Эксперты па нябачным

№ 2 (1232) 09.01.2016 - 15.01.2016 г

Летась убачыла свет краязнаўчая аўдыякніга — вынік працы над праектам “Гродна: пачуць нябачнае”. У спецбібліятэцы для інвалідаў па зроку і тых, хто слаба бачыць, прайшла прэзентацыя новага выдання. Але дарога да заключнага мерапрыемства ў бібліятэкараў Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Гродна была няпростай.

Яшчэ год таму ў фондзе спецыяльнай бібліятэкі для інвалідаў па зроку і тых, хто слаба бачыць, кнігі пра Гродна займалі сваё месца толькі ў традыцыйным друкаваным выглядзе. На ўліку ж у Гродзенскім абласным аддзяленні грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” амаль 500 асоб, а інвалідаў па зроку і тых, хто слаба бачыць, пражывае ў горадзе значна больш. Аўдыякніга — унікальны шанец спазнання імі гісторыі прыгожага еўрапейскага горада, крок да роўных магчымасцяў. Рэалізацыяй праекта ад ідэі да практычнага ажыццяўлення і прэзентацыі займаліся неабыякавыя людзі: бібліятэкар спецыяльнай бібліятэкі для інвалідаў па зроку Раіса Ланеўская, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Таццяна Шыбут…

Былі агучаны папулярныя краязнаўчыя кнігі. Дапамагло ААТ “Гродзенскі мясакамбінат”. Асаблівую атмасферу таямнічасці і прыгажосці гістарычнага мінулага Гродна стварыў дыктар, акцёр і рэжысёр Віктар Мароз, чый голас будзе суправаджаць слухача на працягу 13 гадзін гучання аўдыякнігі. Спецыяльна для аўдыякнігі Ірына Жыбіна напісала лірычную песню пра Гродна “Вальс лёсу”. На аўдыядыску песня гучыць у выкананні дуэта Ірыны Жыбінай і Аляксандра Багданава, актыўных карыстальнікаў спецыяльнай бібліятэкі для інвалідаў па зроку. У выніку рэалізацыі праекта 50 аўдыякніг “Гродна: пачуць нябачнае” трапілі ў фонды спецыяльных бібліятэк краіны, у школы-інтэрнаты для дзяцей, якія слаба бачаць, у рукі аматараў гісторыі горада.

У красавіку пачалася распрацоўка новага праекта па стварэнні тактыльных кніг для невідушчых дзяцей “Цёплыя кнігі”. Узяліся за такі праект бібліятэкары невыпадкова. Больш за 10 гадоў філіял № 5 Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Гродна працуе з вучнямі Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку. Штогадова бібліятэку наведваюць больш за 40 выхаванцаў школы-інтэрната. Для іх праводзяцца літаратурныя гульні і віктарыны, ладзяцца чытанні. У сваёй працы аўтары праекту абапіраліся на фінскі дзесяцігадовы вопыт па вырабе тактыльных кніг для дзяцей. Унікальнасць праекта ў тым, што падобных кніг да гэтага часу не было ні ў публічных, ні ў школьных бібліятэках не толькі Гродна, але і многіх іншых гарадоў краіны. Фінансавую падтрымку аказала ААТ “Малочны мір”.

Праект прадугледжвае стварэнне чатырох тактыльных кніг. Першыя дзве былі зроблены рукамі ўдзельніц клуба “Радасць”, які аб’яднаў у філіяле № 10 майстрых-рукадзельніц пад кіраўніцтвам бібліятэкара Ларысы Аутка. У кнігах па чатыры старонкі з рэльефнымі малюнкамі да вядомых вершаў дзіцячых паэтаў. Друкаваны тэкст прадубляваны шрыфтам Брайля. Аналагічна зроблена трэцяя кніга па казцы “Шчанюк”, у якой ужо сем ярка ілюстраваных старонак. Выкарыстоўваліся мех, воўна, лямец, скура, тасьма, гузікі і многія іншыя матэрыялы.

У якасці “экспертаў” выступілі чытачы спецыяльнай бібліятэкі для інвалідаў па зроку і навучэнцы школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку. Па іх прызнанні, не ўсе дэталі былі пазнавальнымі, але кнігі навобмацак далі адчуванне цеплыні, новыя ўражанні. Заўвагі “экспертаў” аўтары праекта пастараліся ўлічыць. Да працы як валанцёры былі прыцягнуты студэнты педагагічнага факультэта Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы. Завяршаецца выраб чацвёртай кнігі па рускай народнай казцы “Калабок”.

Наталля НАЗЕМЦАВА, загадчык аддзела бібліятэчнага  маркетынгу Цэнтралізаванай  бібліятэчнай сістэмы горада Гродна