Імёны найлепшыя — свае

№ 52 (1230) 26.12.2015 - 01.01.2016 г

Ларыса БОРТНІК, дырэктар мастацкай галерэі “Дом карцін”
Часам назірання за шматлікімі гучнымі праектамі, што ладзяць адзін за адным сталічныя музеі ды прыватныя экспазіцыйныя пляцоўкі, напрошваецца адназначны вывад: беларусы ідуць у выставачную залу па зорныя імёны. Прычым нашы зоркі не падаюцца звычайнаму чалавеку велічнымі: публіка чакае славутасцей з-за мяжы. Здаецца, ніводзін беларускі мастак не стаў шырока вядомым на Радзіме, пакуль не пабываў у іншых краінах. Гэты феномен мне незразумелы…

/i/content/pi/cult/566/12422/5-2.jpgКалі хтосьці пачынае засмучацца, маўляў, як можна вывозіць айчынны здабытак за мяжу, у адказ заспакойваю: ён вернецца! Для айчынных творцаў замежныя вакацыі пакуль застаюцца адзіным шляхам да славы, і нельга яго перакрываць! Хто б сёння казаў пра Суціна ці Шагала, каб яны не апынуліся на Захадзе? Пакуль Забораў працаваў толькі ў Беларусі, яго палотнам бракавала такога розгаласу, як пасля чужаземнага прызнання (хоць веліч таленту, бясспрэчна, была аднолькавай па розныя бакі мяжы!).

Прысваенне ганаровага звання народнага мастака Беларусі дазваляе нашаму Міністэрству культуры набываць лепшыя работы творцы. Асноўныя палотны творцаў, адзначаных гэтым званнем, з’явіліся ў фондах музеяў, прычым не толькі сталічных, але і рэгіянальных: мастацкіх, краязнаўчых, гістарычных... Дзякуючы гэтым закупкам, у краіне вымалёўваецца панарама творчай дзейнасці пэўных славутых землякоў. Але многае са спадчыны выбітных дзеячаў было вывезена за мяжу, выкуплена прыватнымі калекцыянерамі. Таму галоўнай ідэяй нашага “Дома карцін” стала жаданне сабраць тое, што засталося ў свабодным доступе, каб аб’яднаць пад адным дахам усіх 19 народных мастакоў, якія займаліся жывапісам і графікай (яшчэ дванаццаць, якім быў прызначаны гэты ганаровы тытул, стваралі скульптуры). Заснавальнікаў галерэі цікавіла не званне само па сабе, а прызнанне дзяржавай гэтых мастакоў важнымі для культуры Беларусі.

Калі зацікаўленая асоба пачынае збіраць калекцыю, то сутыкаецца з тым, што карціны асобных мастакоў адсутнічаюць на рынку. У кагосьці мелкамазочнае пісьмо: ён старанна прапрацоўвае кожны сантыметр палатна, можа па некалькі месяцаў даводзіць работу да дасканаласці. Таму яшчэ ў працэсе працы за ім стаіць чарга пакупнікоў. А ёсць тыя, хто піша шырокімі мазкамі ці з захапленнем малюе пяць-шэсць эцюдаў за дзень. І той, і другі сапраўдныя геніі, але з творамі першага для калекцыянера будзе звязана больш складанасцяў.

Нават тых, каго сёння цяжка знайсці, мы змаглі паказаць адной-дзвюма работамі. У прыватнасці, доўга займаліся варыянтамі, як прадставіць творчасць Міхаіла Савіцкага. У выніку нам пашчасціла выкупіць з прыватнай калекцыі даволі прыстойны нацюрморт і пейзаж. Таксама вельмі цяжка далася спадчына Раісы Кудрэвіч. Адзіная на сённяшні момант у Беларусі жанчына сярод народных мастакоў яшчэ пры жыцці прадала свае палотны італьянскаму калекцыянеру. Праз асабістыя стасункі мы адшукалі таго зборшчыка і ўпрасілі яго перапрадаць асобныя карціны са сваёй калекцыі для беларускага музея.

Калі заходзіць гаворка пра Кудрэвіч, згадваю яе мужа Адольфа Гугеля. У свой час на ўзнагароду вылучалі абаіх, але чыноўнікі абмежаваліся адным званнем, так бы мовіць, на сям’ю… Імя Кудрэвіч гучыць, а Гугель, як мне падаецца, аказаўся недаацэненым... Гэта, прынамсі, несправядліва, бо многія палотны, якія ўвайшлі ў скарбніцу айчыннага мастацтва, яны пісалі разам…

Зыходзячы з таго, што можна было сабраць, лічу, калекцыя атрымалася моцная! На працягу месяца з дня адкрыцця яна экспанавалася ў залах “Дома карцін”. Зараз яна знаходзіцца ў запасніках, але перыядычна мы будзем вяртаццца да фондавых каштоўнасцяў: у залежнасці ад пэўнай даты, ідэі, новага паступлення ў частцы галерэі будуць праходзіць экспазіцыі асобных частак збору. Мы імкнёмся зрабіць калекцыю максімальна даступнай беларусам, напрыклад, правезці яе па рэгіёнах. Спадзяюся, прыдзем і да абмена фундаментальнымі калекцыямі з “Дамамі карцін”, якія знаходзяцца ва Украіне і Расіі.

Гэта пакуль у планах. Зараз жа пачынаем фарміраваць свой фонд сучасных мастакоў — тых, каму пашчасціла быць вучнямі нашых народных. У кожным з іх ёсць водбліск славутага Настаўніка. Хто ведае, магчыма ў іх атрымаецца стаць героямі для суайчыннікаў і без зацягнутага падарожжа далёка за межы Бацькаўшчыны…

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"