Крэслы, "ключы", пяць гітар

№ 2 (1232) 09.01.2016 - 15.01.2016 г

Чым захапляюцца музыканты па-за сцэнай?
Хто такія сапраўдныя музыканты? Гэта людзі, якія займаюцца… не толькі музыкай. Прапануем зірнуць на некаторых творцаў праз прызму іх захапленняў, дзякуючы якім нашы героі не стаяць на месцы і ў асноўнай галіне.

/i/content/pi/cult/568/12456/12-1.jpgВінтажны гук

Аляксей — гітарыст беларускага гурта “CherryVata”. І адначасова вядомы не толькі ў Беларусі мастак, які выконвае складаныя работы па роспісе храмаў. У вольны ж час — майстар па рэстаўрацыі і вырабе гітар.

У кватэры Аляксея бясконца музычна. Адно з галоўных упрыгожанняў — незвычайныя гітары, размешчаныя на асобнай сцяне. Аляксей прызнаецца: калі сыходзіў з гурта на няпэўны час, думаў пра тое, каб прадаць адзіную гітару, але бацька пераканаў не рабіць тое. Пасля амаль пяці гадоў без музыкі Аляксей пачаў сумаваць па тых часах, калі марыў граць “Metallica”, вырашыў, што трэба здзяйсняць мары і… замовіў у Амерыцы першы “Gibson”. “Пачаў разбірацца, паглыбляцца ў тэорыю вінтажнага гуку, — распавядае ён, — потым неяк набыў патрыманую паўакустыку, яна пахла старым дрэвам, была паедзеная жучкамі. Вырашыў паспрабаваць змяніць колер: яна была чорная, а мне хацелася чырвоную”. Матэрыялы знайшліся ў іканапіснай майстэрні, але ў выніку музыкант пакрыў выраб шэлакам, зрабіў парэпінкі і адпаліраваў уручную. Гітара загучала лепш і, па словах цяперашняга ўладальніка, нікому больш не дастанецца.

Пасля першага ўдалага эксперыменту рэстаўрацыя стала выдатным дадаткам да музычна-мастацкай кар’еры і новым цікавым хобі. Аляксей кажа, што пакуль не ўспрымае рэстаўрацыю гітар як працу і заробак, а робіць гэта ў сваё задавальненне, але матэрыялы і час дарагія, таму “часам атрымліваецца нават сабе на страту”.

Аляксей, купляючы гітару, практычна адразу бачыць, што ў ёй трэба змяніць для паляпшэння гуку. Так, інструмент з тонкім і парэпаным лакам заўсёды гучыць лепш. Вывучэнне вінтажных інструментаў, старых прыёмаў працы і эксперыменты з лакам і фурнітурай прыносяць свой плён. Напрыклад, адна з культавых амерыканскіх гітар, якую ён прадэманстраваў, некалі мела вінна-чырвоны колер. Аляксей замяніў усе дэталі, а таксама колер на залаты, каб гітара атрымалася “як з 50-х”. А яшчэ ён апрацаваў лак па адмысловай тэхналогіі, паколькі такое пакрыццё не так стрымлівае рэзананс драўніны.

Іншую гітару майстар зрабіў са старой скрынкі з-пад дрыля, узяўшы за ўзор традыцыйны амерыканскі “cigarbox” (інструмент з цыгарнай скрынкі). Тут Аляксей рэалізаваў сваю даўнюю ідэю татуіровак на дрэве.

Сям’я і блізкія пазітыўна ставяцца да захаплення Аляксея. Адзінае, што засмучае яго самога, — праз вялікую колькасць хобі часу на ўсё проста не хапае. Дапамагаюць аўдыякнігі, паколькі чытаць няма калі. “Але насамрэч ігра на інструменце — гэта як медытацыя. Адчуць гук, які адклікаецца рэзанансам па ўсім целе. Думкі адразу даводзяцца да ладу”, — усміхаецца Аляксей і пачынае найграваць блюз...

