Год культуры павінен быць такім…

№ 3 (1233) 16.01.2016 - 22.01.2016 г

Перад тым, як распавесці пра музычную адметнасць вёскі Аношкі, што ў Нясвіжскім раёне, неабходна згадаць старшыню колішняга мясцовага калгаса Міхаіла Саленіка. Першае з другім узаемазвязана самым шчыльным чынам. Дарэчы, другім Саленіка і называць неяк няёмка. Толькі першы. І ў стаўленні да культуры, і ў асабістым разуменні таго, якім павінен быць сучасны кіраўнік. Шкада толькі, што сярод нас няма ўжо гэтага чалавека.

/i/content/pi/cult/569/12485/13-1.jpgДык вось, менавіта па ініцыятыве старшыні калгаса “Новае жыццё” ў 1986 годзе ў Аношках утвараецца калгасная Дзіцячая музычная школа. Кіраўнік сельскай гаспадаркі выдаткоўвае будынак, купляе музычныя інструменты і нотныя выданні, забяспечвае настаўнікаў заробкам. Дарэчы, здабываць музычныя інструменты дапамагаў тады колішні старшыня Нясвіжскага райвыканкама Фёдар Прывалаў. Назваць гэта спонсарствам ці мецэнацтвам язык на паварочваецца. А пра што ж тады гаворка? Ды пра нармальнае бачанне перспектыў! Дзеці даярак і механізатараў павінны мець эстэтычнае выхаванне, павінны ўмець думаць і ўласнымі рукамі рэалізоўваць свае мары. Вось такая невялічкая прэамбула, якая на пачатку Года культуры прымушае задумацца над многім…

Пасля перабудовы ДМШ пераўтаварылася ў школу мастацтваў і перайшла на баланс тагачаснага аддзела культуры. Нязменна кіруе ёй Віктар Высоцкі. На сёння тут вучыцца 120 дзяцей. Ёсць харэаграфічны калектыў, духавы аркестр, вакальны гурт. Але гаворку мы павядзем пра ўзорны ансамбль народнай музыкі “Аношкаўскія музыкі”, які дзейнічае з 1997 года. У ягоным складзе цяпер — Арцём Шаўчэнка, Мікіта Брытвіч, Антон і Ягор Антановічы, Валерый Дыдышка, Дзяніс Булло, Уладзіслаў Юрашчык, Аляксей Акулік, Арцём Дзеравяга. Усе яны — гарманісты. А кіруе імі выкладчык школы Аляксей Андросік.

“Аношкаўскія музыкі” — гэта тое, пра што і марыў старшыня калгаса “Новае жыццё”. Разняволеныя мастацтвам хлопцы, няма ў іх творчасці месца хаосу, а спрэс — гармонія. Дырэктар ДШМ Віктар Высоцкі распавядае: “Ансамбль у аснове сваёй — інструментальны, але мы вырашылі, каб хлопцы вучыліся і харэаграфіі. Гэта вельмі дапамагае ім трымацца на сцэне, весці канцэртны “расповед” пры дапамозе не толькі нот, але і рухаў”. Пасля такой тэорыі называць практыку “Аношкаўскіх музыкаў” самадзейнай — ніяк не выпадае.

І яшчэ адна немалаважная дэталь. Стратэгію і тактыку (а значыць — і канчатковы поспех) гэтай практыкі вызначае мастацкі кіраўнік узорнага ансамбля Аляксей Андросік. Ён сам калісьці граў у гэтым калектыве, бо вучыўся ў той самай школе. Потым набыў спецыяльную адукацыю і стаў выкладчыкам. Мае цяпер цвёрдае меркаванне: залог поспеху — рэпертуар. А народная музыка ў належным выкананні — таксама бывае хітовай. Між іншым, належнае выкананне — гэта калі ад шырокай народнай душы. Пры такой умове не толькі рукі па ладах лётаюць, але і ногі па сцэне.

У дырэктара школы Віктара Высоцкага — таксама свая тактыка са стратэгіяй: пэўная частка навучэнцаў рыхтуецца цяпер замяніць “ветэранаў” “Аношкаўскіх музыкаў”. Вось так калектыў і не старэе з 1997 года. І кожны з іх насычаны гастролямі. Гарманісты з Аношак зрывалі апладысменты ад слухача французскага, нямецкага, турэцкага, польскага, літоўскага, эстонскага. А ў 2005-м калектыў стаў стыпендыятам прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. Хтосьці скажа, яны ж не столькі вучацца, колькі гастралююць. На гэта ў кожнага з “…Музыкаў” (сённяшніх і будучых) ёсць канкрэтны адказ: “Любы канцэрт — тая ж вучоба, бо вынікам яе — пастаянны іспыт”. А цяпер падумайце, ці захоча чалавек з вуліцы вучыцца, калі экзамены — ледзь не штомесяц?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"