Што новага ў абласных музеях?

№ 2 (1232) 09.01.2016 - 15.01.2016 г

“Антураж часу”і яго кошт: ад кручка з мінулай эры да “Успамінаў…” Эміля Лазэ
Набыць антыкварныя прадметы для стварэння пэўнай атмасферы ў музейнай экспазіцыі ці папаўнення фондаў з кожным годам становіцца ўсё больш цяжка: цэны “кусаюцца”, а спонсарамі могуць пахваліцца хіба адзінкавыя ўстановы. “К” пацікавілася, што набылі абласныя музеі ў 2015 годзе і колькі сродкаў выдаткавалі на такія мэты. Зразумела, многае залежыць ад эканамічнай сітуацыі ў краіне, ад бюджэту канкрэтнай вобласці. Зараз жа музеі ў чаканні таго, колькі бюджэтных грошай вылучыць бюджэт у 2016 годзе на такія мэты і якой акажацца ў частцы выдаткаў Дзяржаўная праграма “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады. Але звернемся да канкрэтыкі па годзе 2015-м.

/i/content/pi/cult/568/12442/6-1.jpgМанеты 1941-га і бутэлечкі для парфумы

Мінскі абласны краязнаўчы музей у Маладзечне летась скарыстаў на закупку 192 мільёны 500 тысяч рублёў (у 2014-м сродкаў пайшло значна больш), з якіх 100 пайшло на набыццё твораў жывапісу — дзве карціны заслужанага дзеяча мастацтваў краіны Леаніда Дударэнкі і дзве — маладзечанскага майстра Уладзіміра Тамашэвіча. У фондах з’явіўся каляндар з саломкі, прысвечаны беларускім народным святам, аўтарства загадчыка аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Музычнага каледжа імя Міхала-Клеафаса Агінскага, члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Людмілы Валковіч-Борыс.

Летась у музеі з’явілася шкло канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў у стылі мадэрн, а таксама дзве камінныя вазы, бутэлечкі для парфумы, дробная пластыка пачатку 1950-х. Дзвюма манетамі 1941 года папоўнілася калекцыя нумізматыкі. Але гэта яшчэ не ўсё. Для экспазіцыі пачатку ХХ стагоддзя патрэбен, напрыклад, адпаведны часу канцылярскі стол. І калі знайсці яго не праблема, то набыць адшуканае — істотнае пытанне. Фінансы, фінансы… Сярод іншых планаў на 2016-ты — і рэстаўрацыя дакументаў.

Мінералы ў Брэсце

Брэсцкаму абласному краязнаўчаму музею з бюджэтных сродкаў кожны год выдзяляецца 25 мільёнаў на набыццё новых рэчаў. Што можна набыць на такую суму? Сярод буйных закупак-2015 можна адзначыць калекцыю мінералаў Уладзіміра Янушава, частку якой перадаў яго ўнук Ігар Аляксандравіч. Але самыя каштоўныя адзінкі са збору музей набыў. На гэтую ж суму брэстчане прыдбалі прадметы побыту: тэлефон 1930-х, этнаграфічныя рэчы, паштоўкі 1940 — 1960-х. Да слова, у 2014 годзе на тыя ж 25 мільёнаў Брэсцкі абласны краязнаўчы музей набыў трыпціх Настассі Фяцісавай і яшчэ некаторыя рэчы.

Вазы, карты, старадрукі…

Кожны год Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей набывае творы сучасных мастакоў. Канкрэтна летась фонды папоўніліся карцінамі, графікай, творамі ДПМ 45 майстроў. У калекцыі цяпер ці не ўсе карціны мастака Уладзіміра Мурахвера. У 2015-м музей набыў дэкаратыўныя вазы і скульптуры шклозавода “Неман”, ігральныя карты 1940-х (былой гродзенскай друкарні Лапіных). У фондзе старадрукаў і рэдкіх кніг зараз знаходзяцца нямецкія і французскія старадрукі пачатку ХІХ стагоддзя. У 2015 годзе бюджэтных сродкаў на закупкі было выдаткавана 152 мільёны, пазабюджэтных — 16 мільёнаў (у 2014-м — 308 мільёнаў з бюджэту і 4 з пазабюджэту).

