Форум + конкурс: які іх плён?

№ 2 (1232) 09.01.2016 - 15.01.2016 г

Мінскія міжнародныя Калядныя і “многа-многа радасцяў”
Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі завяршыў год, паводле традыцыі, звязкай дзвюх грандыёзных падзей пад грыфам “Мінскі міжнародны Калядны” — конкурсам вакалістаў, які прайшоў у другі раз, і оперным форумам, шостым па ліку.

/i/content/pi/cult/568/12446/8-1.jpgАмаль два тыдні, з 9 па 20 снежня, тэатр гасцінна прымаў гасцей. Адных толькі канкурсантаў было 168 з 18-ці краін (заявак, дарэчы, паступіла каля 270-ці, але, як звычайна, хтосьці захварэў, змяніў планы, адмовіўся — адным словам, не прыехаў). На закрыцці форуму пераможцы з’ядналіся з зоркамі ў агульным гала-канцэрце.

Нарадзіўся фармат?

Як у вядомай навагодняй песеньцы, конкурс і форум, сустрэўшыся пад каляднай ёлачкай, прынеслі ўсім нам “многа-многа радасці”. І, як у калядных псалмах, сімвалізавалі нараджэнне — у дадзеным выпадку, новых зорак. Новага фармату нашага фестывалю. Новых прыхільнікаў беларускага опернага мастацтва.

Можна радавацца, што ў жорсткім спаборніцтве (да фіналу дапусцілі толькі 10 спевакоў) саліст нашага Вялікага тэатра Віктар Мендзелеў атрымаў Другую прэмію і спецыяльны прыз — запрашэнне выступіць у Манрэалі (Канада). Што адзін з вечароў форуму — тэатралізаваны канцэрт “Італьянская жарсць” — быў цалкам прысвечаны беларускай творчай моладзі, з’яднаўшы квартэт маладых спевакоў, маладых дырыжора і рэжысёра (2015-ы — Год моладзі!). Што запрошаныя замежныя крытыкі не сквапіліся на ўхваленні. Што залы былі паўнюткімі, апладысменты — бурнымі, захапленне публікі — поўным, задавальненне — глыбокім, рэзананс — вялікім…

Памятаю, як на першым такім форуме, сабраўшы разам замежных і беларускіх крытыкаў, кіраўніцтва тэатра зацікаўлена распытвала, па якім шляху развівацца нованароджанаму фестывалю надалей. І ўсе ў адзін голас сцвярджалі, што больш перспектыўным з’яўляецца запрашэнне не асобных салістаў, а адметных спектакляў (у тым ліку камерных, эксперыментальных) з розных краін. На першым форуме мы сапраўды ўбачылі латвійскую “Травіяту” і маскоўскага “… Цырульніка” (у версіі Новай Оперы імя Яўгена Колабава). На другім — запрошаны спектакль быў толькі адзін: зноў “Травіята”, але маскоўская, Музычнага тэатра імя Станіслаўскага. На трэцім — зноў адзін, затое ўпершыню на нашай сцэне: “Зігфрыд” Вагнера ў сафійскай пастаноўцы. На чацвёртым форуме да пецярбургскага “Балю-маскараду”, даволі сярэдняга па ўзроўні (Міхайлаўскі тэатр), упершыню далучыліся камерныя аднаактоўкі — усе беларускія, але адразу шэсць! Летась, калі ў рамках форуму прайшоў уласны конкурс (памятнае многім спаборніцтва 2012 года “Competizione dell’Opera” ладзілася замежнымі арганізатарамі і натхніла наш тэатр), беларускіх аднаактовак было дзве. Сёлета — не засталося ніводнай, як і запрошаных спектакляў.

Хочацца верыць, што прычынай таму толькі грошы. Бо нарадзіўся новы фармат форуму — з разлікам адно на оперныя галасы. Інакш чаму быў запрошаны цалкам увесь склад салістаў Вялікага тэатра Расіі, занятых у “…Анегіне” з рэжысурай Дзмітрыя Чарнякова, але спявалі яны ў нашым да болю традыцыйным спектаклі. Між тым, уся сцэнаграфія адметнай маскоўскай пастаноўкі — вялізны стол і сцены пакоя. Крэслы можна было назбіраць і нашы, хор наш, мяркую, таксама не адмовіўся б паспяваць “за сталом”. Але… абышлося без рэжысёрскай альтэрнатывы.

Апошняе тым больш крыўдна, што і на конкурсе, і на форуме добра заявілі пра сябе маладыя беларускія рэжысёры. У трэцім туры канкурсанты павінны былі выканаць сцэну з оперы, якая ідзе ў нашым тэатры. Дар’я Пататурка і Наталля Бараноўская прапанавалі сваё бачанне, сыходзячы з акцёрскіх здольнасцей удзельнікаў, выкарыстоўваючы відэашэраг (камп’ютарная графіка — Марыя Панджавідзэ) і тое, што ў тэатры называецца сцэнаграфіяй “на падборы” (мастак — Аляксандр Касцючэнка). Пры такім мінімалізме асабліва ўдалымі па рэжысёрскім антуражы (хай і з выкарыстаннем апрабаваных ідэй) падаліся фрагменты з “...Цырульніка”, “Тоскі”, “Снягуркі”, “Пікавай дамы”, “Багемы”.