Прырода творчасці

Алена Сало — салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Але па нашай просьбе Алена прадэманстравала нам маміны вышытыя карціны і сказала, што яе захапленне творчасцю, мастацтвам пачалося якраз з маці. Пакуль дачка займалася музыкай, маці-эканаміст на самаробным станку “майстравала” свае творы. Пачалася ж любоў Алены да творчага самавыяўлення пасля таго, як маці трэба было дапамагчы зрабіць палічку каля ложка.

“Наогул я ўсё раблю разам з дачкой. Часта, сама таго не ведаючы, яна падкідвае мне выдатныя ідэі, — распавядае Алена. — Напрыклад, не так даўно яна пачала захапляцца птушкамі, і мы сталі больш часу надаваць прыродзе, слухаць птушак, ствараць для іх кармушкі і вырошчваць насенне”.

А пачалося ўсё з эпапеі, якую Алена і дачка Ліза хорам называюць “ключы”. Уваходзячы ў іх кватэру, адразу бачыш арку ў праходзе, перакрытую заслонай з падвешаных на нітках ключоў. “Мне падабаецца музыка, якую яны ўтвараюць”, — загараюцца вочы Алены, калі яна праводзіць рукой па самаробным творы мастацтва. Ключы б’юцца адзін аб другі, ствараючы меладычныя гукі. На пытанне, дзе ўзялі столькі “сыравіны”, яна ўсміхаецца і кажа, што каштоўны метал самі збіралі разам з дачкой.

Алена дэманструе нам свае вырабы з дрэва: лесвічка для двухпавярховага ложка, невысокае, але арыгінальнае крэсла, на якім яны з дачкой асвойвалі тэхніку выпальвання па дрэве, этажэрку для камп’ютара. “Крэсла зроблена з апрацаваных абрэзкаў з крамы “Зрабі сам”, якія звычайна выкідаюць, — распавядае Алена. — І кожны раз я жахаюся, думаючы, у што ператвараецца наша зямля без уважлівага да яе стаўлення”.

Цяпер Алена хоча намаляваць серыю партрэтаў дачкі ў вобразах розных птушак. Ужо ёсць карціна, дзе Ліза ў пёрках качкі-мандарынкі, але паколькі самой артыстцы твор здаецца не зусім удалым праз недакладнасці колеру апярэння, яна называе работу толькі эскізам. “Ліза бачыць мастацтва ў якасці, а я — ва ўсім”, — кажа артыстка. Акрамя таго, сяброўкі сям’і часцяком становяцца ў чаргу па модныя аксесуары ручной работы ці арыгінальныя прадметы інтэр’еру.

Натхняецца Алена, у асноўным, прыродай, і калі сіл не застаецца зусім з-за бясконцых рэпетыцый і сямейных клопатаў, яна перасаджвае кветкі пад домам. “Аднойчы мяне нават прынялі за новую прыбіральшчыцу, — смеючыся, распавядае салістка Беларускай оперы. — Але цяпер усе суседзі ведаюць мяне, іх ужо нічога не здзіўляе — нават дзякуюць за прыгажосць пад балконамі”. Артыстка кажа, што для таго, каб загарэцца новай ідэяй, ёй нічога асаблівага выціскаць з сябе не трэба. Проста крыху цішыні і прыроды. “Творчасці заўсёды недастаткова, а натуральны свет дапамагае ўбачыць усё з іншага боку, як бы знутры”.

Невядомае ад рок-спявачкі

Вольга Аліпава — бадай першая ў Беларусі рок-дзіва. Цяпер, расчараваная ў музычным рынку, спявачка сышла са сцэны і выкладае ў школе англійскую мову. А ў вольны час піша дзівосныя карціны.

У школе Вольга слухала “The Beatles” і “The Rolling Stones”, потым спявала іх песні ў гурце “Наследники”. Калі пасля першага курса ёй апавялі пра знакаміты гурт братоў Казлоўскіх, яна прыйшла да іх і нахабна заявіла, што будзе працаваць з імі. І Вольга скарыла іх сваім голасам. “А маляванне прыйшло да мяне неяк адразу, яшчэ ў школе. Я хацела спяваць — і я спявала. Хацела маляваць — малявала”, — распавядае спадарыня Аліпава.