Кручок рыбалоўны і ўспаміны 1927-га

Вясной Гомельскі палацава-паркавы ансамбль правёў акцыю “Даеш экспанат у музей!”. Гэтак фонды музея папоўніліся рэчамі 1960-х, сярод якіх — мэбля, адзенне, тэхнічныя прыстасаванні… Музей набыў прадметы археалогіі (дзейнічае і выставачны праект “Новае ў археалогіі Гомельшчыны”) — кручок рыбалоўны (II тысячагоддзе да нашай эры), шпільку з колцападобным навершам мілаградскай культуры (VII — III стагоддзі да н. э.), пласціністы пярсцёнак з бронзавай схематычнай выявай, як мяркуецца, святога Георгія XII — XIII стагоддзяў.

Нядаўна ў музеі з’явілася акварэль нямецкага мастака Эміля Лазэ — “Успаміны пра гомельскі парк”, якую ён напісаў у 1927 годзе. У 2014 годзе музей набыў памятны медаль “У гонар 50 гадоў выбітных ваенных заслуг генерал-фельдмаршала князя Варшаўскага Паскевіча Эрыванскага”, які быў зроблены на Варшаўскім манетным двары. Хутчэй за ўсё, гэты медаль калісьці знаходзіўся ў калекцыі ўладальніка палаца. Сярод новых фондавых паступленняў можна адзначыць гравюру пачатку ХІХ стагоддзя з партрэтам Пятра Румянцава-Задунайскага, літаграфіраваны партрэт Івана Паскевіча 1855 года.

Якія планы? Музей мяркуе стварыць выставу першых дзесяцігоддзяў пасляваеннага часу, на якой наведвальнікі змогуць убачыць модныя тэндэнцыі другой паловы ХХ стагоддзя, напрыклад, жаночыя ўпрыгожанні, а таксама розныя рэчы таго часу. У 2016 годзе споўніцца 120 гадоў з дня нараджэння мастака Барыса Звінагродскага, таму калекцыя жывапісу папоўнілася яго партрэтам пэндзля Алеся Цыркунова, напісаным каля 40 гадоў таму.

Літаграфія Осіпа Цадкіна

Віцебскі абласны краязнаўчы музей у 2014 годзе закупіў 19 работ сучасных мастакоў на 100 мільёнаў беларускіх рублёў, якія выдзяліў абласны бюджэт. А летась музей набыў 20 работ трох сучасных мастакоў з горада над Заходняй Дзвіной на суму 25 мільёнаў рублёў (таксама сродкі абласнога бюджэту). У 2015-м у фондзе абласнога краязнаўчага з’явілася і літаграфія Осіпа Цадкіна, кошт якой — 18 мільёнаў. Набыта яна была на пазабюджэтныя сродкі. Таксама фонды папаўняюцца падоранымі рэчамі.

Бронзавы кельт у Магілёве

У Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Еўдакіма Раманава папоўніліся калекцыі “Археалогія” і “Мяккая этнаграфія”. Што да першай, то ў ёй ужо знаходзіцца бронзавы кельт меларскага тыпу (I тысячагоддзе — VIII стагоддзе да нашай эры). У Беларусі такую рэч амаль немагчыма знайсці, а ў магілёўскім музеі гэта ўжо другі экзэмпляр, які быў знойдзены на тэрыторыі Падняпроўя (Быхаўскі раён). У калекцыі ж “Мяккая этнаграфія” з’явіліся прадметы жаночага народнага касцюма магілёўскага строю: кашуля і фартух пачатку ХХ стагоддзя. Серыю партрэтаў (разцовая гравюра) гістарычных персанажаў, звязаных з ваеннымі падзеямі XVII стагоддзя, што закранулі Магілёўшчыну, выканаў Уладзімір Вішнеўскі. Але з пяці работ музей змог набыць тры.

Што да вылучаных грошай, то ў 2014 і 2015 гадах музей закупляў рэчы на суму 70 мільёнаў рублёў штогод. А ў 2013-м — на 395 мільёнаў… У далейшым Магілёўскі абласны музей плануе папоўніць калекцыі “Ваенная гісторыя”, “Фотадакументы”, “Нумізматыка” ды іншыя.

Вольга РОПАТ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ

Ілюстрацыі да матэрыялу прадастаўлены музеямі.