Аўдыя & Відэа-22

№ 4 (1234) 23.01.2016 - 29.01.2016 г

Снежаньскія аўдыя/відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць праграмны дырэктар “Радыё “АНТ” Андрэй ХАЛАДЗІНСКІ (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

/i/content/pi/cult/570/12488/9-2.jpgАўдыя

Гурт “Vuraj”, міні-альбом “Шэсць загадак”

А.: Беларускай аўтэнтыкі не так і шмат гучыць у нашым FM-эфіры. І не таму, што віной праславуты “фармат”. Усё ж такі гэты від музычнага мастацтва, калі гэта мастацтва, прадугледжвае больш удумлівае праслухоўванне, чым яго (мастацтва) укліньванне паміж песнямі Стаса Міхайлава і Аляксандра Саладухі. Гурт жа “Vuraj”, на мой погляд, самым натуральным чынам глядзеўся б на фестывалях або ў рамках уласных сольных канцэптуальных канцэртных праграм. Аддаючы належнае густу гэтых артыстаў, асабіста мне вось так проста ўслухоўвацца ў іх творчасць, без візуальнай карцінкі, цяжкавата.

В.: Тры перапрацоўкі (ад удзельнікаў гурта) і самі тры гэтыя аўтэнтычныя песні (ад трох бабуль з Заходняга Палесся). Да таго, што выконвае “Vuraj”, я стаўлюся ў цэлым спакойна, не падзяляючы асобныя захапленні некаторых маіх калег-журналістаў у адрас гэтага калектыву. Разважаючы вельмі прымітыўна, а чым ён адрозніваецца ад дзясяткаў іншых айчынных праектаў, што капаюць беларускую этніку ўглыб і ўшыркі з рознай ступенню таленту, паспяховасці і запатрабаванасці? Тым, што лідар-вакал у ім — мужчынскі (у асноўным на такой “пасадзе” ў нашых фольк-гуртах — дзяўчыны). У астатнім… Асаблівага эксклюзіву, асаблівых адкрыццяў я не чую. Не пачуў і ў гэтым рэлізе, ужо прабачце.

Гурт “Фляўс і Кляiн”, альбом “Тэставанне тагасветнага гiдраровара ў шматвымернай прасторы”

A.: Да клону на тэму знакамітага “Аукцыона” я заўсёды ставіўся з ладнай доляй іроніі. І па музыцы беларусы выглядалі бяднейшымі, і ў пераважную частку тэкстаў гурта без стымулюючых мозг напояў “уехаць” было нялёгка, і сцэнічна калектыў глядзеўся як не першае “падабенства” каманды Леаніда Фёдарава. І вось “Фляўс і Кляін” пасля працяглага перапынку вярнуліся з новым альбомам, які абсалютна дакладна адказвае першым двум вышэйпададзеным маім прэтэнзіям.

B.: Наваполацк у дачыненні да року заўсёды быў некалькі не з гэтага свету (беларускага музычнага, вядома ж), таму доўгая і незвычайная назва альбома мяне не ўразіла. Здзівіла ж прыемна тое, што калектыў, якi некалі цікава стартаваў у айчыннай альтэрнатыве, узмужнеў на фірмовых шоу-праграмах у духу пецярбургскага “Аукцыона”, а гадоў пяць таму практычна знік з роднага культурнага далягляду, аказваецца, жывы. Так, рэлізу гэтаму столькі ж, колькі і прайшло часу з моманту знікнення каманды з радараў: прынамсі, большай частцы матэрыялу альбома (а, скажам, хіт “Партовая”, па-мойму, нават выдаваўся). Ды ансамбль пакуль яшчэ канчаткова не вызначыўся, ці варта яму ўступаць другім разам у тую ж ваду. Але калі работа афіцыйна выдадзена, значыць, планы сякія-такія на сваю агульнаю творчую будучыню ў музыкантаў ёсць. І канкрэтны бэкграўнд маецца, ад якога можна адштурхнуцца: мікст нервовых трэкаў з, напрыклад, фанкавымi смакоццямі (“Імправізацыя ў сінтэтычным парку” або лабавы баявік “Будучыня”), поп-рок-кампазіцый і мілых рэмінісцэнцый, як, дапусцім, “ютушная” дарожка “Дыяганалі, падобныя на брытанскі сцяг”. Ну і таго самага, “не з гэтага свету...”, у гэтага выдатнага гурта ў тэкстах хапае.

