Два іспанцы ў адной ладдзі

№ 2 (1232) 09.01.2016 - 15.01.2016 г

Мы пісалі ўжо, што ў снежні ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адкрылася выстава “Гоя… Пікаса” з калекцыі мадрыдскага Каралеўскага музея прыгожых мастацтваў Сан-Фернанда. Сёння прадстаўляем матэрыял пра некаторыя “зрэзы” экспазіцыі. Гэтыя імёны даўно і добра ведаюць усе, хто цікавіцца сусветным выяўленчым мастацтвам, і таму я іхнія біяграфіі апускаю.

/i/content/pi/cult/568/12457/13-1.jpgПачну з Пабла Пікаса, практычна нашага сучасніка, хаця твораў яго ў экспазіцыі, у параўнанні з работамі Гоі, зусім няшмат — усяго 15. Затое яны гледачу менш знаёмыя, бо экспануюцца ўпершыню ў нашай краіне, а галоўны графічны твор Гоі — серыя “Капрычас” у колькасці 80 аркушаў — ужо дэманстраваўся ў нашым музеі ў чэрвені 1998-га. Тая калекцыя — уласнасць банкаўскага цэнтра “Sа Nostra” з Пальма-дэ-Маёркі ўпершыню была вывезена за межы Балеарскіх астравоў і з’явілася буйным крокам на шляху культурнага супрацоўніцтва Беларусі і Іспаніі. І вось “другое прышэсце” вялікага Гоі ў нашу краіну. Гэтым разам побач з некаторымі аркушамі знаёмай серыі “Капрычас” глядач пабачыў і афорты з іншых цыклаў мастака: “Бядоты вайны”, “Дыспаратас” і “Таўрамахія”.

Такім чынам, Пабла Пікаса

Перш за ўсё — “Сюіта Валара”. Гэта серыя з сотні афортаў у неакласічным стылі, якую ў 1930 годзе замовіў мастаку вядомы арт-дылер, выдавец і калекцыянер Амбруаз Валар. Так, той самы Валар, на замову якога Марк Шагал рабіў ілюстрацыі да Бібліі і да “Мёртвых душаў” Гогаля і які запрасіў эмігранта Шагала з Берліна ў Парыж.

Апошнія аркушы “Сюіты” Пікаса зрабіў у сакавіку 1939-га — за чатыры месяцы да гібелі заказчыка ў аўтакатастрофе. І каб ушанаваць памяць Валара, мастак усе гравюры, аб’яднаўшы ў адну серыю, назваў яго імем. У экспазіцыі прадстаўлены толькі некалькі аркушаў з гэтага цыкла. У час працы над гравюрамі 50-гадовы жанаты Пікаса быў у любоўнай сувязі з юнай Марыяй-Тэрэзай Вальтэр, якая яму прыхваткамі пазіравала. Рабіў ён свае афорты па класічных канонах і, не адрываючы рукі, так падаваў контуры чалавечага цела, што атрымліваўся ідэальна завершаны вобраз — без лішніх штрыхоў і падрысовак. Рысавальшчыкам жа ён быў ад Бога. У гэтым сэнсе я магу яго параўнаць з Дзюрэрам, Рэмбрантам ці Энграм.

Галоўная тэма “Сюіты” — летуценны аповед мастацтва пра сябе, дзе прасочваецца думка пра гарманічны сінтэз (ці сімбіёз) цудоўнай прыроды і ідэальнай натхнёнай творчасці. Наогул, аркушы не звязаны нейкай агульнай тэмай — яны вельмі разнастайныя па тэматыцы. Ёсць і выпадковыя сюжэты: ад “Студыі скульптара” да інтэрпрэтацый вобраза Мінатаўра, ад неакласічных “ню” да сюррэалістычных сцэн і персанажаў, ад вакханак і быкоў да чыста эратычных адлюстраванняў. “Фаўн, які раскрывае спячую”, “Рэмбрант і дзве жанчыны”, “Скульптар, мадэль, якая стаіць на каленях, і скульптурная галава”, “Скульптар і мадэль, якая стаіць”, “Мінатаўр, які атакуе амазонку”, “Вакхічная сцэна з Мінатаўрам” — вось толькі некаторыя аркушы, прывезеныя з Мадрыда.

