Кантынент “штэтл”

№ 52 (1230) 26.12.2015 - 01.01.2016 г

Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей разам з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы завяршаюць рэалізацыю праекта “Маршруты па штэтлах. Аб’екты яўрэйскай культурнай спадчыны ў трансгранічным турызме”. Рэалізацыя праекта ў рамках Праграмы міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Польшча — Украіна — Беларусь 2007 — 2013” распачалася ў снежні 2013-га.

За два гады сумеснай працы з польскімі і ўкраінскімі партнёрамі быў створаны новы турыстычны маршрут. Штэтл, альбо мястэчка, — гэта своеасаблівы забыты кантынент, цывілізацыя, якая існавала толькі ў памежных раёнах Беларусі, Польшчы, Украіны і Літвы і нідзе больш у Еўропе. Штэтл у нас — гэта яўрэі, палякі, беларусы, татары, а часам і іншыя народы — кожны са сваёй мовай, сваёй музыкай і кухняй, сваім Богам і традыцыямі. Штэтл не залежыць ад памераў і колькасці насельніцтва. Штэтл — гэта структура, у якой ёсць рынак — цэнтр жыцця ў эканамічным, культурным і архітэктурным сэнсе — і адпаведны ўклад быту, пры якім кожны народ займае сваю нішу.

Частка былых мястэчкаў — Індура, Радунь, Астрыно, Жалудок, Лунна, Мір, Гарадзішча, Моталь, Ружаны — ператварыліся ў вёскі, аграгарадкі альбо гарадскія пасёлкі; іншыя — Дзятлава, Слонім, Ашмяны, Іўе, Валожын, Навагрудак, Столін, Пружаны, Кобрын, Пінск — сталі раённымі цэнтрамі. У выніку Халакосту гісторыя яўрэйскіх абшчын выпала з агульнага гістарычнага кантэксту, мястэчкі страцілі важную частку сваёй культуры і толькі спрактыкаванае вока заўважае аскепкі былога шматкаляровага свету, традыцыі якога варты вывучэння і пераймання.

Па пяць найбольш цікавых мястэчкаў і гарадоў з Польшчы, Украіны і Беларусі ўвайшлі ў трансгранічны маршрут. Віртуальнае падарожжа па выбраных мястэчках можна здзейсніць на сайце праекта.

Разам з вядучым партнёрам, Цэнтрам “Гарадскія Вароты — Тэатр НН” у Любліне (Польшча), Ровенскім Цэнтрам маркетынгавых даследаванняў (Украіна) і Цэнтрам грамадска-эканамічных ініцыятыў ва ўкраінскай Ярэмчы створаны турыстычны даведнік на пяці мовах, на старонках якога штэтл ажывае, паўстае як пласт культуры нашага краю, з якой выйшлі сусветна вядомыя дзеячы ці не ва ўсіх галінах культуры, рэлігіі, навукі, палітыкі.

На фінальнай канферэнцыі па праекце, якая прайшла ў Любліне з 10 па 12 снежня, былі прадстаўлены розныя аспекты штэтла. Праект арыентаваны на практычнае асваенне турыстычнага маршруту. Трэнінг прайшлі па 35 чалавек у кожнай краіне, 40 экскурсаводаў аб’ехалі трангранічны маршрут. Кожнае мястэчка мае свой характар, свае цікавыя гісторыі. І ўсё ж, гіды з усіх краін адзначылі ўнікальнасць Навагрудка, дзе з 2007 года дзейнічае Музей яўрэйскага Супраціўлення, устаноўлены маршрут тунэля, уздоўж якога ажыццяўляецца музеефікацыя усёй прылеглай тэрыторыі.

Музей створаны на тэрыторыі былога гета са статусам працоўнага лагера (цяпер Навагрудскі сельскагаспадарчы ліцэй, вуліца Мінская, 64 — 66), і прысвечаны пабегу вязняў гета праз тунэль і дзейнасці самага буйнога ў Еўропе яўрэйскага партызанскага атрада Бельскага.

Тамара ВЯРШЫЦКАЯ, дырэктар Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея