Беларускі народны каляндар на 2016 год

№ 1 (1231) 02.01.2016 - 08.01.2016 г

Частка І
Народны каляндар — сістэма сталых ці рухомых свят, прысвяткаў, абрадаў, гульняў, звычаяў, што замацаваны ў быце і фальклоры. Уяўляе пераважна спалучэнне язычніцкай і хрысціянскай культуры. Гэта — фальклорны каляндар: ён складзены на аснове хранонімаў, якія зафіксаваны ў вуснай народнай творчасці беларусаў, і ўключае традыцыйныя арыенціры на сельскагаспадарчыя работы і адпачынкі ў гадавым, сезонным, месячным і іншых цыклах-рытмах. Утрымлівае традыцыйныя феналагічныя, метэаралагічныя, агранамічныя, астранамічныя, астралагічныя і іншыя каляндарныя веды, атрыманыя пераважна шматгадовым вопытам. У народным календары на 2016, высакосны, год прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі і гэтак далей. Дні (хранонімы), якія адзначаюць беларусы-каталікі, выдзелены курсівам. У праваслаўных яны замацаваны за старым, юліянскім, календаром, што мае 13 “лішніх” дзён. Зорачкай /*/ пазначаны святы “рухомай” царкоўнай пасхаліі. У наступным, 2017, годзе праваслаўная і каталіцкая Пасха (Вялікдзень) прыпадаюць на адзін дзень — 16 красавіка. Умоўныя абазначэнні: п. — панядзелак, а. — аўторак, с. — серада, ч. — чацвер, пт. — пятніца, сб. — субота, н. — нядзеля. Даўжыня дня і моманты ўсходу сонца і захаду падаюцца для Мінска.

Студзень

1. пт. Новы год. ВКЛ перайшло на студзеньскі стыль у 1550 годзе, Расія — з 1700 года.

6. с. Першая, Посная куцця. Перадкалядная вячэра. Які дзень, такі і год. Тры Каралі. Каталікі праводзілі маскіраваны абрад “Тры каралі”, або “Гэроды”.

7. ч. Раство Хрыстова. Пачатак Каляд. “Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі…”. Калядавалі. Насілі “звязду”. Паказвалі батлейку. На Каляды праводзілі ігрышчы (“вадзілі казу”, “жанілі Цярэшку”, “пяклі ката”, гулялі ў “Яшчура” і іншае).

9. сб. Сцяпан. “На святога Сцяпана вышэй слуга за пана”.

13. с. Шчодрая куцця. Пачатак Шчодрага тыдня. “Мароз, хадзі куццю есці”.

14. ч. Васілле. Новы год па правасл. календару. “Сею, сею, пасяваю, з Новым годам вас вітаю”.

18. п. Трэцяя, Галодная, Вадапосная куцця. Апошнія дні Каляд. “Каляда ад’язджае”.

19. а. Вадохрышча (Кшчэнне). “Святое Кшчэнне ваду ксціла…, свет ачысціла і ваду наверх пусціла”, “На Вадохрышча завіруха — на Вялікдзень таксама”.

20. с. Прывадохрышча — заканчэнне Каляд. Пачатак Малой вясельніцы (да посту).

24. ч. Аксіння. “Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце”. Фядос. “На Фядоса цёпла”.

25. пт. Таццяна. Свята студэнтаў. Павел. “Вее вецер — будзе вайна”.

31. н. Апанас, Гусінае свята. Свята свойскай жывёлы. “Хавай нос у апанасаўскі мароз”.

Люты

1. п. Ігнат. “На святога Ігната зіма багата”.

2. а. Грамніцы, Стрэчанне. “Калі на Грамніцы нап’ецца певень вадзіцы, то на Юр’я наесца вол травіцы”, “Грамніца — хлебу палавіца...”.

5. пт. Агата. Каровіна свята. “Хлеб і соль святой Агаты не пусціць бяды да хаты”.

6. сб. Паўзіміца Аксіння. “На Аксінні мяце”. Дарота. “Па Дароце высахнуць хусты на плоце”.

10. с. *Серада Папяльцовая (пач. Вялікага посту ў каталікоў).

11. ч. Ігнат. “Ігнат Грамніцам рад”.

14. н. Трыфан. “На Трыфана зорна — вясна позняя”. Валянцін. Свята закаханых.

15. п. Грамніцы, Стрэчанне. “Зіма з летам сустракалася...”, “На Грамніцы палавіна зіміцы”.

18. ч. Агата. Каровіна свята.

24. с. Улассе. Свята жывёлы. “Аўлас на сыры лас”. Мацей. “На Мацея дарога пацее”, “На Мацея адліга — будзе мароз”.

26. пт. Фаціння. Заступніца ад хвароб.

29. п . *Памінальніца. Памінальны тыдзень. Калі “вея” ў нядзелю, то авёс трэба сеяць на 9-м тыдні, калі ў панядзелак — то на 8-м, калі ў сераду ці чацвер — то пакідалі “дзесяцінкі дзве”.

Сакавік

4. пт. *Дзедава пятніца. Казімір. “Святы Казімір дровы сякець”.

5. сб. *Масленыя Дзяды (Бабы). “Дзяды не зналі бяды, а нашы ўнукі зазналі мукі”.

6. н. *Рабы тыдзень, Малая вясельніца, Развітальны, Сырапусны тыдзень. Тыдзень перад Масленіцай. Які добры дзень на Масленным тыдні, у той дзень ад Іллі сеялі лён. Дзяўчаты вешалі “калодкі” нежанатым хлопцам.

9. с. *Лысая серада. Праталіны-залысіны. Янка, Паўраценне. Мядзведзь паварочваецца ў бярлозе на другі бок.

10. ч. *Блакітны чацвер. Тумановы дзень. *Крывы, Тлусты чацвер, Валосы, Валосся. Свята жывёлы. “На Валосага бліны пяклі ці аладкі, каб былі валы гладкі”.

12. сб. Рыгор. “На святога Рыгора ідуць рэкі ў мора”.

13. н. *Масленіца. “Масленіца ў “вятху” (пасля поўні) — дзяржы пшаніцу ў мяху, сей пшаніцу на ўсю руку”. *Гуканне вясны. “Блаславі, Божа, зіму замыкаці, вясну загукаці”. На Палессі вадзілі карагоды, “спявалі чырачку”, насілі ёлку з вянком. Васіль Капальнік. Са стрэх капае.

14. пн. *Паласказуб. Першы дзень Вялікага посту. Паласкалі зубы гарэлкаю. Аўдоцця Вясноўка. Гуканне вясны. “На Аўдокі голы бокі”. (1.03 Новы год у мінулым, сакавіцкі каляндарны стыль).

15. а. Хвядот. “На Хвядота занос — усё сена знясе”.

16. с. *Уступная серада. Каб урадзіў лён, мылі верацёны ці калаўроты, хадзілі ў карчму і пераскаквалі цераз пень.

17. ч. Вясновае раўнадзенства. Усход сонца — 7.17, захад — 19.18. Герасім Гракоўнік. "Герасім гракоў прыгнаў".

19. сб. *Зборава субота. Абрад “споведзі дзежкі”. Язэп. “Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту”. “На Язэпа пагода — год ураджайны”.

29. а. * Пальмова нядзеля. “Вярба б’е, не я б’ю”. *Зборніца, Ізбор. Адзін з варыянтаў Новага года/лета ў час прыняцця юліянскага летазлічэння. Пачатак збору ў поле. “А святы Ізбор — бяжыць вада з гор”.

22. а. Саракі. Свята птушак. Прылятае 40 выраяў. “Святыя Саракі ў поле саху валаклі”. Прыска. “На святога Прыску праб’е лёд і пліска”.

25. пт. Рыгор. “На Рыгора зіма ідзе ў мора”. Дабравешчанне, Звеставанне. “І птушка гнязда не кладзе”. Прылёт бусла. Гуканне вясны.

26. сб. Міжблагавешчыны (да 7 красавіка). Забарона на “запасванне” кароў.

27. н. *ВЯЛІКДЗЕНЬ (у каталікоў). Арына. “На Арыну сей капусту ў расадніках”.

30. с. Аляксей Цёплы. Дзень рыбалова. “На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою”.

Красавік

1. пт. Дар’я Вясенняя. Адбельвалі палотны.

4. п. *Пачатак Храстовага тыдня. Пяклі “храсты”. Засеўкі. Абрад “жаніцьбы коміна”.

6. с. *Серадапосце. Выпякалі “храстцы”. Камаедзіца. Свята мядзведзя. Благавеснік. Пяклі пірагі “буславы лапы”.

