Канцэрты без гледача?

№ 52 (1230) 26.12.2015 - 01.01.2016 г

Міншчына: вынікі Дзяржпраграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015-ы
Неаднойчы ў сваіх артыкулах я згадваў, што Мінская вобласць — узорная ў сферы культуры. З’яўляецца яна такой і цяпер — як ніяк, а статус цэнтральнага рэгіёна краіны абавязвае да многага. Гэтую ўзорнасць можна ўбачыць шмат у якіх сферах: ад узроўню аказання культурных паслуг насельніцтву да наяўнай матэрыяльна-тэхнічнай базы шматлікіх гарадскіх, раённых і сельскіх устаноў культуры.

Але гэта зусім не азначае, што Дзяржаўная праграма “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады не паспрыяла яшчэ большаму развіццю сферы культуры вобласці. За пяць гадоў тут з’явіўся шэраг новых устаноў — згадаю хоць бы пабудаваны “з нуля” Палац культуры ва Уздзе, — а таксама значна ўмацаваліся як матэрыяльна-тэхнічная база, так і кадравае забеспячэнне галіны. Праўда, як і ў іншых абласцях Беларусі, не абышлося на Міншчыне без недапрацовак, звязаных, у першую чаргу, з невыкананнем даведзеных Дзяржпраграмай паказчыкаў, а таксама з адкладзенымі рамонтамі ў некаторых раённых кінатэатрах.

Пазітыў і не толькі

Пасля дня збору інфармацыі па шэрагу раёнаў магу сказаць: пазітыву ад дзейнасці Дзяржпраграмы не хаваюць. Так, выконваючая абавязкі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама Алена Іванько распавяла, што ўсе гады дзеяння дакумента раёну выдаткоўваліся асігнаванні на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы гарадскіх і сельскіх устаноў.

— Так, у 2015 годзе мы набылі камп’ютары ў нашы бібліятэкі на суму каля 20 мільёнаў рублёў, — кажа Алена Мар’янаўна. — Таксама закупілі сцэнічныя касцюмы для калектываў прыкладна на 40 мільёнаў рублёў ды музычныя інструменты для дзіцячай школы мастацтваў на 70 мільёнаў.

Па словах начальніка мясцовага аддзела ІРКСМ Клецкага райвыканкама Святланы Чалык, шмат грошай было выдаткавана на закупкі камп’ютараў для бібліятэк, набыццё музычных інструментаў, касцюмаў ды старадаўніх прадметаў і артэфактаў для мясцовага раённага музея. Акрамя таго, згодна з Дзяржпраграмай, яшчэ ў 2011 годзе ў Клецку быў завершаны рамонт Свята-Уваскрасенскай царквы. Тады адрамантавалі фасад і дах помніка архітэктуры, на што пайшло больш за сто мільёнаў рублёў.

— Гэтыя фінансы дазволілі нам умацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў, — адзначыла Святлана Чалык. — А паляпшэнне базы паспрыяла нам у выкананні ўсіх паказчыкаў, даведзеных Дзяржпраграмай.

Віна аптымізацыі

Праўда, варта сказаць, што не ўсюды паказчыкі Дзяржаўнай праграмы на 2011 — 2015 гады былі выкананы. На той жа Клеччыне так і не быў адрамантаваны кінатэатр “Іскра”, а ў Крупскім раёне, па словах начальніка аддзела ІРКСМ Алены Дамаронак, узніклі складанасці з выкананнем плана платных паслуг.

— У рамках выканання мерапрыемстваў Дзяржпраграмы для ўстаноў культуры раёна было выдаткавана і асвоена больш за 730 мільёнаў рублёў, якія пайшлі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы галіны, — кажа Алена Аляксандраўна. — Але праблема палягае ў іншым. Справа ў тым, што за 2013 — 2015 гады ў Крупскім раёне былі зачынены 10 устаноў культуры, а 22 — рэарганізаваны. Акрамя таго, за гэтыя тры гады мы значна скарацілі штат: у нас стала на 18 штатных адзінак менш. Таму выконваць планы платных паслуг цяпер больш складана.

Па словах кіраўніка сферы, запаўняльнасць залы ў мясцовым раённым Цэнтры культуры на сёння не вельмі высокая.

— Найбольш гледачоў да нас прыходзіць падчас дзяржаўных святаў, — кажа суразмоўца. — А вось камерцыйныя канцэрты заезджых артыстаў ідуць даволі складана, нягледзячы на тое, што кошт білетаў мы значна не ўзнімалі. Людзі не могуць сёння выдаткаваць столькі грошай на набыццё білетаў, як год ці два таму.

Запаўняльнасць — вось дзе пытанне

Амаль тыя самыя словы мне давялося пачуць і ад начальніка аддзела ІРКСМ Уздзенскага райвыканкама Алены Спірынай.

— Усе нашы ўстановы культуры паспяхова выконваюць планы платных паслуг, а вось глядзельная зала ў новым Палацы культуры запаўняецца не так добра, як хацелася б, — кажа Алена Спірына. — І гэта нягледзячы на тое, што кошт білетаў з мінулага года ўвогуле не змяніўся!

Сёння ў аддзеле аналізуюць сітуацыю. Мо палацу варта мяняць рэпертуар, запрашаць іншых артыстаў, працаваць над рэкламай мерапрыемстваў.

— Хаця ёсць у гэтым, так бы мовіць, і аб’ектыўныя фактары, — кажа кіраўнік раённай сферы культуры. — Напрыклад, жыхары раёна ўжо, што называецца, спешчаны ўвагай айчынных зорак і хочуць пабачыць нешта новае. Таксама існуе і асабісты фактар, фактар артыста. Да слова, калі да нас прыязджае Аляксандр Саладуха, праблем з запаўненнем залы ў Палацы культуры не ўзнікае. Бо гэты артыст, бывае, і сам тэлефануе кіраўнікам нашых прадпрыемстваў, запрашае наведаць канцэрт, клапоціцца пра належную рэкламу свайго мерапрыемства… А вось пра некаторых іншых айчынных зорак такога, на жаль, не скажаш.

Што да іншых паказачыкаў, даведзеных Дзяржпраграмай, дык яны ў раёне выконваюцца.

— Дзяржпраграма аказала нам вялікую падтрымку, — сцвярджае Алена Спірына. — Так, на сёння ў раёне існуе 14 калектываў са званнямі “народны” і “ўзорны”, якія маюць шыкоўныя касцюмы, набытыя нядаўна. Таксама мы абнавілі камп’ютарны парк у бібліятэках і ў нашым раённым музеі, набылі шмат музычных інструментаў для раённай ДШМ. Напрыклад, адна з апошніх закупак — акардэон за 46 мільёнаў рублёў. Так што Дзяржпраграма была нам, натуральна, толькі на карысць, і мы вельмі чакаем новай праграмы.

Вынікі і чаканні

Натуральна, звязаўся я і з Мінскім абласным выканаўчым камітэтам. Як распавяла ў гутарцы з “К” выконваючы абавязкі начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Святлана Баранок, Дзяржаўная праграма “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады з’яўлялася для рэгіёна вельмі патрэбнай і значнай.

— Мэта Дзяржпраграмы зразумелая і празрыстая: палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў культуры Беларусі, — кажа Святлана Аляксандраўна. — Што да Міншчыны, дык амаль усе паказчыкі нам удалося выканаць на сто працэнтаў. Так, мы правялі рамонты ў многіх бібліятэках, музеях, на шэрагу аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны… Адзінае, што нам не ўдалося — гэта забяспечыць рамонт і абсталяваць найноўшай тэхнічнай апаратурай установы культуры кінавідэапракату. Прычына зразумелая — скарачэнне фінансавання, прадугледжанага пад названыя мэты.

Таксама, па словах суразмоўцы, на сённяшні дзень існуюць праблемы і па выкананні паказчыкаў па наведвальнасці тэатральна-відовішчных устаноў.

— Наведвальнасць тэатральных імпрэз на Міншчыне нас, прызнаюся, не вельмі радуе, — кажа Святлана Баранок. — Праўда, у гэтым ёсць і аб’ектыўныя прычыны: складаная дэмаграфічная сітуацыя і тое, што прыбыткі насельніцтва Беларусі за апошні час не раслі, а цэны на білеты засталіся даволі высокімі. Усё гэта прывяло да зніжэння запаўняльнасці дзвюх нашых тэатральных устаноў. Разам з тым, усё гэта, лічу, — стымул для развіцця, пошуку новых ідэй і формаў работы. Трэба рупіцца, змагацца за гледача, шукаць сучасныя тэмы і актуальныя творы, пастаянна абнаўляць рэпертуар — і тады вынік не прымусіць сябе чакаць.

Да слова, падобная праблемная сітуацыя на сёння назіраецца і ў эстрадным жанры.

— Не сакрэт, што эстрадных выканаўцаў на Беларусі даволі багата, і яны шмат гастралююць па Міншчыне, — кажа візаві. — І ўсё гэта цалкам зразумела, бо наш рэгіён — самы блізкі да сталіцы. Але падобная сітуацыя прывяла да таго, што цяпер амаль у кожным раёне адбываецца прыкладна 8 — 10 разнастайных камерцыйных канцэртаў на год, а вядомыя айчынныя артысты прыязджаюць у нашы райцэнтры ўжо не першы і нават не другі раз. Натуральна, глядач выбірае таго артыста, хто яму даспадобы.

Менавіта з гэтай прычыны, як лічыць Святлана Баранок, сёння сабраць поўную залу супрацоўнікам таго ці іншага раённага дома ці цэнтра культуры даволі цяжка.

— Вырашыць дадзеную праблему можна, — лічыць суразмоўца. — У першую чаргу, варта, на мой погляд, рупіцца пра належную рэкламу будучых мерапрыемстваў, прычым не толькі з боку культработнікаў, але і саміх артыстаў. Інакш давядзецца змірыцца з малой запаўняльнасцю залаў ці зніжаць кошт білетаў ды ганарараў айчынным выканаўцам. І, натуральна, трэба больш шчыльна працаваць як з кіраўнікамі гарадскіх прадпрыемстваў, так і з раённымі прафсаюзамі.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"