Прыгадваеш не толькі Пірасмані…

№ 4 (1234) 23.01.2016 - 29.01.2016 г

“Будзьце як дзеці”— заклікае дзвюхзальная экспазіцыя карцін Сяргея Каваля ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі Румянцавых і Паскевічаў. Сапраўдны мастак заўжды захоўвае адданасць свайму дзяцінству. А яна надае творам шчырасць і першаснасць светаадчування, без чаго проста немагчыма ўявіць выяўленчае мастацтва. Асабліва гэта тычыцца жывапісцаў, якія спавядаюць яго інсітную, або наіўную, сутнасць. І нічога крыўднага няма ў тым, што іх час ад часу называюць прымітывістамі. Менавіта яны нібыта сінтэзуюць традыцыйную народную творчасць — лубок і тое, што лічыцца наіўным рэалізмам. Імкненне да прастаты, але не да спрошчанасці, лаканізм выяўленчых сродкаў, яркая расфарбоўка, разлічаная звычайна на зрокавы эфект, тлумачальныя надпісы… Вось далёка не поўны пералік асаблівасцей такой мастацкай творчасці.

/i/content/pi/cult/570/12503/12-2.jpg

Сяргей Каваль. "Наш двор".

Насуперак агульнай думцы, што ўлюбёным мастаком Сяргея Каваля павінен быць Пірасмані, ён назваў Пабла Пікаса. І гэта пры тым, што не толькі тэматычна, але і духоўна ўсёй сваёй сутнасцю ён увасабляе народныя ўяўленні аб выяўленчым мастацтве. Не дзіўна таму, што многія творы (а яны вельмі прасторавыя) прысвечаны сялянскаму жыццю, побыту. Неяк сапраўды па-дзіцячаму шчыра перадае ён сваё адчуванне роднай прыроды, больш дакладна — гармоніі з ёй. Яго вясковыя фантазіі рэалістычныя, хаця і стылізаваныя. Мне надаралася чуць ад аўтара прозвішчы, імёны тых, каго мы бачылі ў карцінах. Аднак майстэрства вольнай, нязмушанай кампазіцыі ў кожнай з іх проста захапляе. І тым не менш, адчуваецца менавіта тая цэласнасць, якую нельга парушыць. Маленькія, мініяцюрныя героі яго твораў, здаецца, надзелены толькі ім уласцівымі лёсамі, характарамі, — так і хочацца сказаць, ролямі, якія яны “выконваюць” у той ці іншай карціне. Варта нешта змяніць — і знікне ўся істотнасць задумы, увасаблення. А якая непасрэднасць, шчырасць, свабода! Не напісана, а выдыхнута чыстымі, адкрытымі колерамі. Рэдкія ўмоўныя цені толькі пацвярджаюць гэта…

Было б, аднак, наіўным лічыць яго наіўнае (даруйце за каламбур!) мастацтва абмежаваным ад усіх і ад усяго. Не толькі Пірасмані, але і многія іншыя славутыя мастакі прыгадваюцца, калі гартаеш прапанаваны на гомельскай выставе каталог “Святло і цені”. Дарэчы, усе 38 карцін гэтай экспазіцыі — з асабістага фонду бізнесмена Алега Хусаенава. Па прызнанні аднаго з куратараў выставы Ірыны Кандраценкі, першапачатковым варыянтам назвы было менавіта такое: “У пошуках каляднага настрою”. І тут трэба адзначыць, што вядомасць да Сяргея Каваля, які жыве ў Якімавай Слабадзе Светлагорскага раёна, прыйшла менавіта пасля таго, як ён стаў удзельнікам арт-праекта “Zabor” па выніках конкурсу, у якім прынялі ўдзел 94 мастакі. Яго вясёлыя, па-дзіцячы шчырыя творы вельмі добра ўпісваліся ў неабмежаваныя прасторы вулічных выстаў на працягу двух вандроўных гадоў па Беларусі. Не згубіліся яны і на выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі. Больш за тое, яму адвялі асобную залу, у якой размясціўся дзіцячы пакой, дзе валанцёры наладзілілі своеасаблівыя творчыя майстэрні, арганізавалі гульні і інтэрактыўныя экскурсіі для маленькіх наведвальнікаў. Зрэшты, вось што казала тады аб гэтым Ірына Кандраценка: “У нашай экспазіцыі ёсць цудоўны мастак-прымітывіст — Сяргей Каваль, працы якога літаральна прасякнуты духам дзіцячай творчасці. На яго палотнах шмат персанажаў, якія могуць быць цікавымі як дарослым, так і дзецям, і хутчэй — апошнім. Таму мы вырашылі зрабіць дзіцячую залу, у якой экспанаваліся карціны Сяргея, а дзеці змаглі сябе паспрабаваць у ролі юных мастакоў. Тут мы і прапанавалі розныя тэхнікі малявання. Да таго ж, вялікія кубы-пазлы далі магчымасць скласці адну з яго карцін “Стары Віцебск”, а малады рэжысёр Раман Бурмакоў спецыяльна для выставы “ажывіў” яе, зрабіўшы мультфільм. Дадам толькі, што дзякуючы гэтаму праекту Сяргей Каваль пабываў у Парыжы.

