Дзе той самы “патомак”?..

№ 3 (1233) 16.01.2016 - 22.01.2016 г

Васіль Дэ Эм, драматург, тэатральны дзіцячы педагог, мастак
Некалькі думак пра літаратуру і тэатр. Чаму ў літаратуры беларусы зазвычай здзіўляюць моцнымі пачуццямі, жарсцямі, яркімі брутальна-эратычнымі вобразамі і матывамі? Рэзкім гумарам, сапраўднымі хорар-сцэнамі, вялікай унутранай свабодай і непадманным нацыянальным зместам? Перачытайце хаця б Янку Купалу, Максіма Гарэцкага, Міхася Зарэцкага ці Міхася Лынькова! Але чаму падобнага няма ў тэатры (не кажучы пра айчыннае кіно)?

/i/content/pi/cult/569/12472/5-5.jpgВідаць таму, што існуе ў нас боязь перад публічнасцю. Страх прылюдна сказаць штосьці, як нам здаецца, лішняе, занадта смелае, празмерна рэзкае. Самацэнзура ў беларусаў, калі яны выходзяць на сцэну, мацней спрацоўвае, чым ва ўтульным пакоі, падчас таго, як складаеш верш ці пішаш аповесць — сам насам з сабой за пісьмовым сталом, без сведкаў. (Легенда айчыннага тэатра рэжысёр, артыст і драматург Францішак Аляхновіч, які здзіўляў публіку сваімі наватарскімі бескампраміснымі пастаноўкамі, сваімі дзівоснымі акцёрскімі работамі ды імправізацыямі, — выключэнне.) Бо гэта ж нядобра — выйсці на сцэну і паставіць, напрыклад, Янку Купалу вось так, як ён і пісаў свае балючыя, экспрэсіўныя творы. Ну як такое магчыма! Трэба ж прыгладзіць, зрабіць так, каб гэта стала “прадметам мастацтва” (ненавісны мне тэрмін з часоў навучання ў Акадэміі мастацтваў, калі выкладчыкі аўтарытэтна заяўлялі: вось гэта з’ява, маўляў, з’яўляецца “прадметам мастацтва”, а тая — не).

А ці можаце вы прыгадаць, калі ў нашым тэатры былі спектаклі, якія энергетычна хаця б крыху набліжаліся да класічных твораў беларуских пісьменнікаў? У 1990-я і ў пачатку 2000-х? “Тутэйшыя” Мікалая Пінігіна (Купалаўскі тэатр), “Сон на Кургане” Барыса Луцэнкі (Горкаўскі), “Нежанаты мнагажэнец, альбо Залёты пана дэ Пурсаньяка” Андрэя Андросіка (Купалаўскі), “Рычард” і “Макбет” Валерыя Анісенкі (“Вольная сцэна”), “Кар’ера Артура Уі, якую можна было спыніць” Валерыя Мазынскага (там жа), “Крывавая Мэры” і “Брат мой, Сіман” Аляксандра Гарцуева, “Сны аб Беларусі, “Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях”, “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Савіцкага (абодва ставілі ў Купалаўскім), “Здань”, “Цені” і “Круці... ” Міколы Трухана, створаныя паводле таго ж Аляхновіча (тэатр “Дзе-я?”), "Зямля" Віталя Баркоўскага (Коласаўскі тэатр).

А зараз? Любы раман Шамякіна куды больш смелы і жывы, чым многія сучасныя (часам нават вонкава эпатажныя, хаця і такіх насамрэч няма) халодныя і немаведама навошта створаныя нацыянальна-інертныя пастаноўкі. Менавіта нацыянальна-інертныя! Як і раней, класічная беларуская літаратура (у сучаснай — на жаль, мала пажыўных рэчываў) і зараз будзе тым фундаментам, на аснове якога ў бліжэйшай ці далейшай будучыні які-небудзь “патомак”, што не да канца “засумаваўся”, паставіць нарэшце і Янку Маўра, і Міхася Зарэцкага, і Францішка Аляхновіча, і шмат каго яшчэ. І зробіць гэта весела, энергетычна захапляльна. На зайздрасць суседзям — і заходнім, і ўсходнім.

А пакуль — чакаем і радуемся асобным удалым спектаклям, як, напрыклад, “Дзяды” Рамуне Кудзманайтэ (“Тэатр Ч”) ці “Зацюканы апостал” Уладзіміра Савіцкага (Тэатр юнага гледача)…