“Кірмаш”: востраў міра і скарбаў

№ 52 (1230) 26.12.2015 - 01.01.2016 г

Галіна ГАРЫНОВІЧ, балетмайстар Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Беларусі імя Генадзя Цітовіча
Новая праграма нашага калектыву — тэатралізаваны вакальна-харэаграфічны праект “Кірмаш” — выклікала вялікую цікавасць сталічнай грамадскасці. Пасля яе прэм’еры ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі пачулі шмат добрых водгукаў ад людзей розных пакаленняў. І, у сваю чаргу, павінны выказаць удзячнасць усім, хто нам дапамагаў.

/i/content/pi/cult/566/12423/5-3.jpgПраграма была здзейснена дзякуючы гранту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, выдаткаванаму на яе пастаноўку. Складалася яна нялёгка. Бо хацелася з’яднаць асобныя нумары ў падабенства суцэльнага спектакля. Пры цяперашняй колькасці інфармацыі і відовішчаў публіку трэба здзіўляць нечаканым, прывабліваць не толькі выдатнай якасцю, але і прыцягальнай “упакоўкай”. Таму фармат тэатралізаванай кампазіцыі, якая прыносіла б эстэтычную асалоду і адначасова схіляла да роздуму, падаўся вельмі прыдатным. Было зразумела, што для большай відовішчнасці патрабуецца больш танцавальных нумароў, што праграма мае быць, скажам так, міжнароднай. Але якую тэму абраць?

Спыніліся на кірмашы, бо там можа быць усё. І завітваюць туды прадстаўнікі самых розных народаў, прапаноўваючы свае тавары, дэманструючы сваю нацыянальную культуру. А галоўнае — праз усё гэта ёсць магчымасць у наш неспакойны час паказаць Беларусь гэткім астраўком міра, краінай, што яднае народы, якія яе насяляюць, імкнецца прымірыць канфлікты паміж дзяржавамі.

Ідэя тэатралізаванай праграмы знайшла падтрымку і ў кіраўніцтва калектыву, і ў самой трупы. Сцэнарый я некалькі разоў перапісвала, удасканальвала. У час працы над ім было вырашана ўсё ж адмовіцца і ад залішняй разгорнутасці на два аддзяленні замест аднаго, і ад асобных герояў, якія разыгрывалі б перад намі нейкую сюжэтную гісторыю. Бо ў такіх выпадках музычныя нумары заставаліся б дадатковымі, “устаўнымі”, а не цэнтральнымі, як нам хацелася. У выніку ўзніклі чатыры дзяўчыны-сяброўкі, якія ходзяць па кірмашы, дзівяцца на тое-сёе, абменьваюцца думкамі ды жартачкамі. У іх ролях, вядома, выступілі артысткі нашага хору.

Для гэтай праграмы мы не толькі паставілі новыя нумары (у прыватнасці, яўрэйскі, польскі, цыганскі, казачы ды іншыя танцы), але і аднавілі лепшую класіку калектыву. Да прыкладу, праз амаль паўстагоддзя вярнулі з нябыту адну з нашых перлінаў — танец “Прадай, бабуля, бычка”. Сёння нават невядома, хто яго паставіў — не засталося ніякіх запісаў, і я аднаўляла яго па вусных аповедах тых, хто калісьці яго танчыў.

Сцэнічныя строі зрабіў цудоўны мастак Юрый Піскун, штосьці яшчэ будзе дашывацца. Бо пакуль для асобных нумароў нам далі ў арэнду свае касцюмы і Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”, і цыганскі тэатр “Gipsy band”, якім мы вельмі ўдзячны. Не меншая падзяка — Нацыянальнаму акадэмічнаму драматычнаму тэатру імя Максіма Горкага, які прадаставіў нашым вядучым гарнітуру. Так што ў поўным сэнсе слова праграма стваралася талакой.

На сёння самае важнае — што чакае яе ў будучым. Так, мы атрымалі запрашэнне на Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродне: наша кампазіцыя будзе яго адкрываць. Літаральна праз некалькі дзён пасля прэм’еры да нас завіталі прадстаўнікі беларускіх дыяспар у Польшчы, Ізраілі, Францыі і іншых краінах, мы паўтарылі ім праграму наўпрост у рэпетыцыйнай зале. Але як яе вывезці на гастролі? Трэба, каб зацікавіліся і замежныя імпрэсарыа. Таму для іх быў зроблены відэазапіс. Так што будзем чакаць прапаноў!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"