І вось адна з першых персанальных выстаў на Гомельшчыне. Яе можна назваць і рэтраспектыўнай, бо экспануюцца творы апошніх дваццаці гадоў. Можна лічыць яе і юбілейнай, бо нядаўна Сяргей Мікалаевіч адзначыў сваё 55-годдзе. Сцены палаца, якія прымалі мастакоў самага рознага кшталту, здавалася, прычакалі прасветлена шчырых, па-народнаму святочных увасабленняў. Але гартаю прыгаданы каталог і бачу, што асацыятыўная маштабнасць твораў — навідавоку. Гэтага не хавае і сам Сяргей Каваль. Вось некаторыя назвы яго карцін: ”Размова з прыяцелем Моцарта”, “Падарожжа ў нікуды” (інтэрпрэтацыя карціны Сальвадора Далі “Аптэкар з Фігераса, які не шукае абсалютна нічога”), “Першы снег. Сон Пірасмані ў “Райскім садзе” Босха”, “Падарожжа Хуана Міро і Пабла Пікаса ў Афрыку”. Гэта далёка не поўны пералік, бо прыгадваюцца такія славутыя мастакі, як Сар’ян, Мадзільяні, Суцін… Ён піша сваё бачанне карцін Цімура Сюдзана, Масанобы, Пікаса, прыгадвае Шэкспіра, Хэмінгуэя, прысвячае мастакоўскія фантазіі Анры Мацісу… Майстэрства Каваля настолькі натуральнае, што застаецца непрыкметным. А гэта яскравае сведчанне сапраўднай таленавітасці. Асабіста мне падалося, што многія яго карціны існавалі заўжды. Так думаў, калі ўзіраўся ў “Калядную ноч”, у “Сны майго горада”, “Райскі сад”, эскіз габелена “Венецыя”, “Касмічную адысею”, у партрэты жанчын розных краін свету.

Толькі пераканаўчы талент здолеў аб’яднаць такія ж тэматычна розныя творы гомельскай экспазіцыі, надаць ім неад’емную цэласнасць. Арганізатары выставы вельмі прафесійна паставіліся да таго, каб карціны выдатна дапаўнялі адна адну. Вось чаму “Сінагога на вуліцы Даўмана”, “Казкі Мірскага замка”, “Стары Віцебск”, “Чырвоны касцёл у Мінску”, “Нясвіж” або прысвячэнні Гомелю, Заслаў’ю спакойна суседнічаюць з тымі, на якіх бачым асацыятыўныя ўвасабленні пейзажаў з горада Бхудж, што на захадзе Індыі, ці Сурмы, або з поўдня Эфіопіі, ці з прасторы паміж Індыяй і Пакістанам… Геаграфічна разнастайныя і творы партрэтнага жанру. Яны прысвечаны маленькай персіянцы, мастакам Рыгору Данеляну, Амадэа Мадзільяні, Хаіму Суціну, Марку Шагалу, Ніка Пірасмані. І вядома ж, родным мясцінам (“Наш двор”, “Яблычны Спас”, “Стары Бабруйск”, “Вясковае вяселле”, “Калядная ноч”).

Сяргей Каваль сціпла называе сябе вясковым мастаком. Нават менавіта так падпісаў і адзін са сваіх аўтапартрэтаў, які экспануецца. Але мы ўжо ведаем сусветную асацыятыўнасць такой “вясковасці”. Я ж слухаў, углядаўся і прыгадваў экспромтную выставу, якую зрабіў Сяргей Каваль для нас пасля вяртання з Парыжа ў… двары свайго селішча. Вялізныя шматлюдныя карціны маляўніча “апранулі” сабой тады не толькі сцены хаты ды стопкі, але і браму, плот… Гледзячы на іх, міжволі думалася, што калі-небудзь, нарэшце, з’явіцца магчымасць паказаць творы Сяргея Каваля і ў Гомелі. І вось яна з’явілася…

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ, мастацтвазнаўца

Светлагорск