Маладзёжны. Перазагрузка

№ 3 (1233) 16.01.2016 - 22.01.2016 г


/i/content/pi/cult/569/12486/13-2.jpgВіктар СТАРАВОЙТАЎ, генеральны дырэктар Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра:

— Прэміяй адзначана плённая работа нашага калектыву на працягу апошняга года. Ён стаў для нас знакавым, бо пасля зацягнутых вандраванняў па чужых пляцоўках, у лістападзе 2014 года трупа выйшла на сцэну свайго дома — шыкоўнага будынка на вуліцы Казлова. Новы сезон мы адкрылі прэм’ерай “Саня, Ваня, з імі Рымас” Уладзіміра Гуркіна. Пасля мы выпусцілі шэраг дастаткова незвычайных спектакляў, якія прыцягнулі ўвагу звычайнага гледача, выклікалі рэзананс у коле тэатральнай грамадскасці і атрымалі высокую адзнаку ў крытыкаў.

Цягам пяці гадоў, пакуль ішла рэканструкцыя, тэатр знаходзіўся ў вымушаным прастоі. У гэты час амаль не выпускалі прэм’ер, бо не зусім лагічна прасіць і траціць грошы пад невядомую пляцоўку… Увесь калектыў актыўна ўдзельнічаў у рэканструкцыі гэтага будынка — вельмі хацелася наблізіць дату пераезду пад свой дах. Новая сцэна падарыла тэатру сапраўдны творчы ўздым!

Маладзёжны ў першую чаргу адметны сярод іншых сталічных тэатраў тым, што ён стаў своеасаблівай пляцоўкай для прафесійных пошукаў самых разнапланавых рэжысёраў. Іскандэр Сакаеў, Таццяна Аксёнкіна, Генадзь Мушперт, Максім Астаф’еў, Сяргей Анцалевіч, Міхаіл Ягораў — кожны з іх мае свой непаўторны погляд на сучаснае тэатральнае мастацтва, а іх пастаноўкі дапамаглі адкрыць новыя бакі таленту нашых акцёраў. Мы імкнёмся не згубіць з імі творчыя сувязі, прынамсі, пасля паспяховай прэм’еры запрасілі спадарыню Аксёнкіну працягнуць супрацоўніцтва з нашым тэатрам на пасадзе рэжысёра-пастаноўшчыка.

Мы не адмовіліся ад старых спектакляў, адаптаваўшы іх пад тэхнічныя магчымасці сучаснай сцэны. Напрыклад, “Звычайную гісторыю” Івана Ганчарова калісьці рыхтавалі для выездаў, таму і дэкарацыі былі зборнымі, мабільнымі. Пасля ўлазін мы шмат чаго дадалі, рэалізавалі тое, на што не маглі пайсці ва ўмовах “кватаравання” па чужых вуглах. І да гэтага моцны спектакль сёння зайграў новымі фарбамі. Пагадзіцеся, “люстра” сцэны ў 11 метраў, дзевяціметровае паваротнае кола, найноўшае светлавое абсталяванне сапраўды дапамагаюць пастаноўшчыкам рэалізаваць найскладаныя задумы.

Зараз тэатр актыўна ўдзельнічае ў міжнародных фестывалях: “Чэхаў. Камедыя. Чайка” запрашалі летась на “ТэАРТ”, у нашай зале праходзіла адкрыццё II Маладзёжнага тэатральнага форуму краін Садружнасці, Балтыі і Грузіі. Ды самі не сядзім на месцы: летась чатыры разы вывозілі ў Літву свае лепшыя спектаклі, неаднойчы былі ў Латвіі, дзе выступленні праходзілі пры поўных залах і атрымалі добрую крытыку. Нарэшце, у Прыбалтыцы шыкоўна прымаюць нашы дзіцячыя пастаноўкі, нават спецыяльна запрашалі на перадкалядныя тыдні! І мы годна вытрымліваем канкурэнцыю са шматлікімі мясцовымі калянавагоднімі імпрэзамі, стала збіраючы аншлагі.

Пры тэатры дзейнічае маладзёжны цэнтр. Гэта структурнае падраздзяленне займаецца сувязямі з грамадскасцю, праводзіць творчыя сустрэчы тэатральных дзеячаў са студэнтамі, арганізуе прэс-паказы, ладзіць сумесныя праекты з мастацкім каледжам імя Глебава, Акадэміяй музыкі, музычным каледжам імя Глінкі. Зрэшты, студэнты апошніх устаноў час ад часу спецыяльна для нас рыхтуюць цэлыя праграмы, якія выконваюць у Ёлачным фае перад пачаткам спектакля.

Мы ганарымся, што маем моцную трупу, якая прадстаўлена акцёрамі розных узростаў, непадобных амплуа, што дае магчымасць ажыццявіць на нашай сцэне амаль любую задумку. Магчыма, таму мы не адчуваем недахопу ў прапановах ад рэжысёраў. Мастацкі савет тэатра мае добры запас п’ес для разгляду, а план па прэм’ерах распісаны на ўвесь 2016 год. Восенню Маладзёжны адкрые 30-ы тэатральны сезон. Да значнай даты мы падыходзім на добрым творчым уздыме.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"