Ашдод — пяты па колькасці насельніцтва горад у Ізраілі. Тут жывуць выхадцы з 99 краін свету. І тут жа знаходзіцца найбуйнейшае беларускае зямляцтва ў гэтай краіне. Менавіта яно разам з Пасольствам Беларусі ў Ізраілі і муніцыпалітэтам Ашдода стала ініцыятарам знакавай падзеі, якую наш пасол ў Ізраілі Уладзімір Скварцоў назваў другой па важнасці ў 2015 годзе пасля адмены візавага рэжыму паміж нашымі краінамі.
Памятная дошка месціцца на адной з плошчаў новага прэстыжнага мікрараёна. Дарэчы, плошча гэтая носіць імя Янкі Купалы. Справа ў тым, што Ашдод тры гады таму стаў пабрацімам Брэста. І тут ёсць помнік сёмаму прэм’ер-міністру Ізраіля і ўраджэнцу Брэста Менахему Бегіну. А ў Ашдодзе ўзнікла плошча Песняра, а ў яе цэнтры — памятны знак.
Ягоны аўтар — беларускі скульптар Уладзімір Паін, які жыве цяпер у Ізраілі. На дошцы на беларускай мове і іўрыце пазначана: “Янка Купала — народны паэт Беларусі, жыццё і творчасць якога — сапраўдны ўзор міжкультурнага ўзаемадзеяння, талерантнасці і паразумення паміж народамі”. Дошку ўпрыгожваюць выява сімвалічнай Папараць-кветкі, якую ўсё жыццё апяваў класік беларускай літаратуры, і факсіміле ягонага подпісу.
Алена Ляшковіч дадае, што падчас ўрачыстага адкрыцця памятнай дошкі Пасол Беларусі ў Ізраілі Уладзімір Скварцоў зачытаў прывітальны адрас ад міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова. Потым у Ашдодскім палацы культуры адбылася прэзентацыя выставы “Сад вашых песень”, падрыхтаванай супрацоўнікамі музея.