Надзеі і планы Года культуры

№ 2 (1232) 09.01.2016 - 15.01.2016 г

Міністр культуры акрэсліў прыярытэтныя вектары працы
Абвяшчаючы 2016-ы Годам культуры, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў сваім Указе артыкуляваў мэты “аб’яднання інтэлектуальных і духоўных сіл грамадства для вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, захавання гісторыка-культурнай спадчыны, развіцця народных традыцый, выхавання ў грамадзян любові да Айчыны, а таксама падтрымкі творчых ініцыятыў”. Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў, што паняцце “культура” ахоплівае не толькі мастацкую творчасць (як часта звужана разумеюць яго сёння), але літаральна ўсе сферы чалавечай дзейнасці. У сваім інтэрв’ю для радыё “Беларусь”, удзел у якім узялі таксама і прадстаўнікі іншых СМІ (у тым ліку і “К”), міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс СВЯТЛОЎ акрэсліў некаторыя прыярытэтныя вектары працы галіны ў гэты незвычайны для яе год.

/i/content/pi/cult/568/12438/5-1.jpgСуплёт юбілеяў

— Ініцыятыва абвясціць 2016-ы Годам культуры нарадзілася ў асяроддзі творчай інтэлігенцыі і, як мы бачым, атрымала падтрымку на самым высокім узроўні. Лічу, зоркі склаліся вельмі ўдала: 2016-ы пройдзе пад гэтым знакам зусім невыпадкова. Паглядзіце, колькі важных юбілеяў прыпадае на гэты год! Тут і 125-я ўгодкі Максіма Багдановіча, і 120-я гадавіна Кандрата Крапівы, і 95-годдзе Івана Шамякіна, і 75 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна… Зразумела ж, у праграме Года культуры будзе адведзена пачэснае месца для ўшанавання гэтых знакавых для Беларусі постацяў.

Таксама варта нагадаць і пра яшчэ адзін вельмі важны юбілей — знакаміты ці не на ўвесь свет “Славянскі базар у Віцебску” адсвяткуе сёлета сваё 25-годдзе. Няма сумневу, што гэты форум мастацтва і сяброўства стане адной са знакавых падзей культурнага жыцця краіны.

Да ўсяго, сёлета нам нельга забываць і пра тыя знакавыя даты, якія прыпадаюць ужо на наступны, 2017-ы, год — а сярод іх і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, і 135-я ўгодкі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Таму ў найбліжэйшай будучыні нас чакае руплівая праца па падрыхтоўцы гэтых маштабных святкаванняў.

Ад Курска да Пекіна

— Міжнародная дзейнасць у галіне культуры ажыццяўляецца як у традыцыйных формах — перадусім гэта абменныя Дні культуры, якія ладзіць наша Міністэрства са сваімі замежнымі партнёрамі, — так і дзякуючы ініцыятывам канкрэтных установаў альбо нават асобаў. Прыкладам, акурат надоечы меў размову з дырэктарам Дзяржаўнага мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаідай Камароўскай, якая выступіла з ініцыятывай, каб у Курску і Ташкенце з’явіліся вуліцы, названыя ў гонар беларускага Песняра. Безумоўна, Урад будзе прыкладаць намаганні ў гэтым кірунку.

Важнай тэндэнцыяй апошняга часу стала ўзмацненне культурных сувязяў з Кітаем. Яны распачаліся яшчэ ў першыя гады існавання незалежнай Рэспублікі Беларусь, але менавіта леташні візіт у Рэспубліку Беларусь Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна паслужыў моцным штуршком для адкрыцця новых даляглядаў супрацоўніцтва. У прыватнасці, у хуткай перспектыве чакаецца адкрыццё Культурнага цэнтра Беларусі ў Пекіне. Прычым тут важна адзначыць і наступную акалічнасць: калі раней кантакты адбываліся пераважна праз сталіцу Кітая, дык апошнім часам умацоўваюцца сувязі і непасрэдна з яго тэрытарыяльнымі часткамі. Сёлета мы плануем разам з правінцыяй Ганьсу правесці Дні кітайскай культуры ў Беларусі.

Пра спадчыну і турызм

— Нягледзячы на тое, што ў эканамічным плане 2016 год чакаецца даволі няпростым, працягнецца праца па адраджэнні нашых гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Зусім нядаўна мне даводзілася наведваць Брэсцкую вобласць, і мы разам з мясцовымі ўладамі вызначылі парадак фінансавання работ па рэстаўрацыі палацавых комлексаў у Косаве і Ружанах. Зважаючы на згаданыя цяжкасці, у першую чаргу мы маем намер сканцэнтраваць увагу менавіта на тых аб’ектах, дзе рэстаўрацыйныя работы ўжо набліжаюцца да завяршэння. І няма сумневу, што ў хуткім часе яны стануць новымі турыстычнымі адметнасцямі, якія працуюць на імідж нашай краіны.

Увогуле, варта спадзявацца, што той надзвычай багаты суплёт разнастайных мастацкіх падзей, які чакаецца ў Год культуры, таксама стане фактарам прыцягнення турыстаў, паспрыяе іх колькаснаму (а можа, і якаснаму) росту. У значнай меры гэта тычыцца і рэгіёнаў Беларусі. У прыватнасці, адным са своеасаблівых эпіцэнтраў Года культуры (а яны былі абраны ў кожнай вобласці) стане старадаўні Полацк, мноства цікавых мерапрыемстваў чакаецца таксама і ў сёлетняй культурнай сталіцы Маладзечне.

І ўрэшце — пра заробкі

— Цяжка не пагадзіцца з тым, што актуальная праблема галіны — нізкія заробкі тых, хто шчыруе на ніве культуры. Мушу запэўніць: наша Міністэрства робіць несупынныя захады па выпраўленні гэтай сітуацыі. Спадзяюся, што ў гэтым годзе нам удасца змяніць яе да лепшага.

Фота Аліны САЎЧАНКА