Парыжскія гродзенцы

№ 52 (1230) 26.12.2015 - 01.01.2016 г

У Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі працуе выстава “Мастакі Парыжскай школы — ураджэнцы Гродзеншчыны” з карпаратыўнай калекцыі ААТ “Белгазпрамбанк”, якая з’яўляецца часткай маштабнага праекта “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі”.

Экспануецца пятнаццаць палотнаў нашых таленавітых землякоў — Пінхуса Крэменя (1890 — 1981), які нарадзіўся ў Жалудку, і Восіпа Любіча (1896 — 1990) з Гродна. Большасць паказаных твораў унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Прадстаўленыя мастакі — амаль што равеснікі, з падобнымі лёсамі — нарадзіліся ў небагатых яўрэйскіх сем’ях, скончылі мастацкія вучылішчы, дабраліся да Парыжа, каб ажыццявіць мару — рэалізаваць свае творчыя здольнасці адпаведна асабістага разумення света, чалавека, сябе. Як вядома, Парыжская школа была аб’яднана не адзінствам стылістычнага кірунку, а тым неўтаймоўным творчым напалам, які панаваў сярод мастакоўскага асяроддзя, дазвалючы не абмяжоўваць сябе ў спосабах духоўнага самавызначэння. Магчыма, адзінай агульнай рысай з’яўлялася адмаўленне ад рэалістычнага метаду адлюстравання, пошуку адметных фармальных сродкаў выказвання, якія засноўваліся на стылёвай шматграннасці папярэдніх дасягненняў тагачаснага французскага мастацтва.

Пінхус Крэмень — жывапісец, графік, скульптар. Яго палотны адрозніваюцца найперш выразна яркай каларыстыкай, сакавітай стракатасцю ўспрымання наваколля. Яго вуглаватыя, часта геаметрычна рытмізаваныя нацюрморты паказваюць рэчы, якія жывуць зусім не “ціхім жыццём”, а гатовыя рухацца, уразіць нас моцным водарам ці спакусіць чымсьці смачным. Партрэтныя выявы, нават знешне больш строгіх жанчын, прасякнуты ўнутранай дынамікай, выразнай экспрэсіяй пачуццяў. Напружанасць вобразнага ладу, буйства колераў, расплаўленых яркім сонцам, змяшаных гарачым ветрам, у творы “Пейзаж у Сёра” дазваляюць нам прасякнуцца атмасферай радаснага чакання чагосьці нязбыўна-хвалюючага.

Восіп Любіч — жывапісец і графік, пісаў алеем, гуашшу, акварэллю, пастэллю, любіў афорт. У яго работах прасочваецца ціха-заспакоены лад жыцця, калі мастак занатоўвае пэўны часавы адрэзак і працягвае яго як надаўжэй. “Сена ў Парыжы” ўпэўнівае нас у адвечнай нязменнасці гэтага гарадскога краявіду. Сцэна павольнага шпацыру мужчыны з сабакам прасякнута светлым задумлівым настроем, які працягваецца ў пейзажы з чырвонымі дахамі, дзе прыглушаная каларыстыка пабудоў суадносіцца з прасветленым даляглядам. Як вядома, Любіч захапляўся тэатральнымі і цыркавымі сюжэтамі, якія ўзноўлены ў работах “Танцоўшчыца з бубнам”, “Аўтапартрэт з мадэллю”, дзе мадэль падобна да ўдзельніцы цыркавога дзейства ў характэрным “клоўнскім” касцюме. Гэтыя, здавалася б, дастаткова дынамічныя сцэны напоўнены выразнай сузіральнасцю, у іх спыняецца знешні рух і ўвага мастака канцэнтруецца на пэўных імгненнях, з якіх і складаецца жыццёвая плынь.

Выстава ў Гродна — яшчэ адна магчымасць звярнуцца да яркага фрагменту нашай магутнай культурнай спадчыны, каб не страціць у напластаваннях стагоддзяў сваю гістарычную памяць.

Марына ЗАГІДУЛІНА, мастацтвазнаўца