылося з Фрэнхоферам у “Невядомым шэдэўры”, — проста цудоўна. У канчатковым выніку нікому не дадзена бачыць што-небудзь, акрамя самога сябе. Бясконцыя пошукі рэальнасці завялі яго ў непраглядны змрок. Рэальнасцей так шмат, што, спрабуючы ахапіць іх усе, непазбежна павінен праваліцца ў цемру”.

Думаю, што на сваім доўгім жыццёвым шляху Пабла Пікаса, як ніхто іншы, пазнаў не толькі сусветную славу, але і “непраглядны змрок”, і падзенне ў “цемру” пошукаў немаведама чаго, і драматычныя метамарфозы чалавечага быцця, і не заўсёды знаходзіў патрэбныя яму адказы на тыя архіскладаныя пытанні, якія ставілі перад ім у ХХ стагоддзі рэчаіснасць і мастацтва. Пры жаданні, можна знайсці ў Гоі і Пікаса штосьці агульнае: абодва пражылі параўнальна доўгае жыццё; абодва спазналі славу і прызнанне звання “першага жывапісца” ў мастакоўскім і грамадскім асяроддзі; абодва былі ў маладосці часам фанабэрлівымі; абодва спазналі і шчодралюбныя страсці, і перыяды спусташанасці, і творчага шчасця, і расчараванняў; нарэшце, адналькова геніяльна працавалі і ў жывапісе, і ў графіцы. І тым не менш, на мой погляд, у цэлым

Гоі пашанцавала значна менш,

чым яго духоўнаму сабрату і земляку Пікаса. Шмат гадоў яго мучылі розныя хваробы (ад венерычнай інфекцыі, атраманай у юнацтве, да галюцынацый і шызафрэніі, магчыма, спадчыннай). І практычна палову жыцця ён з-за менінгіту (?) заставаўся глухім (як Джонатан Свіфт і Бетховен). Да таго ж “вецер падарожніцтваў” вымушаў яго гойсаць па гарадах Іспаніі і Францыі ў пошуках лепшага месца… А яшчэ ёсць версія, што сімптомы небяспечнай хваробы Гоі могуць быць растлумачаны атручаннем свінцовымі бяліламі пры рабоце з афортамі… Словам, суцэльныя таямніцы…

“Жывапіс мацнейшы за мяне, жывапіс робіць са мной тое, што хоча”, — гэта казаў Пікаса. А Гоя, на маю думку, мог бы сказаць, што… хваробы рабілі з ім тое, што хацелі, накіроўваючы яго разец у невядомыя, часам жудасныя, глыбіні душы. Гаворка ідзе перш за ўсё пра серыю “Капрычас”. Гэтае слова мае два значення. У першым варыянце гэта “дзівакаватая, шалапутная каза”, другі пераклад гучыць як “узлахмачаныя валасы”. У выніку, калі злучыць усё разам і сказаць на беларускай мове, то атрымаецца прыкладна наступнае: ад убачанага валасы ўстануць дыбам.

У “Капрычас” рэальнае і фантастычнае перакрыжоўваюцца, як у іспанскім фальклоры. Мастак смела выкарыстоўвае вобразы народных паданняў, прымавак і баек у якасці асновы для стварэння гратэску, вынаходліва ўжывае яго для крытыкі з’яў рэчаіснасці, сатыры на вышэйшае грамадства і святую царкву з яе страшэннай інквізіцыяй, з яе распустай і бязмежным глупствам. Згадаем хаця б гоеўскі крылаты выраз пад адным з аркушаў “Сон розуму спараджае пачвар”… “Капрычас”, на маю думку, і да сённяшняга дня застаецца нейкай хвалюючай тайнай, да якой вось ужо больш за 250 гадоў даследчыкі імкнуцца падабраць ключы і расшыфраваць прыхаваны сэнс асобных аркушаў. Але пакуль што гэта не атрымлівацца…

У перыяд нацыянальна-вызваленчай вайны Іспаніі з Напалеонам мастак стварыў цыкл афортаў “Жах або бядоты вайны”. Гэта было ашаламляльнае і моцнае выкрыццё знішчальнага масавага асляплення вайной. І хаця стварэнне гравюр расцягнулася на многія гады, у іх ва ўсіх дэталях адбіты ўспаміны Гоі пра жахі вайны, якія ён перажыў. Аркушы былі рэалістычным поглядам на смерць людзей — і французаў-акупантаў, і суайчыннікаў-іспанцаў, якія адчувалі асалоду ад крыві і не спыняліся ні перад якімі злачынствамі і жорсткасцю.

Потым, у загарадным доме на беразе Мансанарэса, у добраахвотным выгнанні, у Гоі з’явілася загадкавая серыя гравюр “Дыспаратэс” — “Незвычайнасці, дзівацтвы, глупства”, дзе гратэск быў даведзены да гранічнай вастрыні. І яшчэ ён паспеў скончыць знакаміты цыкл афортаў з 43 аркушаў “Таўрамахія” — пра гісторыю развіцця іспанскай карыды — “мастацтва” боя быкоў. Тут мастак дасягнуў чароўнага сінтэзу, які ўвасобіў у сабе бязлітаснае тэатральнае прадстаўленне, у якім удзельнічаюць жывёла, чалавек і крыважэрная маса гледачоў.

І як бы там ні было, Гоя як мастак апярэдзіў свой час настолькі, што яго творы амаль заўсёды быццам бы створаныя нашымі сучаснікамі. Бо ўся яго творчасць, як і творчасць Пабла Пікаса, — смелы і рызыкоўны пошук, звязаны з сапраўдным наватарствам — прафесійным, сацыяльным і рэвалюцыйным.

Дарэчы, 30 сакавіка гэтага года споўніцца 270 гадоў з дня нараджэння Францыска Гоі, і, хачу спадзявацца, што пасля закрыцця выставы “Гоя… Пікаса” мы яшчэ вернемся да гэтага ўнікальнага мастака і яго творчых таямніц.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"