Кастынг Юматава

№ 3 (1233) 16.01.2016 - 22.01.2016 г

Як пад Мінскам здымаўся фільм “Апошні парад”
Хочацца падзяліцца ўражаннямі пра час, калі давялося на працягу некалькіх дзён працаваць побач з народным артыстам СССР Георгіем Юматавым, вядомым шырокаму колу гледачоў па шматлікіх цудоўных фільмах, і ў прыватнасці — “Афіцэры”. Ваеннаслужачыя часткі 04147 аказвалі дапамогу ў здымках фільма. А сама справа нашага жыцця павінна была ўвасобіцца ў стужцы, якая здымалася ў 1984 годзе ў Мінскім вучэбным цэнтры.

/i/content/pi/cult/569/12466/14-1.jpg

 

Кадр з фільма "Апошні парад": аўтар — першы злева, Георгій Юматаў — першы справа.

У маёй хатняй бібліятэцы на відным месцы захоўваецца сцэнарый фільма “Апошні парад” з дарчым надпісам “На памяць палкоўніку Чыгіру М.К. У знак глыбокай павагі і ў памяць аб сумеснай працы”. І подпісы: “Г.Юматаў, П.Любімаў, М.Асяпян, Н.Дземух, В.Лынароў, мастак М.Разнічэнка”. Таксама на сцэнарыі аўтографы беларускіх акцёраў: “Усяго вам найлепшага, з павагай І.Мацкевіч, Л.Белазаровіч, Аржылоўскі”.

Як усё гэта было?

У лютым 1984 года ў маім кабінеце прагучаў тэлефонны званок:

— Таварыш палкоўнік, вас выклікае генерал-маёр Гайдук! Тэрмінова!

Прыходжу да кіраўніка, а гэта быў цудоўны аўтарытэтны чалавек. Генерал працягвае руку і кажа:

— Вам давядзецца некалькі дзён узначальваць на палігоне тактычную групу, якая будзе прыцягнута да здымак і стане ўзаемадзейнічаць з рэжысёрскай групай кінастудыі “Масфільм”. Здымкі — на кантролі кіраўніцтва акругі. Выязджайце ў гасцініцу “Мінск” для сустрэчы з кіраўніцтвам “Масфільма”.

Праз трыццаць хвілін я ўжо быў на месцы. Запытаў у адміністратара гасцініцы, прывабнай жанчыны, дзе масквічы.

Адміністратар адказвае:

— А вы паглядзіце направа, каля акна хто стаіць?

Ды гэта ж знакаміты Георгій Юматаў! Падыходжу да яго і замест пытанняў пра здымкі кажу:

— Георгій Аляксандравіч! Рады вітаць на беларускай зямлі, і прыміце падзяку ад вялікай колькасці прыхільнікаў вашага таленту, ад усіх аматараў кіно, ад ваеннаслужачых нашай часткі!

— А вы хто, прыхільнік кіно? Бачу перад сабой афіцэра.

— Георгій Аляксандравіч, выбачайце, што апярэджваю падзеі і не назваў сябе. Але вы і Васіль Ланавой сваёй цудоўнай ігрой у кіно паказалі сапраўдную гераічную нашу армію.

— Вялікі дзякуй, што яшчэ?

Я дадаў, што загадам камандавання прызначаны кіраваць асабістым складам, тэхнікай, зброяй, якія будуць удзельнічаць у здымках фільма. Юматаў запытаўся, ці даводзілася мне ўдзельнічаць калі-небудзь у здымках. Адказаў, што на здымках быў у 1966 годзе ў Туркестанскай ваеннай акрузе пад Ашхабадам.

— У Туркестанскай? — запытаўся Юматаў. — Спякотненька там?

— Так, летам у ценю +50. Давялося здымацца сярод больш як тысячы чалавек у групе рэжысёра Берды Кербабаева. Той фільм пра стварэнне калгасаў у Туркменіі, пра барацьбу з басмачамі. А быў я на той час маладым лейтэнантам і служыў у палку горада Кізыл-Арват.

Юматаў засмяяўся і сказаў:

— Ну вось, а зараз вы малады палкоўнік — і зноў кіно! Давайце зойдзем у нумар, пагутарым.

Я папрасіў прабачэння, маўляў, мала часу, трэба каму-небудзь з вашых выехаць на палігон, прадэманструю вучэбны цэнтр, правядзем папярэднюю “рэкагнасцыроўку”.

— А паехалі! У мяне гадзінкі дзве вольнага часу ёсць, заадно акунуся ў армейскае жыццё, — раптам кажа Юматаў.

