Пытанне вырашыць… пятля?

№ 2 (1232) 09.01.2016 - 15.01.2016 г

Сюіта пад грукат экскаватараў
Канец 2015 года для Дзіцячай музычна-мастацкай школы мастацтваў № 1 горада Мінска выдаўся святочным: установа адзначыла сваё 35-годдзе, атрымаўшы за плённую працу у тым ліку падзячны ліст Прэзідэнта краіны. Аднак у педагогаў і навучэнцаў не атрымліваецца цалкам радавацца прыемным падзеям, бо над будынкам школы які год вісіць пагроза зносу…

/i/content/pi/cult/568/12441/4-2.jpgПланы генплана

Мінск актыўна забудоўваецца, і ўжо не пазнаць абрысы гораду нават дзесяцігадовай даўніны. Раён колішняй вёскі Міхалова не стаў выключэннем. Калі яшчэ летась навучэнцы музычнага аддзялення Дзіцячай музычна-мастацкай школы мастацтваў №1 ішлі на заняткі праз прыватны сектар, то апошнія месяцы тыя хаткі адна за адной знікаюць. Сёння на велічэзнай пустэчы па цотным баку вуліцы Алібегава будынак культурнай установы стаіць практычна ў адзіноце. Не дзіва, што заклапочаныя бацькі навучэнцаў штодня сустракаюць дырэктара ўстановы Жанну Куеўду адным і тым жа пытаннем: “Што з намі будзе?”

— У генплане горада будынак нашага музычнага аддзялення (юныя мастакі займаюцца ў двух філіялах, якія месцяцца па вуліцах Слабадская і Касманаўтаў) значыцца як той, што падлягае пад знос ужо гадоў восем, — тлумачыць сітуацыю Жанна Валер’еўна. — Аднак пытанне да гэтай пары не вырашана і нават не зразумела, якім чынам гэта будзе зроблена…

Побач распачынаецца ўзвядзенне жылых шматпавярховак 2-й і 3-й чаргі. Туды неабходна пракладаць камунікацыі, а будынак школы гэтаму замінае. Да таго ж, вуліцу Алібегава, што звязвае мікрараён Сухарава з праспектам Дзяржынскага, плануецца пашыраць, і невялічкая “музыкалка” трапляе ў “чырвоную” лінію перапланіроўкі…

Неверагодныя мары навабудаў

Зразумела, ніхто не зачыніць школу і не выставіць паўсотні дзяцей на вуліцу, але выкладчыкаў і бацькоў справядліва хвалююць варыянты вырашэння наспелай праблемы. Яшчэ год таму актыўна абмяркоўвалася магчымасць узвядзення новага будынка ДММШМ, які нарэшце аб’яднаў бы пад адным дахам юных музыкантаў і мастакоў. Непадалёк ад сучаснага адраса быў нават вылучаны зямельны ўчастак для такога будаўніцтва. Ідэальны варыянт!

— Мы ўжо шчыльна працавалі з “Белжылпраектам”, знаходзіліся недзе на перадпраектнай стадыі. Аднак выйшлі ўдакладненні да санітарных норм і правіл для ўстаноў дадатковай адукацыі. Там дакладна прапісана, якімі мусяць быць памяшканні. У сувязі з новымі патрабаваннямі высветлілася, што на гэтым кавалаку зямлі мы ўжо банальна не змяшчаемся… — уздыхае дырэктар установы.

У прыватнасці, для навучання жывапісу неабходна мець у наяўнасці 5 квадратных метраў на дзіця. Калі ў сярэднім група складаецца з 9 — 12 чалавек, то толькі для навучэнцаў трэба прадаставіць клас у 60 квадратных метраў, не ўлічваючы настаўніка, а таксама прастору для шафаў, для захавання наглядных дапаможнікаў…

— Мы імкнемся растлумачыць, што ДММШМ, куды дзеці прыходзяць на некалькі гадзін пасля агульнаадукацыйнай школы, не патрабуе вялікай прылеглай тэрыторыі, спартыўнай пляцоўкі, гаспадарчых блокаў. Установы дадатковай адукацыі спрадвеку спакойна абыходзіліся без кропак грамадскага харчавання (сталовых, буфетаў). Мне падаецца, тэма гэтая не да канца закрытая. Магчыма мы прыйдзем да якога-небудзь кампрамісу ў плане ўзвядзення новага будынка, — дадае суразмоўца.

