Гісторыя “Брамы памяці”

№ 3 (1233) 16.01.2016 - 22.01.2016 г

Скульптурная кампазіцыя “Брама памяці”, якая з’яўляецца візуальнай і сэнсавай дамінантай мемарыяльнага комплексу “Трасцянец”, без сумневу, увойдзе ў аналы гісторыі беларускага манументальнага мастацтва. Прычым, што самае важнае, зусім не толькі сваімі беспрэцэдэнтна вялікімі памерамі. Ці не ўпершыню такі знакавы аб’ект — які, да ўсяго, раскрывае надзвычай складаную і балючую тэму, — даверылі прадстаўніку новага пакалення беларускіх скульптараў. Мяркуючы па водгуках прафесіяналаў і простых гледачоў, 35-гадовы Канстанцін КАСЦЮЧЭНКА з задачай справіўся. Але перад тым, як ягонае прозвішча патрапіла ў спіс лаўрэатаў спецыяльнай прэмііі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, было ажно восем гадоў карпатлівай работы над творам. Яго гісторыю распавядае сам аўтар.

/i/content/pi/cult/569/12484/12-3.jpg

Канстанцін Касцючэнка ля праекта "Брама памяці". / Фота Юрыя ІВАНОВА

— Патрапіўшы ў Творчыя майстэрні жывапісу, графікі і скульптуры, якія называлі своеасаблівай “аспірантурай” для нядаўніх выпускнікоў Акадэміі, я атрымаў магчымасць удасканаліць сваю аўтарскую манеру, няспешна ды ўдумліва працуючы над сур’ёзным творам. Вось тады, у 2007 годзе, і была запачаткавана “Брама памяці”. У майстэрнях мне вельмі дапамаглі настаўнікі. Можна нават сказаць, што яны наўпрост удзельнічалі ў стварэнні работы.

Найперш — Міхаіл Савіцкі. Як вядома, пакуты вязня канцлагера былі ягоным уласным жыццёвым досведам, і эмоцыі тых людзей, якія спазналі на сабе гэтае гора, перадаваліся мне літаральна ад першай асобы. Затым — мой непасрэдны кіраўнік, знакаміты скульптар Леў Гумілеўскі. Цяжка падлічыць, колькі я пачуў ад яго карысных парадаў ды заўваг.

Нехта думае, нібы ў тых майстэрнях мы маглі рабіць усё, што заўгодна, не трымаючы ніякіх справаздачаў. Магу запэўніць: кожныя паўгода да мяне прыходзіла камісія, якая адсочвала ход маёй работы ды ацэньвала вынікі. І калі ў 2010 годзе быў абвешчаны конкурс на стварэнне манументальнай кампазіцыі ў Трасцянцы, мой твор ужо папраўдзе “саспеў”.

Конкурс быў выйграны. Цягам чатырох гадоў вялася работа з архітэктарамі — і найперш кіраўніком творчага калектыву Ганнай Аксёнавай — па планіроўцы і прывязцы манументальнага твора. Лічу, сумеснымі намаганнямі нам удалося знайсці вельмі ўдалае рашэнне.

Далей — Рэспубліканскі манументальны савет. Разглядаючы рабочую мадэль, яго члены прапанавалі ўнесці пэўныя карэктывы. Напрыклад, у першапачатковым варыянце эскіза тыльны бок помніка я планаваў выканаць у выглядзе раскрытай Бібліі. Але ў выніку дыскусій было вырашана таксама напоўніць яго фігуратыўнай пластыкай — не толькі для большай выразнасці, а яшчэ і з той прычыны, што ў Трасцянцы загінулі людзі самых розных рэлігійных перакананняў. З такой заўвагай я пагадзіўся. А вось задуманы памер манументальнага твора ўдалося адстаяць — хаця былі прапановы зменшыць яго разы ў два. Перакананы, што дзесяціметровы помнік у дадзеным выпадку — цалкам апраўданы: ён выразна прачытваецца нават на вялікай адлегласці, нібы “ствараючы” вакол сябе прастору.

Урэшце, рабочая мадэль была прынята. Але тут пачалося ці не самае складанае — павелічэнне да натуральнага памеру. Тэрміны былі вызначаны даволі сціслыя, і працавалі мы з цэлай групай іншых скульптараў. Вельмі доўга шукалі памяшканне: па сутнасці, нам быў патрэбны сапраўдны ангар з вышынёй столі не менш за 11 метраў і магчымасцю аглядаць работу на пэўнай адлегласці. У выніку нанялі завадскі цэх у Дражні. Ацяпленне там было прадугледжана, але за ўсю гісторыю таго будынка яно ніколі не працавала. Для нас пагадзіліся зрабіць выключэнне, і пакуль ішлі наладкі, мы распачалі працу.

А тут — падмарозіла. Гліна часткова складаецца з вады, якая, натуральна ж, мае ўласцівасць пераўтварацца ў лёд. Менавіта гэта і здарылася з адной з “весніц” нашай брамы. Яе давялося, фактычна, рабіць наноў — пасля таго, як ацяпленне ўжо запрацавала. А ў моцныя маразы, калі тэмпература апускалася ніжэй за звычайныя для таго цэха 3 — 4 градусы, мы ратавалі работу з дапамогай цеплавых гармат.

Наступная стадыя — адліўка. Работа адлівалася невялікімі кавалкамі па 50 — 70 см адначасова на двух заводах і потым складалася не раўнуючы бы вялізны пазл. Адначасова будаўнікі рыхтавалі падмурак. У зямлі ўсталявалі шасціметровыя бэлькі, здатныя вытрымліваць нагрузку у шэсць разоў болей, чым вага манумента. І ўрэшце — мантаж, які нагадваў зборку вялізнага канструктара.

Паспелі своечасова, зрабілі якасна… Атрыманым вынікам я задаволены. А гэта — плён працы дзясяткаў і соцень людзей: ліцейшчыкаў, мантажнікаў, інжынераў…

Падчас маштабнага адкрыцця, калі ўсе хваляванні ўжо засталіся ў мінулым, я покрадкам назіраў за рэакцыяй гледачоў. Як падаецца, мне ўдалося перадаць тыя эмоцыі, якія хацеў перадаць. А для мастака гэта — самае галоўнае.

Аўтар: Ілья СВІРЫН
Галоўны рэдактар газеты "Культура"