Мінатаўр, гэтае міфічнае стварэнне, сімвал насілля, жывёльнай пажадлівасці — адзін з любімых персанажаў Пікаса. Мне здаецца, што Мінатаўр, які балюе, б’ецца, перамагае ворага, разлютавана любіць усякіх там вакханак і амазонак, — у нейкай ступені сам мастак. Але жудаснае страшыдла з мордай звера зведала паразу ад разбуральнай сілы: яно аслепнула. І гэты Мінатаўр блукаецца ў вечнай цемры, выючы ад тугі. А дзяўчынка, якая прыйшла з далёкага мінулага Пікаса, з букетам кветак ці голубам у руках, вядзе яго, знішчанага дашчэнту, на бераг мора. Пра гэта аркуш “Сляпы Мінатаўр, якога вядзе маленькая дзяўчынка ўначы”… Няма сумнення, што большасць элементаў з “мінатаўрамахіі” ўвайшла ў галоўны жывапісны твор Пікаса — легендарную карціну “Герніка”.

У пачатку 1930-х з’явіўся і ілюстрацыйны цыкл Пікаса — да навэлы Бальзака “Невядомы шэдэўр”, некалькі аркушаў з якого таксама прадстаўлены ў экспазіцыі. Аднак тут ёсць адна праблема: у якой ступені да іх прымяніма паняцце ілюстрацый? Справа ў тым, што на працягу жыцця мастака, які не любіў працаваць на замову, з’яўлялася шмат кніг, на тытульным лісце якіх значылася імя Пікаса як ілюстратара. Але гэта былі проста ўстаўкі ў літаратурны тэкст, падабраныя з раней зробленых работ нават не самім мастаком, а выдаўцом ці аўтарам кнігі. У дадзеным выпадку заказчык Амбруаз Валар проста выкарыстаў у якасці ілюстрацый да твора Бальзака некаторыя з ранніх пікасаўскіх гравюр, прысвечаных тэме адносін мастака і яго аголенай мадэлі, гэтак званых адносін творцы і аб’екта натхнення. Валар сабраў у гэтай кнізе самыя розныя творы Пікаса: ад абстрактных дыяграм і кубісцкіх прыдумак да афортаў, якія дзівосным чынам трапілі ў кантэкст бальзакаўскай гісторыі пра старога звар’яцелага жывапісца Фрэнхофера, які правёў дзесяць гадоў перад таямнічым партрэтам “цудоўнай Нуазезе”.

З іншага боку, прычым тут, напрыклад, ілюстрацыя “Бык і конь” (бык, які прыціскае каня да борта арэны) да сюжэта? І многія іншыя, якія прынесены ў тэкст, так бы мовіць, выпадковым ветрам. Хаця, скажам, кампазіцыі “Мастак паміж дзвюх мадэлей” ці “Тры аголенныя мадэлі стаяць” — яшчэ куды не ішло; нейкім чынам іх можна прыцягнуць за вушы да дзіўнай гісторыі ўзаемаадносінаў старога Фрэнхофера і яго маладых вучняў Парбуса і Пусэна.

Павінен сказаць, што спачатку гэту кнігу з ілюстрацыямі Пікаса грамадства наогул не прымала. Яе ацанілі як поўны правал у выдавецкай дзейнасці Валара. Пісалі, што агульнае ўражанне хаатычнае, рознастылёвыя аркушы сваёй непамернай колькасцю (больш за 120 малюнкаў!) падавілі тэкст і нават буйнымі блокамі недаравальна абрэзалі яго на кавалкі. На што праніклівы Валар глыбакадумна заўважыў: “Кожны новы твор Пікаса выклікае скандал да той пары, пакуль здзіўленне не змяняецца захапленнем”. І — меў рацыю. Хаця цяжкавырашальныя пытанні ў адносінах да гэтых сапраўды хаатычных ілюстрацый існуюць да сёння…

Заканчэнне — у наступных нумарах.
Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"