Пост на… тры гады

№ 3 (1233) 16.01.2016 - 22.01.2016 г

Ранні пад’ём, посная ежа, пастаянная малітва і амаль трохгадовая праца — усё гэта і многае іншае спатрэбілася выкладчыку кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Антону Бельскаму, каб стварыць роспісы ў храме Іаана Прадцечы Свята-Узнясенскага жаночага манастыра ў гарадскім пасёлку Баркалабава Быхаўскага раёна. Менавіта за гэтую працу сёлета ён быў уганараваны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

/i/content/pi/cult/569/12473/6-1.jpgПа словах майстра, дадзены творчы праект — працяг ягонай дыпломнай работы, якую Антон Бельскі выконваў падчас навучання ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

— Паводле дыплома мной быў выкананы роспіс сцен храма ў 110 квадратных метраў, — распавёў “К” лаўрэат прэміі. — Але ўжо пасля заканчэння alma mater я вырашыў вярнуцца ў Баркалабаўскі манастыр і распісаць там тое, што не паспеў зрабіць. За два наступныя гады разам са сваімі памочнікамі — студэнтамі акадэміі Іванам Аношкам, Захарам Кудзіным, Сяргеем Акеньшыным і Віталем Друем — распісаў яшчэ 800 “квадратаў”.

Як кажа Антон Бельскі, падчас працы ён пастаянна ўдзельнічаў ва ўсіх манастырскіх службах, маліўся і пасціўся.

— Без малітвы да Бога і посту, як я мяркую, у мяне нічога не атрымалася б, — упэўнены візаві. — Бо менавіта тут, у манастыры, я напоўніцу зразумеў майстроў былых часоў, якія без малітвы не прыступалі да падобных спраў. Бо хоць я і рыхтаваўся, хоць вывучаў рэпрадукцыі іншых знакамітых іканапісцаў мінулага, без шчырай малітвы завяршыць гэтую працу было б проста немагчыма…

Роспіс храма — першая самастойная праца маладога майстра. Яшчэ будучы студэнтам ён удзельнічаў у падобных праектах, арганізаваных пад патранатам кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Акадэміі мастацтваў. Напрыклад, у складзе студэнцкага калектыву пад кіраўніцтвам Дзяніса Чубакова ён упрыгожваў мазаікай фасады сталічнага храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць бязвінна забітых у нашай Айчыне.

— Таксама я ўдзельнічаў ва ўпрыгожванні мазаікай капліцы ў польскім Беластоку, пабудаванай пры царкве Святога Духа як помнік праваслаўным беларусам — ахвярам Другой Сусветнай вайны і пасляваенных рэпрэсій, — распавёў суразмоўца. — Так што дадзеная праца не была для мяне новай: я ўжо займаўся напісаннем фрэсак і ікон. Дарэчы, з’яўляюся і аўтарам іканастаса ў тым самым храме Іаана Прадцечы Свята-Узнясенскага жаночага манастыра ў Баркалабаве.

Да слова, роспісы выконваліся адмысловай сілікатнай фарбай, якая вельмі даўгавечная і, можна сказаць, дазваляе сценам “дыхаць”. Сродкі на яе, як і на камандзіровачныя выезды Антона Бельскага і ягоных памочнікаў з акадэміі, а таксама на ўсе іншыя работы выдаткаваў мецэнат з Мінска.

У далейшым Антона чакае яшчэ шмат падобнай працы. Так, Бельскі ўжо мае планы па роспісе аднаго з храмаў Брэста.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"