Каб класіка гучала на сяле

№ 14 (832) 05.04.2008 - 11.04.2008 г

28 сакавіка адбылося пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Падведзены вынікі леташняга рэспубліканскага спаборніцтва на лепшую арганізацыю работы ўстаноў культуры і мастацтва па канцэртным і тэатральным абслугоўванні сельскага насельніцтва. Як вядома, у ім бралі ўдзел тэатральныя і канцэртныя арганізацыі, установы адукацыі ў сферы культуры і мастацтва, установы клубнага тыпу.

За мінулы год у сельскай мясцовасці арганізавана больш за 100 тысяч канцэртаў, спектакляў, тэатралізаваных свят, абрадаў і прадстаўленняў. Пераважная іх большасць — амаль 90 тысяч — прайшла ў клубах. Як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці МК Віктар Маліноўскі, колькасць спектакляў і канцэртаў у параўнанні з 2006 годам павялічылася летась больш чым на 10 тысяч. Лепшыя паказчыкі — па Гомельскай вобласці. Тут праведзена 1250 мерапрыемстваў, на якіх пабывала 237 200 вяскоўцаў. Важкі ўклад у дасягненне гэтага паказчыка ўнеслі Гомельская абласная філармонія (682 канцэрты — 136 тысяч наведвальнікаў) і Гомельскі абласны драмтэатр (287 спектакляў — 63,3 тысячы гледачоў).

Другое месца заняла Магілёўшчына. Трэцяе падзялілі Віцебская і Брэсцкая вобласці. Пры гэтым Віцебшчына дамаглася прагрэсу па ўсіх паказчыках спаборніцтва, а Брэстчына знізіла выніковасць як тэатральных і канцэртных арганізацый, так і клубных устаноў.

Пры нязначным прагрэсе ў дзейнасці клубаў і ўстаноў адукацыі ў сферы культуры і мастацтва тэатральныя і канцэртныя арганізацыі Міншчыны не дасягнулі пазамінулых паказчыкаў, што адкінула вобласць на апошняе месца з недаравальна нізкай выніковай сумай балаў.

Па рэспубліцы колькасць спектакляў і канцэртаў, паказаных сельскім жыхарам тэатральнымі і канцэртнымі арганізацыямі абласнога падпарадкавання, павялічылася з 2678 да 2751. Гэтыя мерапрыемствы летась наведалі 435 127 жыхароў сяла, што на 32 813 менш, чым у 2006 годзе.

У арганізацыі тэатральна-канцэртнага абслугоўвання клубнымі ўстановамі найбольш вызначыліся Магілёўская і Гомельская вобласці, а Брэсцкая і Гродзенская знізілі колькасць мерапрыемстваў у разліку на клубную ўстанову. Увогуле ж па рэспубліцы колькасць мерапрыемстваў у разліку на адну клубную ўстанову павялічылася.

Самыя актыўныя мастацкія калектывы ўстаноў адукацыі таксама на Магілёўшчыне: імі праведзена амаль 2 тысячы канцэртаў і спектакляў.

На пасяджэнні было адзначана, што сярод тэатральна-відовішчных арганізацый рэспубліканскага падпарадкавання вынікова спрацавала летась Белдзяржфілармонія, якая арганізавала ў сельскай мясцовасці 147 канцэртаўдля 33,9 тысячы гледачоў.

Добрыя паказчыкі ў Нацыянальнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі РБ (54 канцэрты і 51,3 тысячы наведвальнікаў) і Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа (15 выязных спектакляў наведалі больш за 2 тысячы гледачоў)...

На пасяджэнні калегіі былі падведзены таксама вынікі агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю аховы працы і прафілактыкі вытворчага траўматызму. Як паведаміў начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння МК Віктар Рымашэўскі, летась у падпарадкаваных Міністэрству ўстановах зафіксавана 6 выпадкаў вытворчага траўматызму, у 2006 годзе — 10. Зніжэнне (40 працэнтаў) — адзін з лепшых паказчыкаў у рэспубліцы сярод галін народнай гаспадаркі. Разам з тым у арганізацыях не завершана штогадовая пашпартызацыя санітарна-тэхнічнага стану, не ўсе работнікі праходзяць папярэдні і перыядычны медыцынскія агляды.

У аглядзе-конкурсе прынялі ўдзел 5680 арганізацый. Пераможцамі ў намінацыі “Лепшая ўстанова культуры камунальнай формы ўласнасці па ахове працы і прафілактыцы вытворчага траўматызму” сталі Сеніцкі цэнтр культуры аддзела культуры Мінскага райвыканкама, Віцебская абласная філармонія, Брэсцкі тэатр драмы і музыкі імя Ленінскага камсамола Беларусі. У намінацыі “Лепшы аддзел культуры” — аддзелы культуры Кобрынскага, Валожынскага райвыканкамаў і Аршанскага гарвыканкама. Сярод упраўленняў лепшымі названы ўпраўленні культуры Віцебскага, Мінскага і Гродзенскага аблвыканкамаў. У намінацыі “Лепшая арганізацыя культуры рэспубліканскай формы ўласнасці” адзначаны па ахове працы і прафілактыцы траўматызму Нацыянальная бібліятэка Беларусі, “Мінскрэстаўрацыя”, Нацыянальны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь...

У ходзе пасяджэння заслухана інфармацыя начальніка эканамічнага ўпраўлення МК Вольгі Кананюк пра выкананне ў студзені — лютым гэтага года асноўных мэтавых паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, устаноўленых Міністэрству. У студзені тэмп росту рэалізацыі платных паслуг у супастаўных цэнах склаў 112,5 працэнта пры плане 112. Забяспечылі выкананне плана ўстановы культуры Віцебшчыны, Магілёўшчыны і Мінска. Ніжэй за прагнозны паказчык спрацавалі ў Брэсцкай (107,1 працэнта), Гомельскай (109,2), Гродзенскай (104,2) і Мінскай (111,4 працэнта) абласцях. Прычына — зніжэнне колькасці спектакляў, канцэртаў, сярэдняй запаўняльнасці глядацкіх залаў і колькасці музейных наведвальнікаў.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