Знак у Ашдодзе

№ 2 (1232) 09.01.2016 - 15.01.2016 г

Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч паведамляе “К”, што 29 снежня ў ізраільскім Ашдодзе ўсталявана памятная дошка ў гонар нашага Песняра.

/i/content/pi/cult/568/12452/2-1.jpgАшдод — пяты па колькасці насельніцтва горад у Ізраілі. Тут жывуць выхадцы з 99 краін свету. І тут жа знаходзіцца найбуйнейшае беларускае зямляцтва ў гэтай краіне. Менавіта яно разам з Пасольствам Беларусі ў Ізраілі і муніцыпалітэтам Ашдода стала ініцыятарам знакавай падзеі, якую наш пасол ў Ізраілі Уладзімір Скварцоў назваў другой па важнасці ў 2015 годзе пасля адмены візавага рэжыму паміж нашымі краінамі.

Памятная дошка месціцца на адной з плошчаў новага прэстыжнага мікрараёна. Дарэчы, плошча гэтая носіць імя Янкі Купалы. Справа ў тым, што Ашдод тры гады таму стаў пабрацімам Брэста. І тут ёсць помнік сёмаму прэм’ер-міністру Ізраіля і ўраджэнцу Брэста Менахему Бегіну. А ў Ашдодзе ўзнікла плошча Песняра, а ў яе цэнтры — памятны знак.

Ягоны аўтар — беларускі скульптар Уладзімір Паін, які жыве цяпер у Ізраілі. На дошцы на беларускай мове і іўрыце пазначана: “Янка Купала — народны паэт Беларусі, жыццё і творчасць якога — сапраўдны ўзор міжкультурнага ўзаемадзеяння, талерантнасці і паразумення паміж народамі”. Дошку ўпрыгожваюць выява сімвалічнай Папараць-кветкі, якую ўсё жыццё апяваў класік беларускай літаратуры, і факсіміле ягонага подпісу.

Алена Ляшковіч дадае, што падчас ўрачыстага адкрыцця памятнай дошкі Пасол Беларусі ў Ізраілі Уладзімір Скварцоў зачытаў прывітальны адрас ад міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова. Потым у Ашдодскім палацы культуры адбылася прэзентацыя выставы “Сад вашых песень”, падрыхтаванай супрацоўнікамі музея.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"