Мастацтва атрымання грантаў

№ 2 (1232) 09.01.2016 - 15.01.2016 г

Культура Дрыбіншчыны — бадай, адна з брэндавых у краіне. Прынамсі, менавіта яна асацыюецца са старадаўнім мясцовым майстэрствам шапавальства, якое не згубіла тут практычнага прызначэння. Магічнасць “цёплага” брэнду асабліва актуальная ў сённяшнія дваццаціградусныя маразы. Але зусім не таму рэгіянальны фестываль народнай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў “Дрыбінскія таржкі” атрымае фінансавую падтрымку Еўрасаюза.

Проста з грантамі трэба ўмець працаваць. У аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дрыбінскага райвыканкама такім выключна патрэбным на сёння мастацтвам авалодалі яшчэ чатыры гады таму. Начальнік названага аддзела Алена Рабкавец распавядае, што першыя еўрасаюзаўскія грошы пайшлі тады на стварэнне ў мясцовым гісторыка-этнаграфічным музеі творчай лабараторыі па даследаванні і выкарыстанні нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны. Сродкі былі выкарыстаны для набыцця камп’ютарнай тэхнікі, відэаабсталявання ды касцюмаў для тэатралізацыі.

Чарговаму “ўліванню” замежных грошай паспрыяла грамадскае аб’яднанне “Адпачынак у вёсцы”. Шапавальства Дрыбіншчыны стала дзейсным стымулам для развіцця ў раёне сельскага турызму. Мы пісалі пра тое, як еўрасаюзаўскія грошы былі выкарыстаны для набыцця мэблі і для раённага музея, і для майстэрні, дзе працуюць гурткі шапавальсттва. Сродкі пайшлі і на набыццё сыравіны, у прыватнасці — каляровай воўны, ды сучаснага шапавальскага абсталявання, якое дазволіла майстрам не абмяжоўвацца вырабам традыцыйных валёнак, а выйсці на якасна новы ўзровень падрыхтоўкі з лямцу мастацкіх кампазіцый, адмысловай біжутэрыі…

І вось апошняя навіна. Культура Дрыбіншчыны выйграла конкурс мясцовых ініцыятыў у межах праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Як вядома, праект рэалізоўваецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН) пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза. Такім чынам “Дрыбінскія таржкі” прызнаны адным з рэсурсаў устойлівага развіцця раёна.

Некалькі слоў пра фестываль, які ладзіцца штогод. Гэта маштабная дзея працуе на папулярызацыю і развіццё мясцовага традыцыйнага народнага мастацтва, якое цяпер шырока вядомае і за межамі Беларусі. Летась, да прыкладу, у рабоце “Дрыбінскіх таржкоў” бралі ўдзел прадстаўнікі Украіны, Малдовы і Кітая. Сёлета, па словах Алены Рабкавец, геаграфія фэсту будзе пашырана.

А на ўмацаванне яго матэрыяльна-тэхнічнай базы, сцвярджае начальнік аддзела, ПРААН выдаткоўвае 18 тысяч долараў. Іх выкарыстанне будзе распачата з лютага. Мяркуецца набыць мультымедыйнае абсталяванне, відэаапаратуру, светлавыя прыборы і сцэнічныя касцюмы. Апрача гандлю сувенірамі пройдуць чатыры семінары, а таксама шэраг майстар-класаў па развіцці народных промыслаў, рамёстваў і традыцыйнага мастацтва, да прыкладу, побытавых танцаў Беларусі. У семінарах і майстар-класах прымуць удзел вядучыя спецыялісты вобласці і рэспублікі.

Апрача небюджэтных “Дрыбінскія таржкі” напоўніцу выкарыстоўваюць і спонсарскія грошы. Паколькі лепшага піяру для “шапавальскай сталіцы” і не прыдумаць, дык у брэндавым фэсце прымаюць удзел і ўсе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, якія на дзень святога прарока Ільі не толькі прапаноўваюць спажыўцу здабыткі новага ўраджаю, але і выступаюць фундатарамі шматлікіх фестывальных крамніц. Такім чынам, брэнд, адроджаны мясцовай культурай, актыўна працуе цяпер на агульную карысць.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"