Пачынала Вольга з партрэтаў улюбённых музыкантаў. Яна не вучылася ў мастацкай школе, не наведвала гурткі жывапісу, не захаплялася складанымі тэхнікамі. Дома ў яе стаяць сотні кніг пра мастакоў, альбомы, даведнікі. Вольга кажа, што менавіта па іх яна і вучылася маляваць. Сярод яе сімпатый — Ван Гог і Рэмбрант.

Дарэчы, спявачка-мастачка яшчэ і вершы піша, але, прызнаецца Вольга, карціны для яе — дзеці, а вершы яна ўспрымае толькі як часовы занятак, “калі трэба”. Патрабуецца сябру падарунак на дзень нараджэння зрабіць — напіша верш.

Бацькі Вольгі былі ў захапленні, калі яна напісала першую карціну, а вось многія сябры да гэтага часу пра жывапіс каляжанкі не ведаюць. Тыя, хто бываў у яе дома, вядома, бачылі творы, але не давалі ацэнак. Аліпава ж найбольш любіць пісаць прыроду, хоць у чужых карцінах ёй падабаецца нават постмадэрнізм. Яна распавяла: калі ездзіла ў Крым, убачыла з машыны незвычайны пейзаж, сфатаграфавала яго, а потым намалявала. Хоць бываюць у яе і цалкам прыдуманыя сюжэты, але мастачка ўпэўненая, што дзесьці ў свеце яны абавязкова існуюць. А натхняюць Вольгу на творчасць толькі яе ўлюбёныя гурты і прырода.

Дызайн і фартэпіяна

Алена Вашкевіч — старшы выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэат міжнародных джазавых фестываляў, таленавітая піяністка. А яшчэ яна з’яўляецца крэатыўным дызайнерам і афарміцелем будаўнічых крам.

Пачалася дызайнерская дзейнасць Алены, можна сказаць, з дзяцінства. Яна шыла сабе ўборы, рабіла нейкія ўпрыгожанні. Але пазней усвядоміла, што і вобразы, народжаныя музыкай, патрабуюць увасаблення. І тады піяністка пайшла на дызайнерскія курсы, адвучылася там пэўны час і зразумела, што аснова ў яе ўжо ёсць. “Упершыню я падкінула ідэю наконт афармлення чалавеку, які пытаўся парады ў гэтай справе, — распавядае Алена. — Але ён сказаў, што за такое ніхто не возьмецца. І тады ўзялася я”.

Для Алены надзвычай важны водгук: калі яна выконвае музыку ды піша карціны, калі людзі глядзяць на яе працы ў крамах... (Цяпер Алене тэлефануюць з той самай, першай “замовы” і распавядаюць, што міма яе работ ніхто ніколі не праходзіць.) Піяністка кажа, што тут як у тэатры: калі ёсць абмен эмоцыямі, значыць, ты чагосьці дамогся. І неабавязкова гэтыя эмоцыі або думкі павінны быць адно станоўчымі.

Алена распавяла пра тое, як пасля аднаго з канцэртаў зразумела, што мае патрэбу ў нейкіх невялікіх рэчах, якія будуць нагадваць пра мінулы выступ. І паколькі яна па гараскопе Рыбы, стала рабіць бірулькі-рыбкі. Кожная адпавядае свайму настрою на канцэрце: вось джазавая, вось летняя адпачывальніца, а побач з ёй класічная, строгая.

Час наша гераіня навучылася планаваць так, каб абмінаць непатрэбнае і пакідаць толькі тое, што цяпер сапраўды пойдзе добра, дзе ёсць пэўныя ідэі і задачы.

Калі натхненне пакідае піяністку і яна разумее, што адзінага цэлага ў галаве не складаецца, падзеі Алена не прыспешвае. Вядома, заўсёды пакутліва рабіць штодзённыя справы, калі разумееш, што нейкага пазла для канчатковага варыянта тваёй задумы не хапае. Але потым у рэшце рэшт дапамагае якая-небудзь прыродная з’ява — дрэва, неба або птушка. Паглядзіш раптам на яе — і зноў усё па палічках, можна ісці і тварыць далей.

Вольга СТАРАВОЙТАВА, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ

Фота Вольгі ХОМЫ