Віцебск, Гомель, Мазыр, Наваполацк

№ 4 (1234) 23.01.2016 - 29.01.2016 г


Віцебск / Жаніцьба Цярэшкі

У Віцебску адгрымела песнямі ды танцамі беларуская абрадавая гульня “Жаніцьба Цярэшкі”. Свята пяты раз ладзяць удзельнікі аматарскага этнаграфічнага аб’яднання “Поўнач”.

“Жаніцьба Цярэшкі” — архаічная абрадавая гульня каляднага цыклу, якая была распаўсюджана на поўначы Беларусі. Традыцыйна, калі Каляды толькі былі адсвяткаваны, хлопцы і дзяўчыны збіраліся ў вялікай вясковай хаце або карчме і праз танцы і песні гулялі жартаўлівае вяселле.

У некалькі спрошчаным варыянце абрад правялі і сёлета ў віцебскім клубе “Паддашак”. Пэўны час адводзіўся на папярэдняе знаёмства моладзі. Кожны мог паспрабаваць свае сілы ў народных гульнях і танцах са зменай партнёраў (музычны акампанемент — музыкі з Лепеля і Віцебска). Затым выбіралі “маці” і “бацьку” — гэтыя два чалавекі, якім астатнія ўдзельнікі вымушаны давяраць свой лёс. Традыцыйна яны абіраюцца з прысутных перад пачаткам гульні. Гэта людзі старэйшага веку ці больш дасведчаныя аднагодкі, якія добра ведаюць прыпеўкі і якім усе давяраюць.

“Маці” і “бацька” ў прыватным парадку апытвалі дзяўчын і хлопцаў пра пажаданых партнёраў, потым збіраліся разам і трымалі раду, каго з кім пажаніць. Зразумела, жаданні супадалі не на сто працэнтаў, але “бацькі” знаходзілі пару кожнаму. Пасля чаго адбывалася сакральная частка — сама жаніцьба. “Маці” і “бацька” з песнямі выцягвалі па чарзе пары і жанілі. Вяселле пад віскат і смех працягвася зноў, толькі кожны ўжо танчыў і граў, надаючы больш увагі сваёй цудоўнай “палове”.

Марына Булатоўская, удзельніца этнаграфічнага аб’яднання “Поўнач”, распавяла, што раней гульня была добра вядомая толькі на Лепельшчыне. Удзельнікі “Поўначы”, вывучаючы этнаграфію Віцебскага раёна, не маглі не звярнуць на яе ўвагі. Абрад аднаўлялі па кніжках, этнаграфічных звестках, таксама ездзілі ў экспедыцыі ў Лепель, дзе гэта традыцыя не перапынялася: там Цярэшку жэняць ужо каторы год.

Дарэчы, сёння намаганнямі энтузіястаў абрад становіцца вядомым і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Ён — гумарны і вясёлы, таму вельмі падабаецца моладзі. Акрамя таго, гэта спроба аднавіць тое, што можа быць актуальным для сучаснасці. Раней Цярэшку жанілі, каб нежанатая моладзь магла пазнаёміцца, прыглядзецца адно да аднаго, а потым, магчыма, і перасватацца. Але ж і цяпер існуе такая патрэба — даволі вострая.

Абрадавая гульня “Жаніцьба Цярэшкі” прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі, апроч таго, яна прапанавана ад нашай краіны да занясення ў спіс сусветнай нематэрыяльнай спадчыны UNESCO.

Алена МАЧУЛЬСКАЯ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ


Гомель / У нас нават сцены гучаць

Нашай дзіцячай бібліятэцы — філіялу № 12 імя Самуіла Маршака ў студзені споўнілася 50 гадоў. За гэты час шмат змянілася. Але ўстанова нязменна рабіла галоўнае: далучала дзяцей да кнігі, чытання, вучыла мысліць і марыць.

Да постаці Маршака ў нас стаўленне — асобае. Для дашкалят распрацаваны цыкл мерапрыемстваў “Чытаем Маршака”. Уласнымі сіламі выдалі кніжку “Малюем герояў Маршака”, дзе сабраны лепшыя дзіцячыя творы. Летась бралі ўдзел у міжнароднай акцыі “Дзень паэзіі Маршака ў дзіцячых бібліятэках”. Чытачы вельмі здзівіліся, калі пабачылі нас удзельнікамі тэатралізацыі верша “Багаж”. Да акцыі прымеркавалі адкрыццё хола пісьменніка “Тут нават сцены гавораць вершамі Маршака”.

