Імправізацыя і яе коды

№ 2 (1232) 09.01.2016 - 15.01.2016 г

Абстракцыя — гэта...
У выставачнай зале Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Клеафаса Агінскага працуе выстава “Iмправізацыя”. Гэтай экспазіцыяй абстрактнага мастацтва стваральнікі хацелі завяршыць серыю штогадовых выстаў прафесійных творцаў Маладзечна: Мікалая Аўчыннікава, Рыгора Мяжуева, Уладзіміра Тамашэвіча, Аляксандра Пашкевіча, а таксама маладых талентаў Дзмітрыя Сакалоўскага і Наталлі Чарвонцавай.

Яны розныя, гэтак жа, як і іх творчасць, але ідуць яны шляхам не аднаўлення на палотнах і аркушах рэальнасці, а стварэння ўласнай творчасці, перадаючы адчуванні, эмоцыі, сутнасць матэрыяльнага свету пластычнай мовай формы і колеру. “Імправізацыя” — гэта плён інтуіцыі, рэакцыя мастака на навакольны свет. Дарэчы, адсюль і назва выставы. Творцы хацелі паказаць нам свет з іншага боку і, прынамсі, прапанаваць гледачу ўбачыць свет праз беспрадметнае мастацтва. Абстрактны жывапіс падобны музыцы, дзе колеры гучаць акордамі, ствараючы мінорны або мажорны настрой. Іх спалучэнне прымушае нас адчуць то напружанасць і экспрэсіўнасць, то змрочнасць, то прымірэнне.

Абстракцыя — гэта спосаб перадачы творцам самых моцных перажыванняў мінулага, душэўных эмоцый, калі слоў недастаткова, а ўбачанае хочацца захаваць ды падзяліцца ім з іншымі. Мастак выбірае найбольш сугучныя яму ў дадзены момант формы і фарбы, спалучаючы або падзяляючы іх у пошуку ўнутранага гучання.

У свет абстракцыі ўвайсці няпроста, мае быць пэўны настрой, уменне чуць музыку прасторы, адчуваць патрэбнасць вызвалення ад матэрыяльных вобразаў. Але куды больш складана з гэтага свету выйсці: такой прыцягальнай сілай ён валодае. Гэта было заўважна па наведвальніках выставы, якія горача абмяркоўвалі карціны Рыгора Мяжуева з яго орбамі: як нечакана ўзніклі бурбалкі надзеі, якія лопаюцца на сетцы свядомасці, што стварае ілюзію патоку ўражанняў, заснаваных на нашых эмоцыях. Таксама ўражваюць работы Уладзіміра Тамашэвіча, дзе на мяжы жывапісу і графікі знаходзіцца тэхніка акварэлі і гуашы. Выбар колеру мастаком не выпадковы: ён становіцца ўвасабленнем духоўнага працэсу, энергетычнага пасылу творцы. У карцінах Мікаля Аўчыннікава мастак як бы зашыфроўваў сваё мінулае перажыванне, прапускаючы яго праз цяперашняе бачанне, і дасылае далей у будучыню. Перад працамі Аляксандра Пашкевіча стаіш, як перад вітражамі абстракцыі, і з кожным новым поглядам раскрываецца нязведанае зерне сэнсу, да гэтага часу схаванае ў ценю.

Жывапіс і графіка на выставе маюць аднолькавы код, разуменне якога і будзе тым, чаго мастак чакае ад свайго ідэальнага гледача: працэсам судакранання іх часцінак свядомасці.

Экспазіцыя перадае атмасферу сучаснага мастацтва, дорыць гледачу сваё значэнне і сваю магчымую інтэрпрэтацыю. А яшчэ — бязмернае шчасце здагадкі, калі ты раптам спадзяешся, што зразумеў напісанае мастаком. Але ці хацеў ён наогул нешта сказаць? А мо проста атрымліваў асалоду ад працы? Ты пастаянна адчуваеш сябе падманутым, але не на побытавым узроўні, а на нейкім іншым, тым, дзе ўсё магчыма і па сутнасці не страшна і 
памыліцца.

Алена СКАБЛО, мастацтвазнаўца