Стыль кіраўніцтва

№ 13 (831) 29.03.2008 - 04.04.2008 г


СЦЯПАН СЦЯПАНАВІЧ, кіраўнік арганізацыі;

НІЧЫПАР ТРАФІМАВІЧ, ягоны намеснік;

МАРГАРЫТА ПЯТРОЎНА, бухгалтар;

ЗІНАІДА МІКАЛАЕЎНА, эканаміст.

Дзеянне адбываецца ў кабінеце Сцяпана Сцяпанавіча. Ён сядзіць за сталом. Дзверы крыху прачыняюцца. У кабінет заходзіць Нічыпар Трафімавіч.

НІЧЫПАР ТРАФІМАВІЧ (нявесела). Выклікалі, Сцяпан Сцяпанавіч?

СЦЯПАН СЦЯПАНАВІЧ. Ну чаму адразу “выклікалі”? Запрашаў! Прычым не толькі вас. Але астатнія чамусьці затрымліваюцца...

НІЧЫПАР ТРАФІМАВІЧ. Ды там яны, за дзвярыма. Ужо хвілін з дзесяць...

СЦЯПАН СЦЯПАНАВІЧ. Дык чаму ж не заходзяць?

НІЧЫПАР ТРАФІМАВІЧ (не адразу). Ды вось, мяне на разведку паслалі...

СЦЯПАН СЦЯПАНАВІЧ. Нічога не разумею! На якую разведку?

НІЧЫПАР ТРАФІМАВІЧ (паціскае плячыма). Звычайную! Разведаць, як настрой у вас сёння... Ну і ўсё такое...

СЦЯПАН СЦЯПАНАВІЧ. Цудоўны настрой! Як і заўсёды! А чаму вы нешта спахмурнелі адразу?

НІЧЫПАР ТРАФІМАВІЧ. Ды так! (Уздыхае.) Дык што, сказаць, каб заходзілі?

СЦЯПАН СЦЯПАНАВІЧ. Ну вядома ж, няхай заходзяць! Не ў маім стылі трымаць людзей пад дзвярыма!

Нічыпар Трафімавіч выходзіць, праз хвіліну ў кабінет заходзяць Маргарыта Пятроўна і Зінаіда Мікалаеўна. Выгляд у іх таксама даволі невясёлы. Апошнім зноў з’яўляецца Нічыпар Трафімавіч. Сцяпан Сцяпанавіч устае.

Калі ласка, праходзьце! Сядайце, таварышы!

Усе рассаджваюцца вакол стала. Сцяпан Сцяпанавіч сядае на сваё месца.

Дык вось, таварышы, я паклікаў вас, каб вырашыць некаторыя злабадзённыя, так сказаць, пытанні, якія ўжо нельга адкладваць на потым. (Гартае нейкія паперы.) Пачнём з вас, Маргарыта Пятроўна...

МАРГАРЫТА ПЯТРОЎНА (уздрыгвае, ускоквае з месца). З мяне?

СЦЯПАН СЦЯПАНАВІЧ. Ды не трэба ўставаць, сядзіце! Ды сядайце ж вы, калі ласка!

(Маргарыта Пятроўна зноў садзіцца.)

Маргарыта Пятроўна, калі будзе скончана фінансавая справаздача за мінулы квартал?

МАРГАРЫТА ПЯТРОЎНА (ледзь чутна). Не ведаю...

СЦЯПАН СЦЯПАНАВІЧ (амаль умольна). Маргарыта Пятроўна, галубка! Ну, вы ж дарослы чалавек, вы ж самі ўсё разумець павінны! Трэці тыдзень вы ўжо над ёй карпееце і ніяк скончыць не можаце! Ну нельга нам далей цягнуць з гэтым, разумееце?!

МАРГАРЫТА ПЯТРОЎНА (ледзь чутна). Разумею...

СЦЯПАН СЦЯПАНАВІЧ. На гэтым тыдні скончыце?

МАРГАРЫТА ПЯТРОЎНА. Не ведаю...

СЦЯПАН СЦЯПАНАВІЧ. Ну і я не ведаю, што мне з вамі рабіць! Зінаіда Мікалаеўна, за вамі таксама затрымка! Вы яшчэ на тым тыдні павінны былі здаць мне план-праект эканамічнага развіцця нашага прадпрыемства на наступны год!

ЗІНАІДА МІКАЛАЕЎНА (ціха). Я ведаю...

СЦЯПАН СЦЯПАНАВІЧ. Ну і калі ж вы яго мне здадзіце?

ЗІНАІДА МІКАЛАЕЎНА (яшчэ цішэй). Не ведаю...

Наступныя некалькі хвілін праходзяць у поўным і абсалютным маўчанні. Сцяпан Сцяпанавіч глядзіць на падначаленых. Тыя сядзяць, апусціўшы галовы. Раптам Маргарыта Пятроўна гучна ўсхліпвае, за ёй усхліпвае і Зінаіда Мікалаеўна.

СЦЯПАН СЦЯПАНАВІЧ (занепакоена). Я што, пакрыўдзіў вас? Ну, прабачце, прабачце, калі ласка! Напэўна, не трэба было мне так груба з вамі размаўляць, але ж і вы мяне зразумейце...

Ён змаўкае, не дагаварыўшы, бо ў гэты самы момант абедзве жанчыны, заліваючыся слязьмі, ускокваюць і выбягаюць з кабінета. Сцяпан Сцяпанавіч разгублена глядзіць ім услед.

Нічога не разумею! Я што, сапраўды іх пакрыўдзіў?

НІЧЫПАР ТРАФІМАВІЧ (устае). I вы яшчэ пытаецеся! Хіба вы не бачыце, што ў калектыве робіцца?

СЦЯПАН СЦЯПАНАВІЧ (разгублена). А што робіцца ў калектыве?

НІЧЫПАР ТРАФІМАВІЧ. Ну не можам мы так больш, Сцяпан Сцяпанавіч! Вы ўжо прабачце, але я ўсё скажу... Усё, што думаю! Бо набалела!

СЦЯПАН СЦЯПАНАВІЧ. Ну, калі ласка, кажыце! Я ж заўсёды прыслухоўваюся да меркаванняў знізу, таму што калектыў — гэта...

НІЧЫПАР ТРАФІМАВІЧ. Ды што калектыў! Прычым тут калектыў?! Я пра вас кажу, пра ваш стыль кіраўніцтва!

СЦЯПАН СЦЯПАНАВІЧ (збянтэжана). А што мой стыль?

НІЧЫПАР ТРАФІМАВІЧ. Ну нельга так, паважаны Сцяпан Сцяпанавіч! Нельга так з намі!

СЦЯПАН СЦЯПАНАВІЧ. Як — “так”?

НІЧЫПАР ТРАФІМАВІЧ. А вось так, як вы практыкуеце! (Перадражнівае.) “Калі ласка, сядайце! Я, можа, вас пакрыўдзіў?” Ды хіба ж з намі так трэба?!

СЦЯПАН СЦЯПАНАВІЧ. А як?

НІЧЫПАР ТРАФІМАВІЧ. А так, як ранейшы дырэктар з намі размаўляў! Ці як ягоны папярэднік. Як гаркнуць на ўвесь кабінет, ды як грукнуць кулаком па стале — работа не йдзе, а літаральна кіпіць!

СЦЯПАН СЦЯПАНАВІЧ. Вы думаеце, справа ў гэтым?

НІЧЫПАР ТРАФІМАВІЧ. Толькі ў гэтым, даражэнькі Сцяпан Сцяпанавіч, і ні ў чым іншым! Вы вось паспрабуйце адзін разочак па стале кулаком грукнуць — усе справаздачы на наступны дзень у вас будуць! Гатовыя!

СЦЯПАН СЦЯПАНАВІЧ. Вы думаеце?

НІЧЫПАР ТРАФІМАВІЧ. Упэўнены!

Ён змаўкае, і некаторы час яны абодва маўчаць.

СЦЯПАН СЦЯПАНАВІЧ (нерашуча). Але ж я не ўмею так... Ніколі не рабіў...

НІЧЫПАР ТРАФІМАВІЧ. Навучыцеся, Сцяпан Сцяпанавіч! Варта толькі пачаць! Вось і пачніце! З мяне і пачніце, як з вашага першага намесніка...

СЦЯПАН СЦЯПАНАВІЧ. З вас?

НІЧЫПАР ТРАФІМАВІЧ. З мяне! Ваш папярэднік толькі з мяне і пачынаў! Для размінкі. Ну, давайце! Кулаком па стале! (Сцяпан Сцяпанавіч няўмела стукае кулаком па стале.) Ды не так, больш рашуча! I крыкніце на мяне!

СЦЯПАН СЦЯПАНАВІЧ. Што крыкнуць?

НІЧЫПАР ТРАФІМАВІЧ. Што-небудзь! Што я, такі-сякі, зусім службу заваліў! I яшчэ раз кулаком па стале!

Змоўкнуўшы, ён глядзіць на начальніка і чакае. Сцяпан Сцяпанавіч уздыхае і няўмела стукае кулаком па стале.

СЦЯПАН СЦЯПАНАВІЧ (не зусім натуральным тонам). Ты, такі-сякі, зусім службу заваліў!

НІЧЫПАР ТРАФІМАВІЧ (падказвае). I зноў па стале кулаком, Сцяпан Сцяпанавіч, для лепшага, так сказаць эфекту!

СЦЯПАН СЦЯПАНАВІЧ (усур’ёз раззлаваўшыся). Ды што вы з мяне клоуна нейкага робіце! (Тон яго зараз яшчэ які натуральны.) Вы калі працаваць пачнеце, як трэба?! (Стукае кулаком па стале.) Ды вы ведаеце, што я з вамі магу зрабіць, калі пажадаю?! (Зноў стукае кулаком.) Дзе гэтыя дзве лайдачкі, пакліч іх зараз жа да мяне!

Нічыпар Трафімавіч выскоквае з кабінета, праз імгненне ў кабінет забягаюць Маргарыта Пятроўна і Зінаіда Мікалаеўна. Выгляд у іх зараз бадзёры і нават вясёлы.

СЦЯПАН СЦЯПАНАВІЧ. Вы! (Паказвае на Маргарыту Пятроўну.) Калі будзе справаздача?!

МАРГАРЫТА ПЯТРОЎНА (бадзёра). Паслязаўтра!

СЦЯПАН СЦЯПАНАВІЧ. Заўтра раніцай

яна павінна ляжаць у мяне на стале! А

інакш... (Грукае кулаком.)

МАРГАРЫТА ПЯТРОЎНА. Будзе ляжаць,

Сцяпан Сцяпанавіч! (Выбягае.)

СЦЯПАН СЦЯПАНАВІЧ (Зінаідзе Мікалаеўне). Заўтра ж праект плана ў мяне на стале! Раніцай! (Зноў грукае кулаком.) Паспрабуйце толькі не зрабіць!

ЗІНАІДА МІКАЛАЕЎНА (весела). Зраблю,

Сцяпан Сцяпанавіч! Усё зраблю! (Таксама

выбягае.)

СЦЯПАН СЦЯПАНАВІЧ (усё ніяк не можа

супакоіцца). Я вас навучу працаваць! Я вам

пакажу, дзе ракі зімуюць! Вы ў мяне усе заскачаце, усе заплачаце! Я васусіх у бараноў

рог скручу! Я вас... Я вам! О, вы яшчэ не ведаеце, на што я здатны!

Выкрыкваючы гэта, Сцяпан Сцяпанавіч усё лупасіць і лупасіць кулаком па стале.

А ў кабінет зноў убягае Нічыпар Трафімавіч. Спыніўшыся каля дзвярэй, ён з захапленнем глядзіць на свайго разгневанага начальніка.

НІЧЫПАР ТРАФІМАВІЧ (шэптам). Геніяльна, Сцяпан Сцяпанавіч! Ну проста геніяльна! Нават лепш, чым я чакаў! Ну, цяпер у

нас справа пойдзе!

Канец