“Італьянская жарсць”, што ўвайшла ў праграму форума, аказалася не канцэртам, як было пазначана ў буклетах і праграмках, а паўнавартасным спектаклем, блізкім па жанры да рэвю — з лагічнай сюжэтнай лініяй, элементамі пародыі на оперныя штампы ў дэкарацыях і касцюмах (на праславутым “падборы”). Двое вайскоўцаў спаборнічаюць за сэрца прыгажуні-квятняркі, якая жыве са строгім бацькам (Аляксандр Рославец). Дзяўчына (Марыя Шабуня), адпаведна з опернай традыцыяй, аддае сэрца тэнару (Юрый Гарадзецкі). Закаханыя збягаюць, сварацца, але ў хэпі-эндзе мірацца — і паміж сабой, і з астатнімі ўдзельнікамі дзеяння. Усё гэта — на аснове італьянскіх оперных ды песенных хітоў (дырыжор — Іван Касцяхін), дзе той жа Ілья Сільчукоў бліскуча выступіў ва не ўласцівым яму раней камічным амплуа. Але прозвішча рэжысёра Алены Медзяковай, якая і раней спрабавала ствараць, прычым даволі ўдала, тэатралізаваныя праграмы, не патрапіла ў фестывальны буклет.

Лепшым дырыжорскім здабыткам форуму (і сапраўдным "адкрыццём нанова") сталася майстэрства нашага Вячаслава Воліча, якое значна ўзрасло пасля працяглай працы ў Маскве.

Конкурс

Арганізацыя сёлетняга спаборніцтва не змянілася. Першы тур застаўся выпрабаваннем для… нашых канцэртмайстраў і членаў міжнароднага журы. Удзельнікі спявалі ўсяго па адной арыі, але нават па першых нотах было зразумела, што некаторыя вакалісты, як гэта назіралася і летась, маюць не адпаведны міжнароднаму опернаму конкурсу ўзровень. Затое на канцэртмайстраў прыпадала па дваццаць (!) удзельнікаў, у кожнага з якіх яны ўкладвалі свае сілы, імкнуліся дапамагчы… Дый для журы пры такім “наплыве” і далейшым выбыванні больш як 4/5 канкурсантаў пазбегнуць складанасцей было немагчыма.

Конкурс паказаў, што ёсць галасы добрыя, ёсць вельмі добрыя і папраўдзе шыкоўныя. А тых спевакоў, якіх будзеш з задавальненнем слухаць і, што для оперы немалаважна, глядзець, чыім героям будзеш суперажываць, — не стае. Сыходзячы менавіта з оперных, тэатральных, а не адно канцэртных патрабаванняў, неаспрэчнага Гран-пры на конкурсе, на маю думку, не было. Так, сапраўдным адкрыццём стала Надзея Паўлава з Пярмі, якая той Гран-пры атрымала, прычым разам з прызам глядацкіх сімпатый (той жа прыз з ёй падзяліў уладальнік Першай прэміі Міхаіл Малафій з Украіны). Але пры ўсёй музычнасці спявачкі, неверагоднай вакальнай выразнасці, прыгажосці яе сапрана, уменні выдаваць кранальныя (і чутныя па ўсёй зале!) ціхія гучанні ў высокім рэгістры, якога многія дасягаюць звычайным крыкам, ёй яшчэ трэба вельмі і вельмі многа працаваць над відовішчным “малюнкам” сваіх партый. Ці ж можа Віялета ў “Травіяце” кожны крок “убіваць” у падлогу? У спявачкі можа быць бліскучая будучыня сусветных маштабаў — трэба толькі знайсці рэжысёра, які будзе карпатліва працаваць над пластыкай.

Здзіўленне ў многіх выклікала Другая прэмія нашага Віктара Мендзелева (нагадаю, летась ён таксама ўдзельнічаў у гэтым конкурсе, але дайшоў толькі да другога тура). На маю ж думку, журы выказала пашану не адно да тэатра-гаспадара, але і да творчых дасягненняў самога спевака, які, не абмежаваўшыся лірыкай ці драмай, паказаў разнастайны па стылі і вобразах рэпертуар. Ягоны Герман у трэцім туры адпавядаў не столькі герою “Пікавай дамы” Чайкоўскага, ахопленаму любоўнай жарсцю, колькі змрочнаму, апантанаму ідэяй фікс персанажу аднайменнай аповесці Пушкіна. Бы чорны, страшны павук-крывасмок, ён “аплятаў-спавіваў” нявопытную, даверлівую Лізу (Таццяна Гаўрылава), якая праз яго заляцанні хацела б вырвацца з-пад татальнай апекі зусім не старой, але вельмі ўладарнай Графіні (Марына Аксёнцава). Таму і некаторае “рыканне” саліста на ніжніх нотах, і пераход на крык у кульмінацыі, і адсутнасць зачаравальнай па прыгажосці кантылены былі цалкам апраўданы абраным сцэнічным вобразам. Што ж да лірыкі, дык у яго выкананні ёй можна было насалодзіцца акурат на наступны дзень у “Царскай нявесце”, калі наваспечаны лаўрэат выйшаў у партыі Лыкава, ніколькі не пацьмянеўшы побач з цудоўнай Марфай — Венерай Гімадзіевай (Расія): яны былі насамрэч годнымі адно аднаго партнёрамі.

