Дню яднання прысвячаецца

№ 14 (832) 05.04.2008 - 11.04.2008 г

Старшыня Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў беларусаў і расіян з Днём яднання народаў Беларусі і Расіі, які быў адзначаны 2 красавіка.

У сваім віншаванні Кіраўнік беларускай дзяржавы, у прыватнасці, адзначыў, што беларуска-расійскія адносіны дынамічна развіваюцца па ўсіх напрамках: у мінулым годзе двухбаковы тавараабарот перасягнуў рубеж у 26 мільярдаў долараў ЗША. “Пашыраюцца міжрэгіянальныя кантакты, ствараюцца новыя высокаэфектыўныя вытворчасці.
Усё больш важным інструментам практычнага вырашэння многіх сацыяльна-эканамічных праблем становіцца рэалізацыя саюзных праграм, якія ахопліваюць увесь дыяпазон супрацоўніцтва, — ад адзіных крокаў у ваенна-тэхнічным напрамку да гуманітарных сувязей. Выбудавана эфектыўная схема знешнепалітычнага ўзаемадзеяння, умацоўваецца сумесны абаронны патэнцыял”.
Прэзідэнт ад усёй душы пажадаў шчасця, моцнага здароўя і аптымізму народам нашых краін. “Няхай агульнае свята — Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі — заўсёды будзе сімвалам нашай дружбы і духоўнай роднасці, сімвалам дабрабыту многіх пакаленняў беларусаў і расіян”, — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.


Напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды прадстаўнікам розных сфер дзейнасці. У прыватнасці, шэраг узнагарод атрымалі прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Расіі. Медаль Францыска Скарыны ўручаны старшыні Савета федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі” Францішку Каўрыгу, мастацкаму кіраўніку Грамадскага творчага саюза “Славянскі круг” Сяргею Костачку, старшыні Савета нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусь” у Рэспубліцы Комі Аркадзю Крупеньку, намесніку дырэктара па культуры Новасібірскай гарадской грамадскай арганізацыі “Беларускі культурна-асветніцкі цэнтр у імя святой Еўфрасінні Полацкай” Людміле Счаслівенка.

Паводле інфармацыі Прэс-службы
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь