Дык ці каштоўнасць — нядаўняе?

№ 52 (1230) 26.12.2015 - 01.01.2016 г

Архітэктурная спадчына як урок на будучыню
Навукова-практычны семінар “Ідэнтыфікацыя, дакументаванне і захаванне сусветнай культурнай спадчыны” сабраў у сціплай аўдыторыі Інстытута культуры Беларусі цэлую абойму прадстаўнічых экспертаў з Германіі. У іх ліку быў і дырэктар Дэпартамента аховы спадчыны зямлі Берлін Ёрк ХАСПЕЛ. Абмінуць аказію задаць пару пытанняў спецыялісту, які адказвае за гісторыка-культурныя каштоўнасці нямецкай сталіцы, натуральна, не выпадала. Балазе, няўзброеным вокам відаць, што Берлін мае даволі знаёмыя нам праблемы.

 — Падчас семінара вы даволі шмат казалі пра спадчыну ХХ стагоддзя. На Беларусі такі акцэнт можа многіх здзівіць: маўляў, гэта ж было зусім нядаўна…

— Аднак спадчына гэтага вельмі няпростага для чалавецтва перыяду вельмі важная ўжо хаця б таму, што яна адлюстроўвае тыя надзвычай сур’ёзныя сацыяльныя і экзістэнцыяльныя праблемы, якія актуалізаваліся менавіта ў ХХ стагоддзі. Той урок, які ўсе мы атрымалі, ні ў якім разе не павінен быць забыты.

— У сваім дакладзе вы ўжылі новы для мяне тэрмін “цёмная спадчына”. Што гэта такое і як да яе належыць ставіцца?

— Гэта тыя аб’екты, якія шчыльна знітаваныя са змрочнымі старонкамі гісторыі. У Германіі іх, як вы самі разумееце, багата. Вядома ж, яны выклікаюць у нас не самыя лепшыя ўспаміны. Але перадусім менавіта таму іх, на маю думку, належыць дбайна захоўваць: ты павінен памятаць сваю гісторыю, каб унікнуць памылак у будучыні. “Цёмная спадчына” патрэбна перш-наперш у выхаваўчых мэтах. Аднак адзначу тут яшчэ адзін важны аспект: апякуючыся падобнымі помнікамі, мы заўсёды павінны рупіцца пра тое, каб забяспечыць іх належнай інтэрпрэтацыяй — згодна з пазіцыяй сённяшняга дня.

— Аднак у Берліне адзін з найпрыкметных помнікаў сацыялістычнай эпохі — Палац Рэспублікі — усё ж, быў зруйнаваны ўжо ў наш час…

— Ведаеце, большасць гісторыкаў і рэстаўратараў выступала супраць. Прапаноўваліся тыя ці іншыя варыянты захавання і выкарыстання гэтага будынка ў адпаведнасці з патрэбамі цяперашняга часу. Балазе, станоўчыя прыклады ўжо былі: некаторыя службы Федэратыўнай Рэспублікі Германія пасля аб’яднання пераехалі ў будынкі, створаныя ў ГДР. Больш за тое, падобным чынам задзейнічаны нават некаторыя ўзоры архітэктуры нацысцкага перыяду! І я не бачу тут ніякіх маральных праблем для дэмакрытычнага грамадства. Бо гэта — частка нашай гісторыі.

Але канчатковыя рашэнні, як вядома, прымаюць не спецыялісты, а палітыкі. І вось, парламент, які з’яўляецца найвышэйшай галіной улады ў Германіі, прыняў рашэнне знесці Палац Рэспублікі ды аднавіць на яго месцы страчаныя гістарычныя будынкі. Пэўная рацыя тут таксама навідавоку: утвораны на месцы палаца гэтак званы “Гумбальт-форум” стане выдатным працягам Музейнай выспы.

— Між тым, літаральна ўсутыч да гэтага помніка спадчыны сусветнага значэння ўжо з’явіўся ультрасучасны будынак інфармацыйнага цэнтру Гумбальта…

— Гэты праект выклікаў вялікія спрэчкі ў грамадстве. Але ў дадзеным выпадку наўрад ці можна казаць пра нейкую пагрозу для Музейнай выспы. Навабуд паўстаў, усё ж, па-за яе межамі — хай і ў блізкім суседстве. Можна меркаваць, што і далейшыя захады па стварэнні “Гумбальт-форуму” — скажам, адбудова старога палаца — ніяк не пашкодзяць адной з галоўных берлінскіх адметнасцяў, не парушаць яе візуальных повязяў.

— А ці дапушчальна ўвогуле будаваць нешта новае ва ўрбаністычных ландшафтах, сфармаваных яшчэ мінулымі пакаленнямі?

— Не ведаю, ці гэта дапушчальна, але… такое здараецца. Таму застаецца хіба імкнуцца да таго, каб новыя пабудовы ўступалі ў дыялог з помнікамі спадчыны: праз матэрыял, колер, форму…

— А ці магчымы такі дыялог?

— Мяркую, што так. Больш за тое, адна з найважнейшых нашых задач — тут я маю на ўвазе спецыялістаў у сферы аховы спадчыны — акурат і палягае ў тым, каб яго распачаць і зрабіць канструктыўным.

— Альбо, усё ж, да канца адстойваць правы спадчыны?

— Як сведчыць практыка, менавіта адсутнасць паразумення паміж усімі зацікаўленымі суб’ектамі прыводзіць да тых жорсткіх інтэрвенцый, якія маюць выключна згубны ўплыў на гістарычныя ландшафты. Таму мы павінны не засцерагацца ад усяго новага, але шукаць тыя варыянты, калі мінулае і сучаснасць арганічна спалучаюцца паміж сабою і ўступаюць ва ўзаемадзеянне.

— Вось ужо каторы год у Мінску вядуцца гарачыя спрэчкі пра гатэльны будынак, што паўстаў пасярод ансамбля праспекта Незалежнасці…

— Я быў бы рады, каб з’яўлення таго будынка ўдалося пазбегнуць. У дадзеным выпадку вельмі важна бачыць сітуацыю ў цэлым. Ваш праспект — гэта не проста сукупнасць асобных будынкаў, але цэльны урбаністычны комплекс. Гэта папраўдзе ўнікальны ўзор сацыялістычнага гарадскога планавання сталіцы 1940 — 1950-х — ды і ўвогуле гарадскога планавання як такога. Магу без ваганняў параўнаць яго са знакамітым цэнтрам Бразіліа, пабудаваным практычна ў той самы час. Ён, дарэчы, ужо ўключаны ў Спіс UNESCO.

Адпаведна, праспект Незалежнасці неабходна разглядаць менавіта ва ўсёй паўнаце і менавіта з такім разуменнем захоўваць, развіваць, прыстасоўваць да новых функцый. Але, з іншага боку, не магу сказаць, што той навабуд настолькі ўжо нашкодзіў гэтаму шыкоўнаму архітэктурнаму ансамблю ды знізіў ягоную выключную гісторыка-культурную каштоўнасць. Як мне падаецца, тут не варта надта драматызаваць сітуацыю.

— Падаецца, некаторыя ў Беларусі маюць ментальную праблему ўспрыняцця савецкай архітэктуры як нейкай універсальнай культурнай каштоўнасці. Бо ідэйны кантэкст у дадзеным выпадку выклікае не самыя лепшыя асацыяцыі.

— Я не маю ніякіх рэцэптаў на гэты конт. Магу хіба зноў жа прывесці прыклады з маёй краіны. У нас ёсць спадчына нацысцкага рэжыму, а таксама часоў ГДР, і мы ўспрымаем яе як частку нашай гісторыі. Думаю, менавіта гэтак да яе і належыць ставіцца. Натуральна, калі грамадства будзе надта захапляцца такога кшталту спадчынай, гэта стане трывожным сімптомам. Зусім іншая справа — шукаць прадуктыўныя спосабы яе выкарыстання.

— Разам з тым, ці не найбольшую небяспеку спадчыне ХХ стагоддзя нясуць банальныя капіталістычныя працэсы джэнтрыфікацыі. Прыкладам, не так даўно быў знесены фрагмент знакамітай “East Side Gallery” — часткі Берлінскага мура, пераўтворанай у галерэю графіці. І ўсё ва ўгоду інтарэсаў дэвелапера, які засвойваў гэты раён пад жытло…

— Ведаеце, грамадскія канфлікты, датычныя аховы спадчыны, здараюцца непазбежна. Мяркую, што нам, спецыялістам у гэтай сферы, вельмі важна заўсёды быць адкрытымі для дыскусій, каб урэшце знайсці аптымальнае вырашэнне праблемы, якое б задаволіла самыя розныя зацікаўленыя бакі і было ўхвальна ўспрынятае ўсім грамадствам — альбо, прынамсі, яго большай часткай. Не варта забываць, што спадчына належыць менавіта грамадскасці.

Што тычыцца згаданай вамі “East Side Gallery”… Як вядома, яна ўключана ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў і адрэстаўравана. Ды, нягледзячы на гэта, ёй таксама будзе наканавана спазнаць пэўныя змены і мадыфікацыі — прынамсі дзеля таго, каб выжыць і захавацца для будучыні. Ніхто не спрачаецца з тым, што гэта вельмі важная для грамадства частка спадчыны. Але гэта і не музей, дзе жыццё непарушнае. Горад — гэта ўвогуле не музей, ён жыве і працягвае развівацца…