А наш Дзень птушак! Адзначаем яго штогод, бо ўвага экалагічнаму выхаванню — першачарговая. Лічу, што ўнікальныя і нашы аматарскія аб’яднанні: бібліяшкола “Чытайка” і гурток аматараў чытання "Кніжны сад". Важнейшым лічым і патрыятычнае выхаванне. Урокі памяці, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, у нас рэгулярныя.

Падчас канікул школьнікі-чытачы — у нас. Толькі летам нашы мерапрыемствы наведала больш за 800 дзяцей са школьных летнікаў. Чытальная зала мае інфармацыйны пакой, дзе ёсць часопісы, наборы для малявання. Да дзяцей часта прыходзіць моладзь. Агульныя інтэлектуальна-забаўляльныя гульні вучаць наладжваць зносіны, развіваюць творчыя здольнасці.

У выніку бібліятэку штогод наведвае каля чатырох тысяч чытачоў.

Наталля БУГРЫНЕЦ, загадчык дзіцячай бібліятэкі-філіяла № 12 імя Самуіла Маршака

 

Мазыр / Хто лепшы дызайнер?

Напрыканцы мінулага года Мазырская дзіцячая школа мастацтваў напоўнілася персанажамі казак і фантастычных гісторый — так пачаўся фінал конкурсу на лепшы маскарадны касцюм з другасных матэрыялаў “Юны дызайнер”.

Традыцыя конкурсу закладзена ў 2002 годзе. Мы імкнуліся не толькі падвесці вынікі другой навучальнай чвэрці па дысцыплінах “Дэкаратыўная кампазіцыя” і “Папяровая пластыка”, але і звярнуць увагу на экалогію навакольнага асяроддзя. Маскарадны касцюм трэба было зрабіць з цэлафану, нітак і паперы. Але фантазія канкурсантаў не мела межаў: у ход пайшлі пластыкавыя стаканчыкі, абгорткі ад цукерак… Конкурс ладзім разам з супрацоўнікамі Інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

З часам заданні значна ўскладніліся. Школьнікі ўздымаюцца да ўзроўню мадэльернага мастацтва. Цягам двух месяцаў яны спасцігаюць навуку аб’ёмнага канструявання. Шукаюць новыя ідэі і матэрыялы. Потым ажыццяўляюць ідэю ў эскізе. Чарговы крок — выхад на подыум. Дэфіле вырашае, хто лепшы ў трох узроставых катэгорыях. Ацаніце, як летась называліся асобныя касцюмы: “Чорна-белае кіно”, “Анёлы Радасць ды Смутак”, “Танец для маленькай елачкі”!..

У першай узроставай катэгорыі лепшымі сталі Віта Бакавец, Мікіта Бароўскі, Віялета Новікава; у другой — Ангеліна Камнацкая, Валерыя Басак, Настасся Трэгуб. Сярод старшакласнікаў лепшымі сталі Лізавета Краўчанка, Элеанора Шарынец, Дар’я Шаўчэнка і Ганна Вараб’ёва. А Гран-пры атрымала Аліна Гаеўская.

Навучэнцы школы гэтымі днямі прыступілі да падрыхтоўкі чарговага конкурсу.

Вольга КАВАЛЬЧУК, настаўнік Мазырскай ДШМ

 

Наваполацк /Фестывалі, фестывалі…

Удзельнікі эстраднай студыі “8-я нота”, якой пры РЦК кіруе Святлана Барыла, прынялі ўдзел у IV Міжнародным фестывалі вакальнага мастацтва “Салют талентаў” у Мінску. Салістка Ксенія Вашчанка прывезла ў Наваполацк дыплом першай ступені і кубак.

Вакал, выканаўчае майстэрства, сцэнічная культура і сцэнічны вобраз Ксеніі атрымалі найвышэйшыя ацэнкі журы.

Ёсць пры РЦК і вакальны гурт “Фортэ”. Кіруе ім Інна Дзявятнікава. 12 студзеня калектыў прыняў удзел у І адкрытым міжнародным фестывалі-конкурсе “Калядныя сустрэчы” ў Мінску. І зноў поспех! Наш вакальны гурт стаў уладальнікам лаўрэацкага дыплома трэцяй ступені ў намінацыі “Эстрадны 
вакал”.

Кіраўнік Наваполацкага РЦК Валянціна Кішчанка распавядае «К», што, калі ёсць таленты сярод дзяцей і сярод кіраўнікоў-настаўнікаў, вынік заўжды будзе важкім.

Наш кар.