Два мільёны пад Новы год

№ 52 (1230) 26.12.2015 - 01.01.2016 г

Пра тое, як работнікі культуры зарабляюць на Лысай гары
Сёння мы анансуем наш чарговы аўтатур па Магілёўшчыне, артыкулы па выніках якога апублікуем у першых нумарах "К" новага года. А пакуль распавесці хочацца пра нечаканы крэатыў клубнай дзейнасці, які давялося пабачыць на Шклоўшчыне. Вельмі ўжо пасуе гэты праект да навагодняга святочнага настрою. І змушае да разваг пра матэрыяльную матывацыю якаснай культурнай дзейнасці. Тэма, пагадзіцеся, — надзвычай актуальная на сёння.

/i/content/pi/cult/566/12418/7-1.jpgПачнем з таго, што культура Шклоўскага раёна парадавала нас яркімі эксклюзівамі, адзін з якіх звязаны з дзейнасцю РДК. На ім хацелася б спыніцца больш падрабязна. Пачнем здалёк.

Экскурс у прадмет

Колькасць забаўляльных цэнтраў, арыентаваных і на навагоднія святы, у нашай краіне з кожным годам павялічваецца. Прычына простая: маецца попыт, будзе і прапанова. І калі першапачаткова дзеці з усёй краіны ехалі па яркія ўражанні ў Белавежскую пушчу ў рэзідэнцыю да Дзеда Мароза, то сёння выбар — і геаграфічны, і тэматычны — досыць разнастайны. Прычым кожная вобласць мае ў гэтай справе сваю “разыначку”.

Скажам, стваральнікі праекта “Зюзі Паазерскага”, што некалькі гадоў працаваў у Пастаўскім раёне, выкарысталі ўнікальных персанажаў беларускай міфалогіі — апрача Зюзі, прысутнічалі ў інтэрактыўнай праграме Агнявік, Лесавік і шэраг іншых. Невыпадкова ў 2005 годзе стваральнікам паазерскага брэнду было прысвоена званне лаўрэата IV Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу “Пазнай Беларусь” у намінацыі “Лепшая турыстычная праграма знаходжання ў Беларусі”… На Іўеўшчыне галоўныя персанажы зімовай атракцыі — дзед Зімнік і баба Завіруха. Персанажы хай і не навукова абгрунтаваныя, але, пагадзіцеся, з мясцовым каларытам. Хаця не абышлося і без "інтэрнацыянальных" Гноміка, Чырвонага Каптурка, Салаўя-разбойніка, Кікімары… Але ўсё роўна прыбытак ад такога інтэрактыву — вялізны. Толькі сёлета Зімнік і Завіруха ў вёсцы Залейкі плануюць павіншаваць мінімум дзве тысячы дзяцей.

Маюцца розныя варыянты і для тых, хто аддае перавагу не столькі забаўляльным, колькі традыцыйным навагоднім святкаванням. Гэта і абрад “Жаніцьба Цярэшкі” ў Лепельскім раёне, і абрад, занесены ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай спадчыны UNESCO, “Калядныя Цары” на Капыльшчыне, і традыцыйны абрад “Цягнуць Каляду на дуба” ў вёсцы Навіны Бярэзінскага раёна. Да слова, знайсці нешта цікавае можна ці не ў кожным раёне краіны.

Вось мы і пашукалі…

…на Шклоўшчыне. Уявіце Ніжненскі роў (адрыты тарфянік міжледніковага перыяду і помнік прыроды рэспубліканскага значэння) за два кіламетры ад Шклова. Вышэйшая кропка гэтага ўтварэння на левым беразе Дняпра завецца Лысай гарой. Шклоў адсюль — як на далоні. Тут, за каванай брамай і сігнальным гонгам, сярод таямнічых ялін і адбываецца казачная дзея, якая вельмі канкрэтна вызначаецца рэальным рублём…

Першапачаткова гэты турысцка-экскурсійны комплекс знаходзіўся на балансе тады яшчэ аддзела культуры райвыканкама. Аднак займацца добраўпарадкаваннем тэрыторыі, аховай, стварэннем атракцыёнаў і культурным начыннем аддзелу аказалася не пад сілу. А таму адносна нядаўна “Лысая гара” перажыла другое нараджэнне. Пасля гэтага і пачала складацца казка. Ідэя яе стварэння належыць старшыні райвыканкама Аляксандру Бойку. Адметна, што ўсе работы ў плане добраўпарадкавання комплексу зробленыя толькі сіламі мясцовых арганізацый і жыхароў раёна. Неўзабаве каля ўваходу на вышэйзгаданы комплекс ўсталююць дошку падзякі, на якой будуць адзначаны ўсе арганізацыі раёна, якія працавалі на "Лысай гары"… Давайце па ёй пройдземся.

Перад брамай нас сустрэла чароўная птушка. Пару ўдараў у гонг, і нас сустракае лес. На дрэвах — фанерныя фігуркі казачных герояў. Паміж дрэў, за скрыжаваннем трох дарог — фігуркі герояў жывых. Вось лашчыцца сімпатычная малпачка — сімвал наступнага года. А вунь зайчык какетліва выстаўляе хвосцік. А там Ямеля весела расцягнуў гармонік. І раптам з-за хвоін на вас налятаюць да зубоў узброеныя злодзеі. Дзеці вішчаць ад шчасця. Мы — таксама. Вось так паступова мы пазнаёміліся з усімі казачнымі персанажамі, пабывалі ў доміку этнаграфіі, “Агурочніцы”, у ажылых мультыплікацыйных герояў Машы і Мядзведзя, вясёлай Бабы Ягі, сустрэліся з Дзедам Марозам… У гэтым чароўным лесе ёсць яшчэ кавярня, сувенірная крама, лазня з назвай “Чысцец”, домікі для адпачынку. Адзіная заўвага: персанажы досыць стандартныя, знаёмыя прадстаўнікам розных пакаленняў. Так, варыянт бяспройгрышны, але не мае нацыянальнага каларыту. Балазе, выпраўляецца сітуацыя лёгка пры наяўнасці жадання.

Пра эканоміку і камерцыю

Пятнаццаць "жывых" казачных герояў — работнікі РДК. За дзень яны прымаюць па тры-чатыры групы. Маюць сцэнарыі, разлічаныя на тэатралізацыю ў любую пару года. Мы запыталіся: "А РДК гэтым часам стаіць пусты?" Яго кіраўнік Віялета Маськова супакоіла: "Выконваецца ўся гуртковая работа, працуюць усе аматарскія аб’яднанні. На "Лысай гары" ў сезон — толькі творчыя супрацоўнікі".

І самая галоўная для нас інфармацыя. Як запэўнівае намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Валозіна, кожны з казачных герояў напрыканцы мінулага года атрымаў дадаткова да заробку недзе па два мільёны пазабюджэтных рублёў. Сёлетні падлік "лысагорскіх" грошай адбудзецца 29 снежня. Сума "дадатку" ў параўнанні з леташнім зменшыцца не павінна. Прынамсі, на час нашага візіту гаворка ішла пра замовы на 750 асоб толькі на інтэрактыў напярэдадні навагодніх святаў.

Давайце паразважаем. Па ўсёй краіне клубнікам, бібліятэкарам, музейшчыкам даводзяцца немалыя пазабюджэтныя планы. Іх выкананне абавязковае. Інакш кажучы, камерцыйная дзейнасць для работнікаў культуры — планавая і мае негалосны дэвіз "Зарабляй, як можаш!" Гэта дзякаваць Богу, што прафесіяналізм нашых раённых творцаў не дазваляе пераважаць камерцыі над якасцю мерапрыемства. Ці нармальная сітуацыя, калі 15 работнікаў РДК змушаны праводзіць зімовы дзень у лесе? Калі гэта адзіная магчымасць павялічыць іхнія заробкі, дык сітуацыя і сапраўды нармальная! Калі ж слупок тэрмометра пачне падаць, у кожнага ёсць валёнкі, прыдбаныя за аддзелаўскі кошт.

І апошняе. Рэклама "Лысай гары" — не патрэбна. Як кажа Галіна Валозіна, чарга распісана на месяцы наперад. Каментарыі — пазалішнія.

 

/i/content/pi/cult/566/12418/7-2.jpgТым часам

Помнік акцёру

Помнік савецкаму кінаакцёру Пятру Алейнікаву (нарадзіўся ён, як вядома, у вёсцы Крывель, што на Шклоўшчыне) быў адкрыты 21 студзеня перад мясцовым РДК. Зорка экрана паўстае ў сваім найзнакамітым вобразе з фільма "Трактарысты". Даніна павагі знакамітаму земляку і неаспрэчны доказ таго, што гэтая ўстанова — "горадаўтваральная" і наўпрост уплывае не толькі на культурную палітыку раёна, але і на знешні выгляд раённага цэнтра.

Мінск — Шклоўскі раён — Мінск
Фота аўтараў і Сяргея ТРАФІЛАВА
Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"