7. ч. Благавешчанне. “Благавешчанне без ластавак — халоднае лета”. Абрад “Страла”.

8. пт. Благуста. “На Благусту сей капусту”.

9. сб. Матрона. “На Матрону шчупак хвастом лёд разбівае”.

11. п. Пачатак *Пахвальнага тыдня. “Дзікая качка яйцом пахваліцца”.

14. ч. Прабуджэнне хатніка. Мар’я. Калі ў ясную ноч прыбывала вада, то суха будзе ў жніво на хлебнай ніве.

15. пт. *Пахвальная пятніца. Мыццё дзежак. Палікарп. Пачатак бясхлебіцы.

16. сб. *Пахвальная субота. Не грымелі кроснамі, каб гром не грымеў. Мікіта. “Калі на Мікіту крыгаход, то няма ні клёву, ні лову рыбаловам”.

18. п. Пачатак *Вербнага тыдня.

21. ч. Руф. Руф рушыць снягі.

23. сб. Юры. (Новы год па задыяку). “Як зязюля закукуе за 12 дзён да Юр’я на “голы” лес, то не чакай ураджаю і будзе хварэць жывёла”. Войцах. “Святы Вайцеху выпусціў жаўранка з меху”.

24. н. *Вербніца. Анціп — ахоўнік зубоў.

25. п. Пачатак *Белага, Вялікага, тыдня. *Чысты панядзелак. Бялілі і мылі ў хаце. Марк. “Дождж на Марка, дык зямля як шкварка”.

26.а. *Чысты аўторак. Каб на людзей і “гаўядо” не напала “парша”, трэба ўсё мыць.

27. с. *Дравяная страсць. Мыюць усё дравяное.

28. ч. *Чысты чацвер. Лазня. Абрад мыцця дзежкі. Пуд. “Пуд снег пугне”.

29. пт. *Чырвоная, Велікодная, пятніца. Сеялі гарох. Арына. “На Арыну сей капусту”.

30. сб. *Вялікая, Чырвоная, субота. Фарбавалі яйкі. Канец Вялікага посту. Зосім — ахоўнік пчол. Андрыянава ноч, Андрэй. Ноч дзявочай варажбы і чараўніцтва.

Май

1. н. *ВЯЛІКДЗЕНЬ (у праваслаўных). “Хрыстос уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!”. Кузьма. “Май Кузьма з морквінай сустракае, а Пахом з гурком”.

2. п. Працяг *Велікоднага тыдня. “Першы дзень пірагі маюць, а сярэдні пагуляюць, а паследні дзень выпраўляюць”. Свята сена (Тураўшчына).

4. с. *Градавая серада. Праводны Мёртвы, тыдзень. “Пайшла зіма да Кіева, а лета нам пакінула”.

5. ч. *Ушэсце. Унебаўшэсце пана Езуса. Свята агляду жыта. Ляльнік. Свята Лялі — дачкі Лады.

6. пт. Юр’е. Свята жывёлы. “Як дождж на Юр’я — хлеб будзе і ў дурня”. Абрад “Страла”.

7. сб. Алісей. “Прыйшоў Алісей — авёс пасей”. Бабскія розбрыкі. Скокі жанчын і качанне па зямлі дзеля ўрадлівасці.

8. н. *Праводная нядзеля. “Ідзі, зіма, да Кучава, як ты нам надакучыла”. Марк. “Дождж на святога Марка — дык зямля, як шкварка”. Станіслаў. “Сей лён на Станіслава — вырасце як лава”.

9. п. *Радаўнічныя Дзяды.

10. а. *Радаўніца. “На Радаўніцу да абеду пашуць, па абеду плачуць, а к вечару скачуць”. Ярылавіца. Свята Ярылы.

13. пт. Якуб. “На Якуба грэе люба”.

14. сб. Макарэй. Абрады ля вады.

15. н. *Сёмуха, Зыход Св. Духа. Свята зелені. Барыс. Апякун поля і жывёлы.

18. с. Арына Расадніца. Дзень высаджвання расады ў Паазер’і.

20. пт. Антоній. “На святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца дык і прадасца”.

21. сб. Іван Веснавы. Апякун земляроба. “На Івана каласок, а на Пятра піражок”.

22. н. *Міраносцы. “На Міраносця п’яныі бабы цігаюць адна адну за валосця”. Мікола Веснавы. Свята пастухоў. Алена. “Сей лён на Алену, будзе кашуля па калена”.

23. п. Пачатак *Пераплаўнага Чарвівага, тыдня. Не трэба садзіць, бо заядуць чэрві. Зілот. “Сей пшаніцу на Зілота, і яна будзе як злата”.

24. а. Макей. “Мокра на Макея — і лета не прасушыць”. Кірыла і Мяфод. Калі дзень мокры — і лета будзе мокра.

25. с. *Градавая, Пераплаўная, серада. Засцярогі ад граду і дажджу.

Епіфан. “На Епіфана раніца ў чырвоным каптане, неба з барваю — гарачае лета”.

26. ч. *Божае цела, Зелянок.

27. пт. Сідары. “Прыйшлі Сідары — прыйшлі і сіверы”.

28. сб. Пахом. “Святы Пахом павее цяплом”. “Сей агуркі на Пахом — будзеш насіць мяхом”.

29. н. Магдалена. Зязюльку прысылае.

30. п. 31. а. Шэсць дзеў. “Лён сей позні”. Канапелька Матруна. “У зямлю махнула”. Фядот. “Як на дубе апушка — у Фядота поўна аўса кадушка”.

Чэрвень

2. ч. Тры пакутнікі. “Няма лета, але пасля іх не бывае зімы”.

3. пт. *Градабойцы, Ледавіты дзень. Алена, Ульяна. Дзень ільну.

4. сб. Васіліск. “Ад Васіліска і салавей блізка”.

5. н. Дзень Ефрасінні Полацкай. Хадзілі пакланіцца і абракацца.

7. а. Ян. “Рой перад Янам — пчаляр панам”.

9. ч. *Ушэсце. Абрад “Страла”.

13. п. Ерамей. Антоній. “Антоні, аддай коні”.

14. а. Юстын і Харытон. “Юстын цягне ўверх каноплі, а Харытон — лён”.

15. с. *Градавая серада.

16. а. Лук’ян. Паўднёвы вецер на Лук’яна — на добры ўраджай яравых.

18. сб. *Сёмушныя Дзяды. Духавая субота, Зялёная субота.

19. н. *Сёмуха, Тройца. Культ продкаў і расліннасці. “Павядзём Куста пад гай зялёненькі...”.

20. п.*Святы дух. “На Духа будзе цёпла і суха”. Русальніца, Іван ды Мар’я. Праводзіны вясны. “На Граннай нядзелі Русалкі сядзелі...”.

Летняе сонцастаянне (з 17.06 да 23). Даўжыня дня — 17.07. Усход сонца — 4.38, захад — 21.45.

21. а. *Конскі Вялікдзень. Свята коней. Тодар. “На Тодара раса — канапель паласа”.

22. с. *Градабой, Серада Русаль. Здабывалі з ясеня святы агонь. Кірыла. Пачыналі касавіцу ў Паазер’і.

23. ч. *Наўская Тройца. Памінанне. Абліваха. Купала. У старажытн. — Новы год/лета.

24. пт. Ян Купальны. “Сонца грае”.

25. сб. Анапрэй. “Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ”.

26. н. *Русальчыны розыгры. Засцерагаліся рос. Акуліна Грачышніца. Сеялі грэчку. Задзярыхвост.

27. п. *Пятроўка да 11 ліп. Пятроўскі пост. Пятроўка-галадоўка.

28. а. Амос. “Прыйшоў Амос — цягне ўгору авёс”

29. с. Ціхан. “Пеўчыя птушкі заціхаюць”. Пятрок. “Да Пятра зязюльцы кукаваці”. “Прыйшоў Пятрок — апаў лісток, прыйдзе Ілья — ападуць і два”.

30. ч. *Дзявятнік. Перавод уніятаў у праваслаўе. “Дзеўяць ягодзін на ветцы”.

Ліпень

1. пт. *Дзевятуха. Дзень ад навальніцы.

6. с. Купалле. Свята Сонца і кахання. “Дзень адбаўленне, ночы прыбаўленне”.

7. ч. *Дзясятнік. “Дзясятнік гнаі возіць”. Іван Купала. “Учора была Купала, а сёння Іван”.

8. пт. *Дзясятка. “Косы точыць”. “Жыта паспявае”.

10. н. Самсон. “На Самсона дождж — сем тыдняў то ж”. Сем братоў. “Сем братоў варожаць, колькі тыдняў пагоды”.

12. а. Пятро. Свята заканчэння Купалля.

13. с. Паўпятро. Дзень талакі. Сымон і Юда. “На Сымана й Юды конь баіцца груды”.

14. ч. Кузьма і Дзям’ян. Свята кавалёў. “Святы Пятро жыта спеліць, св. Кузьма сярпы робіць, а св. Дзям’ян сена грабе”.

17. н. Андрэй. “Авёс у світцы, а на грэчцы і кашулі няма”. “Андрэй усіх мудрэй”.

18. п. Свята Месяца. “Месяц гуляе”.

21. ч. Казанская. Пракоп. Пракоп бок прыпёк. Данат. “Святы Данат коскі точыць”.

25. п. Прокл. Засцерагаліся вялікіх рос. Якуб. “На Якуба хлеба поўна губа”.

26. а. Гаўрылей. Засцеражэнне ад граду. Ганна. Снапы кладзе.

29. пт. Афінаген. Заціхаюць птушкі.

31. н. Серпавіца, Шыпілінка (пятніца перад Іллёю). Дзень “зазубрывання” сярпоў.

Жнівень

1. п. Макрыны. “Глядзі восень па Макрыні”.

2. а. Ілья. Свята дажджоў і навальніц. “Ілья нарабіў гнілля”, “Укінуў у ваду кусок ільда”.

4. ч. Мар’я. “Магдалена — вады па калена”.

6. сб. Барыс Палікоп. “Барыс і Глеб — паспеў хлеб”.

7. н. Ганны. “Святы Ганны бабкі стаўляюць”.

9. а. Палікоп. Паліць копы. Панцеляймон. Сцаляў ад хвароб галавы.

11. ч. Лаўрын. “На Лаўрына спяшай да млына”.

12. пт. Сіла. Жыта сей.

14. н. Макавей, Першы Спас. Свята маку і мёду. Спасаўка. Пост да 28 жніўня.

15. п. Базыль. “Базыль авечкам воўну дае”. Прачыстая, Зельная. “Прыйшла Прачыста — стала поле чыста”.

16.а. Антоны Віхравеі. Рох. “Кірмаш на паненак”.

17. с. Еўдакія. Агуркі збірае.

19. пт. Яблычны Спас. Свята садавіны.

23. а. Лаўрэн — свята млынара.

24. с. Баўтрамей. “Св. Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей”. “Прыйшоў Баўтрамей — жыта на зіму сей”.

27. сб. Міхей. Выспяваюць брусніцы.

28. н. Прачыстая. Свята ўраджаю.

29. п. Трэці Спас. Свята хлеба. Ян. “Ян на лета прыйшоў, а ўжо восень знайшоў”.

30. а. Міроны Ветрагоны. “Пыл па дарозе гоняць, па прыгожым леце стогнуць”.

31. с. Фрол і Лаўр. Свята коней. Арабінавыя дзень і ноч. “Сухая” навальніца, дождж.

Верасень

5. п. Лупа. “Сей на Лупа — будзе жыта купа”.

7. с. Баўтрамей. “Жыта на зіму сей”.

8. ч. Другая Прачыстая. “Меншая Прачыста — канчай сеяць начыста”.

10. сб. Мацей. Абаронца ад п’янства.

11. н. Калінавік, Іван Крываўнік.

13. а. Кіпрыян. Журавель збіраецца ў вырай.

14. с. Сымон. Абрад “жаніцьбы коміна”. (Асенняе Навалецце з 1493 года). Закрыванне зямлі. Бабіна лета. Узвіжанне.

19. п. Цуды, Міхал. “Міхал з поля спіхаў”.

21. с. Багач, Нараджэнне Божае Маці. Свята заканчэння ўборкі зерневых. Засідкі.

24. сб. Асенняе раўнадзенства. Усход сонца — 7.00, захад — 19.02.Тадора. “На Тадору ўсякае лета заканчваецца”.

26. п. Стаўроўскія Дзяды.

27. а. Звіжанне. Свята закрывання зямлі на зіму. Гадзюкі — у кучу.

29. ч. Міхал. “Калі на Міхала з поўначы вецер вее, то не май на надвор’е надзеі”. Сіцыян. “Святы Сіцыян да ляны 
пасцілаў”.

Кастрычнік

2. н. Зосім. Журавіны на Зосіма ўздымаюцца — мароз на Пакровы ўдарыць.

3. п. Астап, Астаф’я. Прыкметы па ветру.

4. а. Пранцішак, Францішак. “На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка”.

8. сб. Сяргей. Жалезны тыдзень.

9. н. Іван Шаптун, Іван Кураед, Багаслоў. Шапталіся свахі пра нявест.

14. пт. Пакровы, Трэцяя Прачыстая. Вясельная пара. “Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку — вяночкам”. “Пакровы — зарыкалі каровы”. Дзявоцкае лета (па 21.10). Прымалі “ў дзеўкі” сябровак.

21. пт. Трыфан, Палагея. “Золкім ветрам вее”. Зміцер. “Да Змітра баба хітра”.

25. а. Марцін — свята млынароў.

28. пт. Сымон і Юда. “Сымон з Юдаю працу ў полі канчаюць, хаты аглядаюць”. Параскева Пятніцкая. Забарона на прадзенне.

29. сб. Лонгін. Збавіцель ад хвароб вачэй.

30. н. Паклоны. Дзень адбівання паклонаў.

31. п. Лука. “Хто сее да Лукі, не будзе мець ні хлеба, ні мукі”. Дзень іканапісцаў. Юльян — ахоўнік дзяцей.

Лістапад

1. а. Усе святыя. Памінальны дзень.

2. с. Задушны дзень. Памінальны дзень.

4. пт. Казанская. Дождж ці снег.

5. сб. Асяніны, Змітраўскія Дзяды. “Святыя дзяды, завём вас...”.

8. п. Зміцер. “Да Змітра дзеўка хітра”. Канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе.

9. а. Тодар. “На Тадора поўна камора”.

10. с. Параскі. Апякунка жанчын і рукадзелля.

11. ч. Настуся. Настуся стрыжэ авечкі. Марцін. “Мядзведзь кладзецца ў бярлогу”.

12. пт. Артошка. Пачатак прадзення.

14. н. Кузьма-Дзям’ян. Апякун земляробства, кавалёў і вяселля.

21. пн. Міхайлаў дзень. Абаронца ад грому. Мядзведзі ідуць у спячку.

22. а. Матрона. “З Матроны становіцца зіма”.

24. ч. Хвёдар Студзянец. “Хвёдаравы вятры галоднымі ваўкамі скуголяць”.

25. пт. Іван Міласцівы. Дзень падарункаў. Кацярыны. “Кацярына забрала лета”.

27. н. Юстыніян. Апякун плоднасці і дзяцінства. Адвент. Перадкалядны пост. Піліп. Пярэдадзень Піліпаўскага посту (да 7 студзеня).

28. п. Піліпаўка — перадкалядны пост.

29. а. Мацей. “На Мацея зіма пацее”.

30. с. Андрэй. Дзявочае свята.

Снежань

4. н. Увядзенне. Водзяцца ваўкі. Барбара. “Барбара ноч урвала, а дзень надтачыла”.

5. п. Пракоп. Савы. “Барбара мосціць, Сава цвікі войстрыць, а Мікола прыбівае”.

6. а. Матрыхваны. Не пралі. Мікола. “Хвалі зіму па Міколе”.

7. с. Кацярыны. “Забрала край лета”.

9. пт. Юр’е Зімовы. Юра мосціць. Ганны. “Ад Ганны да Каляд два тыдні і два дні”.

13. а. Андросы, Андрэйкі. Варажылі.

14. с. Навум. Наставіць на вум.

17. сб. Варвары. “Мікола і Варвара ноч урвалі”.

18. н. Савы, Міколін бацька. “Сава мосце, а Мікола гвоздзе”.

19. п. Мікола Зімовы. “Без Міколы не бывае ні зіма, ні лета”. “Мікола марозам гвоздзіць”. Усход сонца — 9.25, захад — 16.49. Зімовае сонцастаянне — з 19.12 да 22.12.

22. ч. Ганны. “Ганкі — сядайце на санкі”.

24. сб. Посная куцця. Пачатак Каляд (да 6 студз.).

25. н. Спірыдон Сонцаварот. Божае Нараджэнне.

26. п. Сцяпан. “Кожны сабе пан”.

31. сб. Марк. “Марка да Варка — няхай будзе парка”. Багатая куцця. Сільвестр. Варажылі дзяўчаты.

Падрыхтаваў Алесь ЛОЗКА, фалькларыст