Форум

Замест паўнавартасных рэцэнзій на кожны спектакль і канцэрт форуму (гэта з поспехам зробяць і ўжо зрабілі запрошаныя замежныя крытыкі, убачыўшы нашы нядаўнія прэм’еры ўпершыню) сканцэнтруем увагу на фестывальных тэндэнцыях.

Калі б конкурсны падыход распаўсюджваўся і на самі спектаклі, дык лідзіравала б згаданая “Царская нявеста”. Аднак пры ўсіх яе неаспрэчных плюсах і ў рэжысуры (Міхаіл Панджавідзэ), і ў выкананні (чаго каштуе той жа Станіслаў Трыфанаў, які ўзнёс партыю Гразнога на вяршыні нават не драматызму, а сапраўднага трагізму) з агульнай палітры сцэнічнай натуральнасці выбіваўся крыху шаржаваны вобраз Дуняшы (Марына Мароз). Пэўна, пазначыць яе кантраст з Марфай можна было не адкрыта плакатнымі, а больш тонкімі сродкамі.

У “Яўгеніі Анегіне”, пры ўсіх хібах маральна састарэлага сцэнічнага відовішча, цікава было назіраць за самімі салістамі — скрозь запрошанымі. Яны сумленна прытрымліваліся нашых мізансцэн, але ўдзел у маскоўскім спектаклі Дзмітрыя Чарнякова “чытаўся” ўжо ў іх вакале, а менавіта ў яго асэнсаванасці, інтанацыйнай выразнасці як уласна музычных фраз, так і іх славеснага напаўнення. Праз дакладна пастаўленыя сэнсавыя акцэнты адразу “палепшала” дыкцыя, з’явілася лагічнае апраўданне кожнага з учынкаў. У фінале Таццяна не “наступала на горла” сваёй колішняй закаханасці ў Анегіна, не прыносіла нікому не патрэбную “ахвяру”. Пасталеўшы-памудрэўшы, яна абірала стабільнасць (дый як не пакахаць такога Грэміна, якога ўвасобіў бас-барытон Алег Цыбулька!), а не жыццё на непрадказальным вулкане: пачуццяў, жаданняў, прыхамацяў з боку Яўгена і абавязкаў — з яе. Па твары артысткі было бачна, што канчатковае рашэнне гераіня прымала акурат у той момант, калі ў Анегіна вырывалася: “Ты для меня должна…”

У “Кармэн”, наадварот, кахання не было зусім. Паміж галоўнай гераіняй (народная артыстка Украіны Анжэліна Швачка) і Хазэ (Эдуард Мартынюк) цягам усяго спектакля панавала не каханне, а негалоснае спаборніцтва ў духоўным лідарстве. Ураўняць іх магла толькі смерць. Але для разумення гэтага хапіла б і фрагмента, а не ўсяго спектакля, сумную “зададзенасць” якога не столькі парушалі, колькі “падрывалі знутры” каларытныя постаці астатніх салістаў (той жа ансамбль кантрабандыстаў аказаўся на дзіва “персаніфікаваным”, нават знешне) і найперш — тарэадора Эскамільё (Уладзімір Пятроў).

Пры ўсёй зорнасці гала-канцэрта больш за тры гадзіны — гэта занадта. Аркестр на такім закрыцці форуму ўпершыню быў у яме, а не запаўняў сабой сцэну. Салісты выглядалі на ёй сіратліва, асабліва ў другім аддзяленні, калі зніклі нават “архітэктурныя выявы” на экране. Узгадалася нядаўняя тэлетрансляцыя гала-канцэрта “Гелікон-Оперы” з Масквы, у якім было багата адмыслова падрыхтаваных тэатралізаваных нумароў. Так што ў “конкурсе канцэртаў” адназначна перамагла кампактная вышэйапісаная “Італьянская жарсць”. Але што трэба абавязкова падтрымліваць і надалей, дык гэта добра выяўлены ў абедзвюх праграмах разлік на пераможцаў мінскіх калядных конкурсаў: вось ён, плён цяперашняга сумяшчэння вакальнага спаборніцтва і опернага форуму.

Фота прадастаўлены тэатрам

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"