Па дарозе на палігон мой спадарожнік пацікавіўся службай, запытаў: “Мяркуючы па ўзросце, ваяваць не давялося”.

— Не, — адказваю, — нарадзіўся ў 1943 годзе ў партызанскім атрадзе “Патрыёт Радзімы” брыгады Варашылава.

— А я ваяваў юнгам на флоце, матросам, — сказаў Юматаў.

На палігоне, з вышкі “Амбарана” вучэбнага цэнтра я паказаў артысту тактычнае поле. Даведаўся ад яго пра задуму фільма, разам мы прыйшлі да высновы, што фронт і глыбіня тактычнага поля адпавядаюць задуме фільма.

Хутка праляцелі дзве гадзіны. Вярнуліся ў Мінск, у гасцініцу. Я ўжо ведаў пасля размовы з Юматавым сцэнарый фільма і парадак правядзення здымак. А кіраўніцтва фільма з нецярпеннем чакала нашага вяртання.

— Куды вы ўвезлі Георгія Аляксандравіча? — запытаў рэжысёр.

— Усё добра, — кажа Юматаў. — Спрацуемся!

Мы прайшлі ў нумар гасцініцы, абмеркавалі пытанні. Яшчэ раз я пачуў сцэнарый фільма, але ўжо ад рэжысёра Паўла Любімава.

Дык вось. Народны артыст СССР Георгій Юматаў у ролі генерала арміі Князева — галоўнага генеральскага інспектара ў Міністэрстве абароны — прыбыў у акругу для інспектарскай выніковай праверкі войск. На палігоне правярае агульнавайсковыя тактычныя вучэнні, уменні камандзіраў дывізій, палкоў арганізаваць баявыя дзеянні, кіраваць войскам, а камандзіраў рот, батальёнаў — зладжана дзейнічаць ва ўмовах, набліжаных да баявой абстаноўкі, кіраваць агнём падраздзяленняў.

У першы здымачны дзень на палігоне здымаўся эпізод прыбыцця Князева на камандны пункт кіраўніцтва вучэннямі. Для гэтага былі прыцягнуты сілы і сродкі разведвальнага батальёна корпуса і асобнай механізаванай брыгады.

Пераходжу да ўражанняў, атрыманых на здымках.

Георгій Юматаў ролю генерала арміі выконваў цудоўна. Нібыта і быў сапраўдным генералам! Яго герой, які прайшоў вайну, чалавек валявы; твар непрыступны, сухі, выпраўка — ваенная, спіна — прамая. У рухах хуткі, як яго ўдары ў 1944 — 1945 гадах, якія маланкамі ўвасабляліся на аператыўных і гістарычных картах. Ягоная прысутнасць, яго ўнутраны рытм быццам падганялі ўсіх. Работа на здымках шла зладжана, вынікова. Паўтораў не патрабавалася. Майстэрства!

Аўтарытэт героя ў выкананні Юматава быў вялікі, бясспрэчны. Надвор’е стаяла халоднае, ветранае, але ён працаваў, быццам вецер не астуджаў скуру, не выбіваў слязу, як быццам не існавала дрэннага надвор’я.

Я больш назіраў за ігрой Юматава, чым за тым, што адбывалася на палігоне. Там, на тактычным полі, мае падначаленыя, выпраўка ў іх выдатная, а тут зусім іншае, заварожваючае.

На пачатку здымак высветлілася, што ў групе прафесійных акцёраў не хапае выканаўцаў на ролю даручэнца генерала арміі Князева, а таксама яго ад’ютанта і некаторых іншых. Дырэктар фільма і рэжысёр звярнуліся да мяне.

— У страі ваеннаслужачыя — удзельнікі вучэнняў. Выбірайце самых фотагенічных, — сказаў я.

Для буйнога плана адабралі афіцэраў з разведвальнага батальёна. Потым яшчэ раз звярнуліся да мяне з просьбай знайсці для ролі палкоўніка — прадстаўніка генштаба афіцэра старэйшага ўзросту, пасалідней.

Юматаў, пачуўшы гэта, сказаў:

— Што ж вы марнуеце час? З намі працуе палкоўнік! Хачу, каб побач са мной быў Міхаіл Канстанцінавіч.

Усе глядзяць на мяне дапытліва. Ну як можна было не пагадзіцца? Нават быць побач з народным артыстам ужо вялікі гонар, а тут — здымацца ў кіно. Пагадзіўся. Вось так і стаў акцёрам на непрацяглы час…

Міхаіл ЧЫГІР, палкоўнік у адстаўцы

(Працяг чытайце ў наступных нумарах.)