Спадарыня Куеўда згодная на варыянт, калі ў навабуд пераедуць толькі музыканты (адміністрацыя Маскоўскага раёна сталіцы абяцае пры неабходнасці знайсці дадатковыя плошчы для мастацкага аддзялення). У гэтым выпадку спатрэбіцца меншае па аб’ёме і павярховасці памяшканне, значыць, ёсць шанец упісацца ў новыя санітарныя нормы. Толькі б не спазніцца, пакуль зямельны ўчастак яшчэ не заняты…

Пад’езд з музычным паверхам

Праз змены ў заканадаўстве дырэктару ўстановы прапанавалі разгледзець магчымасці размяшчэння школы ва ўбудаваных памяшканнях. Умоўна кажучы, калі побач здадуць шматкватэрны дом, то першы паверх, які запланаваны пад нежылы фонд, могуць перадаць ДММШМ №1.

— Некалькі варыянтаў я глядзела, — працягвае Жанна Валер’еўна. — Але ёсць праблема: ці змогуць праекціроўшчыкі прадугледзіць якасную гукавую “шапку”? Мы прагаворвалі гэты момант з прадстаўнікамі Упраўлення капітальнага будаўніцтва: неабходна вялікае па метражу памяшканне з добрай акустыкай і пры гэтым — ідэальнай гукаізаляцыяй, каб не турбаваць жыхароў. Не ведаю, наколькі тое магчыма…

На мой погляд, прапанова нават гучыць неверагодна. Колькі коп’яў было зламана на інтэрнэт-форумах (і не менш ляжыць скарг у ЖЭСах), калі ў панэльным доме ў суседзяў грае адно піяніна, а тут пад жылым фондам з 8 да 20 будзе рэпеціраваць цэлая музычная школа! Хаця, канешне, у фінансавым плане такі праект выглядае больш прывабна: грошай ён пацягне менш, чым узвядзенне з нуля навабуда...

Ды адной гукаізаляцыяй праблемы першых паверхаў не заканчваюцца. Аглядаючы прапанаваныя месцы, мая суразмоўца адзначыла, што ўсе памяшканні падзелены шматлікімі апорнымі калонамі (гэта архітэктурная неабходнасць: інакш гмах не зможа трывала стаяць). Калі з улікам гэтага нюансу класы яшчэ можна запланаваць, то прадугледзець актавую залу амаль немагчыма. Апошняя — не проста пляцоўка для канцэртнай дзейнасці, яна — частка няспыннага навучальнага працэсу, распісаная штодня пагадзінна для работы шматлікіх калектываў, у тым ліку і ўзорнага. На базе школы мастацтваў № 1 працуюць гарадскія метадычныя секцыі па цымбалах і фартэпіяна, ладзяцца метадычныя канферэнцыі для двух дзясяткаў сталічных школ мастацтваў, майстар-класы профільных ВНУ і каледжаў, гарадскія адборачныя туры да міжнародных конкурсаў і гэтак далей. Каб падтрымліваць сённяшні ўзровень, сапраўды патрэбная зала з добрай акустыкай і неабходнай умяшчальнасцю.

Як вырашыць?

Неаднойчы ў размовах з прадстаўнікамі профільных устаноў розных ступеняў адукацыі я чула нараканні на значнае скарачэнне колькасці ахвотных прыйсці да іх навучацца. У школы мастацтваў №1 нават пытання такога не паўстае: па некаторых спецыяльнасцях — у прыватнасці, фартэпіяна, гітара, вакал, эстрадны напрамак — конкурс даходзіць да 12 чалавек на месца! Магчыма, таму спрыяе ўдалае геаграфічнае месцазнаходжанне: сюды едуць з бліжэйшых мікрараёнаў Маскоўскага і Фрунзенскага раёнаў сталіцы. Дарэчы, запланаваныя дамы па суседстве з ДММШМ №1 пазначаны ў якасці жылля для шматдзетных сямей, такім чынам, у хуткім часе наплыў патэнцыйных музыкантаў павялічыцца.

Узнікала размова размеркаваць вучняў на пэўны перыяд па часовых кропках. Але куды падзенуцца ўсе гэтыя дзеці, калі класы размяркуюць па іншых месцах? Педагагічны склад упэўнены, што ў гэтым выпадку згубіць значную частку навучэнцаў, а ад гэтага пацерпіць выніковасць і перспектыўнасць навучання… Зрэшты, спадарыня Куеўда сумесна з начальнікам упраўлення адукацыі Алай Куніцкай вывучала пытанне, шукаючы вольныя памяшканні ў Маскоўскім раёне, аднак не знайшла іх ў патрэбнай колькасці.

