Драйв і праца душы

№ 3 (1233) 16.01.2016 - 22.01.2016 г


/i/content/pi/cult/569/12477/7-2.jpgВалянціна ЕРАНЬКОВА, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага:

— Я шчыра рада гэтай высокай узнагародзе, бо яна насамрэч не толькі ацэньвае работу ўсяго тэатра, але і сімвалізуе наша прызнанне Уладзіміру Мулявіну, асобе якога прысвечаны спектакль “Пясняр”. Адначасова гэта і падзяка гледачам, якія горача падтрымалі прэм’еру.

Пасля кожнага паказу мы чуем шмат добрых слоў. Адна жанчына кажа: “Я ўжо чатыры разы глядзела, сёння прывяла сяброўку — тая палову дзеі сядзела з валідолам, так перажывала за героя і ягоны лёс”. У наш няпросты час гэты спектакль выклікае ў людзях пачуццё патрыятызму, гонару за нашу краіну, беларускую культуру, папулярызуе творчасць нацыянальных паэтаў і пісьменнікаў, вымушаючы зазірнуць у кнігу, а не адно ў Інтэрнэт. Ён стымулюе працу душы, а гэта і ёсць тое духоўнае адраджэнне, на якое скіравана прэмія Кіраўніка дзяржавы.

Звычайна тэатры звяртаюцца да той ці іншай ўжо гатовай п’есы ці літаратурнага твора, робячы інсцэніроўку. У нашым жа выпадку непасрэдна ў тэатры нарадзіўся не толькі спектакль, але і п’еса, пачынаючы з самой яе ідэі. Малады, дзёрзкі, смелы драматург Васіль Дранько-Майсюк ствараў тэкст, разлічаны на пэўных артыстаў. І хаця мы доўга ішлі да выніку, гэтыя пакуты творчасці далі нам сапраўдны драйв. Я не магу ўявіць, як усё гэта магло быць увасоблена ў нейкім іншым тэатры, настолькі родным стаў матэрыял.

Сімвалічна, што “Пясняр” з’явіўся менавіта ў Горкаўскім тэатры — быццам са спасылкай на расійскае паходжанне Уладзіміра Мулявіна, які стаўся нацыянальным героем у Беларусі. Нашы артысты заспявалі яго песні, загаварылі на цудоўнай беларускай мове, старэйшае пакаленне наноў асэнсавала яго ўнёсак у мастацтва, малодшае — спрычынілася да яго дзейнасці. Для ўсіх і мяне асабіста гэты спектакль стаўся надзвычай высокай прыступкай у творчасці і самім жыцці.

Але расслабляцца мы не павінны. Зараз чакаем аўтарскага дазволу на пастаноўку адной сучаснай польскай п’есы. У тэатры пануе цудоўная атмасфера добразычлівасці — і гэта залог далейшай паспяховай працы.

Сяргей ЖБАНКОЎ, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, выканаўца ролі Песняра ў аднайменным спектаклі:

— Пра тое, што нашаму тэатру прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, калектыву, які, аб чым сведчыцца ў адпаведным Указе, унёс “значны ўклад у захаванне нацыянальных культурных традыцый і стварыў на высокім мастацкім узроўні спектакль “Пясняр”, прысвечаны творчай дзейнасці Уладзіміра Мулявіна”, я даведаўся напярэдадні ўрачыстасцяў менавіта ад журналістаў “К”. Вялікі дзякуй за віншаванні!

Шчыра прызнаюся, да ўзнагарод я стаўлюся даволі спакойна, хоць і з вялікай... павагай! А гэта вестка была для мяне вельмі нечаканай і адначасова прыемнай! Гэта гонар для нашага тэатра і для мяне асабіста! Важна тое, што плён нашай дзейнасці, — а працавалі мы над пастаноўкай дастаткова доўга, шмат і вялікай камандай, — не застаўся незаўважаным і Кіраўніком дзяржавы, і грамадствам у цэлым.

На мой погляд, наш спектакль — не зусім звычайны: формай, стылем, натуральна, тэмай. Магчыма, дзесьці ён нават крыху заблытаны, аднак паступова сюжэт вынікае, як нітка ў клубку. Гісторыя гэта — не толькі пра Уладзіміра Мулявіна, яго лёс і творчасць, складанасці, з якімі ён сутыкаўся і якія пераадольваў, але i пра вялікіх “песняроў-паэтаў” — пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Алаізу Пашкевіч (Цётку) — і пра Беларусь, беларусаў наогул. Самым складаным у маёй ролі, як я гэта адчуваю, была і застаецца задача захавання... засяроджанасці, адпаведнасці напрузе спектакля, матэрыялу, драматургіі. Бо мой вобраз з’яўляецца “правадыром” дзеяння. І, вядома ж, складанасць заключаецца ў выкананні вакальнага матэрыялу “Песняроў” — вось што прымушала і прымушае працаваць, выкладвацца на сто з лішнім працэнтаў. І, як мне здаецца, спектакль гэты, як гаворыцца, — “навыраст”: чым даўжэй і больш я стану яго іграць, тым больш буду... разумець (калі так можна выказацца), даасэнсоўваць, улюбляцца ў яго.

Напэўна, сімвалічна, што прэмія Прэзідэнта нашаму тэатру была прысуджана літаральна за некалькі дзён да таго, як краіна адзначыла 75-годдзе Уладзіміра Мулявіна. 12 студзеня, у дзень нараджэння Генія, і мы павіншавалі яго самога, а таксама і прыхільнікаў Мэтра, сыграўшы для публікі “Песняра”. Нешараговы спектакль у нешараговы дзень.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"