Памяць, што жыве ў сэрцы

№ 3 (1233) 16.01.2016 - 22.01.2016 г

Вайна — гэта не толькі баі і спецаперацыі, але і трагічныя лёсы людзей. І, кажучы пра Вялікую Перамогу, усё часцей забываюцца на імёны тых, хто яе наблізілі коштам уласнага жыцця, а іх прах застаўся назаўсёды на чужыне. Сёння іх імёны многім невядомыя. Каб выправіць сітуацыю, быў створаны адмысловы праект пад эгідай Усіхсвяцкага прыхода горада Мінска. Яго мэта — сабраць матэрыял пра воінаў, нашых суайчыннікаў, якія загінулі за межамі Радзімы ў гады Другой сусветнай вайны. Першы плён сумеснай працы праваслаўнага духавенства, ваенных гісторыкаў, журналістаў — кніга “Жыць і памятаць”.

/i/content/pi/cult/569/12469/4-2.jpgАўтары, Анатоль Шаркоў і Алена Харашэвіч, праехалі некалькі тысяч кіламетраў у пошуку імёнаў нашых забытых герояў. Усяго было наведана сем краін. У іх ліку Германія, Аўстрыя, Польшча, Чэхія, Славакія, Італія і Венгрыя. Менавіта там знаходзіцца больш за ўсё пахаванняў беларускіх воінаў сярэдзіны ХХ стагоддзя. Да таго ж, у кнізе ўлічаны не толькі салдаты, але і ваеннапалонныя, прымусовыя рабочыя і нават святары, якія загінулі далёка ад роднай Беларусі.

У межах праекта адбылася паездка ў месцы найбольш масавых пахаванняў беларусаў за мяжой, у тым ліку ў Лейпцыг і Дахау. Адметна, што сёння ў праваслаўным храме, які знаходзіцца на тэрыторыі колішняга канцэнтрацыйнага лагера ў Дахау, служыць святар з Беларусі Мікалай Забеліч. Ён аказаў вялікую дапамогу ў ідэнтыфікацыі пахаваных там нашых суайчыннікаў.

Па словах Алены Харашэвіч, ідэя стварэння кнігі нарадзілася ў крыпце Храма-помніка падчас прэзентацыі выдання “Апошні прытулак салдата”, прысвечанага мемарыяльным аб’ектам Першай сусветнай вайны. “Сёння далёка не кожны можа вырвацца з-за побытавых клопатаў і наведаць месцы масавых пахаванняў нашых суайчыннікаў за мяжой. Выдатна аздобленая фотаздымкамі, копіямі дакументаў кніга дазваляе не толькі на свае вочы пабачыць самі ваенныя могілкі, але і пазнаёміцца з падрабязнай інфармацыяй пра іх, і, што самае важнае, даведацца пра імёны некалькіх сотняў беларусаў, якія загінулі на чужыне, ахвяраваўшы сваё жыццё дзеля міру, — адзначыла Алена Харашэвіч. — Па архіўных дакументах былі выяўлены спісы пахаваных. Была ўзята зямля з месцаў масавых пахаванняў, якая напрыканцы мінулага года была размешчана ў сасудах у нішах крыпты Храма-помніка ў памяць усіх святых і ў памяць пра ахвяр, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі”.

Доктар гістарычных навук, прафесар Анатоль Шаркоў кажа: дагэтуль дакладна невядома колькасць усіх ахвяр Другой сусветнай вайны. “Ніхто не займаўся падлікам таго, колькі загінула нашых суайчыннікаў, але па асобных месцах пахавання гэтую лічбу можна назваць. У выніку нашых даследаванняў пахаванняў на месцы былога канцлагера Цайтхайн там загінулі і былі пахаваны больш за 70 тысяч савецкіх ваеннаслужачых, з іх ураджэнцаў Беларусі мы знайшлі амаль 600 чалавек,” — зазначыў Анатоль Васільевіч.

Кніга “Жыць і памятаць” падае не толькі агульныя звесткі і спісы выяўленых ахвяраў вайны, але і расказвае асобныя гісторыі. Так, прыкладам, у выданні апісваецца гісторыя магілы №33, якая знаходзіцца ў мястэчку Астралінка ў Польшчы. Гэтая магіла так і магла б застацца да гэтага часу безназоўнай, калі б не намаганні сваякоў, якія пражываюць ў Мінску. Яны доўга шукалі свайго сваяка, рабілі запыты, і толькі ў 1991 годзе атрымалі адказ ад Чырвонага Крыжа, што іх сваяк пахаваны менавіта ў гэтым месцы. Гэтая магіла №33 атрымала сваё імя. Зараз там знаходзіцца шыльда “Горячев Михаил Афиногенович, который погиб в 1944 году”.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"