— Але каб яны і з’явіліся… Вялікіх выдаткаў каштуе транспарціроўка з месца на месца інструментальнага фонду, які ў нас досыць сур’ёзны. Прынамсі, мы маем чатыры раялі, адзін з якіх — ручной работы, і мы ім вельмі ганарымся. Каб адправіць адпаведна ўсіх правілаў толькі адзін з іх, неабходна знайсці траціну ад кошту новага інструмента! — тлумачыць дырэктар. — Гэта ў выпадку, калі пасля перасялення яго не спатрэбіцца рамантаваць. Што мы атрымаем? Магчыма, танней накіраваць гэтыя грошы на будаўніцтва новага ці капітальны рамонт старога будынку?...

Трэба зазначыць, што адміністрацыя школы вельмі трапятліва ставіцца да цяперашняга будынка. Усе вокны заменены на шклопакеты, усталявана добрая ўваходная група, адпавядае нормам пажарнай бяспекі група запаснога выхаду, зала забяспечана кандыцыянерамі, усе класы маюць неабходнае абсталяванне. Таму ўсё часцей узнікаюць размовы, а мо праекціроўшчыкі і камунальшчыкі прадугледзяць у гэтым месцы пятлю, каб усё ж пакінуць будынак на месцы… Дырэктару падаецца такое развіццё падзей самым кампрамісным па фінансаванні. У гэтым выпадку школа зможа прэтэндаваць на капітальны рамонт у будучым і ўзвядзенне другога паверха, што, у сваю чаргу, дазволіць выкарыстаць увесь прафесійны патэнцыял, які маецца на сёння, дапаможа стварыць новыя калектывы з ліку навучэнцаў.

У “чырвоную кнігу”?

Колькі яшчэ школа мастацтваў № 1 будзе жыць на ростанях верагоднага зносу — невядома. “Мы разумеем, што навучальны працэс спыняць нельга. Многія з нашых выхаванцаў рыхтуюцца да сур’ёзных конкурсаў, будучыя выпускнікі распачалі рэпетыцыі нумароў для паступлення ў профільныя каледжы. Нам патрэбна прадаставіць ім годныя ўмовы, але даволі складана настроіцца на плённую вучобу, калі экскаватары падбіраюцца ўсё бліжэй”, — тлумачыць хваляванні бацькоў Жанна Валер’еўна.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска Уладзімір Танкевіч просіць бацькоў не турбавацца; у размове з карэспандэнтам “К” ён некалькі разоў падкрэсліў, што дзяцей без памяшкання не пакінуць, ніхто не будзе высяляць навучэнцаў, пакуль не знойдзецца неабходны будынак.

— У сталіцы ў планах пад знос знаходзіцца каля двух тысяч дамоў, але для такога кроку неабходна знайсці фінансаванне, — нагадаў Уладзімір Валер’евіч. — Пакуль ўзвядзенне новай музычна-мастацкай школы не ўключана ў інвестпраграму Мінска. Адміністрацыя Маскоўскага раёна рыхтуе старшыні гарвыканкама дакладную запіску, якая хутка з’явіцца на яго стале. Мы прапануем уключыць гэты аб’ект у інвестпраграму ці перанесці на нейкі тэрмін пашырэнне праезджай часткі гэтага адрэзку вуліцы Алібегава (мы знайшлі варыянт, як можна перакласці інжынерныя сеткі і пабудаваць усе запланаваныя дамы). Пытанне са зносам школы можна адкласці да той пары, пакуль не знойдуцца грошы на вырашэнне праблемы.

Між тым, час задумацца, колькі дзесяцігоддзяў прайшло з таго моманту, як у беларускай сталіцы апошні раз з’явіўся спецыяльна ўзведзены для музычнай школы ці школы мастацтваў будынак. Ведаю, што меркавалі ўзвесці такі ў Сухараве, але так і не адбылося… Горад узялі ў абдымкі велізарныя жылыя масівы накшталт Каменнай Горкі, Лошыцы, але бадай ніводнай культурнай установы (апроч, хіба, бібліятэк) у гэтых раёнах не з’явілася. Магчыма, гэта пытанне наступнай чаргі будаўніцтва? Інакш такія аб’екты хутка можна будзе ўключаць у своеасаблівую “чырвоную кнігу” горада…

Спадзяюся, тыя, ад каго залежыць лёс ДММШМ №1, змогуць сапраўды вырашыць сітуцыю, каб таленавітыя дзеці атрымалі магчымасць займацца ў будынку, які будзе адпавядаць статусу сучаснай сталічнай музычна-мастацкай школы. А “К” яшчэ вернецца да тэмы. Як хацелася б, каб наступны матэрыял загучаў у мажорнай танальнасці…

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"