Гурт “Studio Neman”, альбом “Маленне за Беларусь”

A.: Вядома, гэты рэліз не варта разбіраць папесенна. Перад намі — класічны канцэптуальны праект, у якім галоўнае месца займаюць вершы Рыгора Барадуліна. Музыка тут, прычым музыка класная, дарослая, мудрая, высокапрафесійная, носіць усё ж крыху падначалены тэкстам характар. І гэта той жа варыянт, калі нетраплянне ў радыёфармат (маю сумневы, што трэкі альбома масава загучаць у FM-эфіры) прадыктавана не капрызам праграмных дырэктараў станцый, а тым, што прадукт гэты лепш слухаць цалкам. Адзіная заўвага з майго боку — чалавека, выхаванага, у тым ліку, і хард-рок-операмі: на месцы музыкантаў асобныя аранжыроўкі я б зрабіў “паграмчэй”, больш рэзка.

B.: Праект Аляксандра Віслаўскага, вядомага па працы ў многіх калектывах (у тым ліку ў “Песнярах”), запісаў альбом на вершы Рыгора Барадуліна. У прынцыпе, дадзены рэліз і мае відавочны адсыл да таго, што рабілі Мулявін і кампанія, калі выдатны ансамбль звяртаўся да буйных форм. Арт/джаз-рок з не “крымінальна” акцэнтаванай рытм-секцыяй, у сваёй аснове досыць мяккі. Думаецца, гэтая работа больш пасуе менавіта сцэнічнаму ўвасабленню: прапісаць нейкія драматургічныя маналогі з дыялогамі (запазычыць нешта такое са спадчыны Рыгора Іванавіча), аформіць іх разам з песнямі ў адзіны сюжэт — і вось вам рок-опера, якую ў год 75-годдзя Уладзіміра Мулявіна можна будзе пракаціць па краіне. Ці ёсць такія дзёрзкія задумы? А калі ёсць, ці паспеюць іх ажыццявіць у сціслыя тэрміны? А што тады чакае пастаноўку ў будучыні-будучыні, залежыць ад майстэрства тых, хто возьмецца яе рэалізаваць. Нешта мары ў мяне ажно за край...

Відэа

Гурт “Znich”, кліп на песню “Дунаю”

А.: Стары мой сябрук Алесь Таболіч кінуўся ў паган-метал-філасофстваванне. Гэта не тычыцца саўнду — звычайнага хэві-навала, а адносіцца да тэксту (“Не вайне!” — так абагульніў бы змест у двух словах) і да сюжэту роліка. Антымілітарысцкі відэашэраг не ўтрымлівае ў сабе нейкіх рэжысёрскіх знаходак, за выключэннем кранальнага дыялогу (песеннага і маўклівага) Алеся са сваім бацькам. Трэк таксама не павінен увайсці ў “залаты фонд” гурта “Znich”. Нармальна — і тое, і другое.

В.: Чорна-белае відэа, у якім, акрамя музыкантаў гурта і, натуральна, яго фронтмэна Алеся Таболіча можна ўбачыць яго бацьку — вядомага мастака. І шаманяць яны над нашай планетай, поўнай вар’яцтваў і бітваў, і валіць брутал “Znich”, і спявае пра тое, што свету патрэбен мір, а самалёты ўсё роўна ляцяць, нахіляюцца ўніз, і танкі ціснуць гусеніцамі зямлю, і гінуць, гінуць, гінуць людзі. Бессэнсоўна і з сэнсам, у імя каштоўнасцяў непарушных і з-за капрызу тых, хто паслаў іх на смерць. І так будзе. Самы пранізлівы кадр роліка — бліжэй да фіналу: калі адзін герой кліпа, Алесь, нібы развітваючыся назаўсёды, з сумам у вачах акідвае позіркам бераг ракі і выпраўляецца на вайну, а другі персанаж, тата артыста, кідае ў вогнішча “балаклаву”. А над воднай роўняддзю раве паган-метал...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"