Іўеўшчына, Полацк, Навагрудак...

№ 52 (1230) 26.12.2015 - 01.01.2016 г


/i/content/pi/cult/566/12410/11-1.jpgІўеўшчына / Да замка ў госці

Геранёнская зямля ўваходзіць у экскурсійны маршрут “Залатое кольца Іўеўшчыны”. У аграгарадку праведзена гісторыка-краязнаўчая акцыя “Геранёнскі замак на скрыжаванні стагоддзяў”.

Мясцовы краязнаўца Алена Смалянічэнка правяла экскурсію для работнікаў культуры, настаўнікаў і навучэнцаў Геранёнскай сярэдняй школы, мясцовых жыхароў. Народны ансамбль народнай песні “Даўніна” выканаў песню на словы спадарыні Алены на музыку Яўгена Карпуця “Прыязджайце ў Геранёны”.

Напярэдадні акцыі каля гарадзішча быў устаноўлены рэкламна-інфармацыйны стэнд з выявай літаграфіі Напалеона Орды “Рэшткі Геранёнскага замка ХІХ стагоддзя”, дзе на беларускай і англійскай мовах вядзецца гаворка пра падзеі, што адбываліся ў замку цягам яго існавання. Побач знаходзіцца эскізная яго рэканструкцыя. Паводле меркаванняў даследчыкаў, замак меў такі выгляд у XVI стагоддзі.

Лілія КІШКЕЛЬ, загадчык аддзела народнай творчасці Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу

 

Полацк / Кінабум у снежні

У Дзень беларускага кіно, 17 снежня, у Полацку прайшоў заключны этап другога адкрытага конкурсу аматарскага фільма імя Юрыя Тарыча "Я здымаю кіно". Ён праводзіцца ў другі раз, але паспеў стаць папулярным, пашырыў геаграфічныя і тэматычныя межы. На конкурс было прадстаўлена каля ста работ 26 удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Латвіі і Германіі хронаметражам — да 20 хвілін.

Дакументальныя, мастацкія, мультыплікацыйныя, музычныя і рэкламныя кліпы, сацыяльныя ролікі… Падчас галасавання лепшыя работы трансляваліся на рэгіянальным тэлеканале “СКІФ” у Полацку, Наваполацку, Віцебску, Оршы, Барысаве, Бабруйску, размяшчаліся ў Сеціве.

Адным з фільмаў, які вылучылі спецыялісты Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, Акадэміі мастацтваў, Інстытута журналістыкі БДУ і згаданага тэлеканала, стала дакументальная стужка "Лісце падала ў верасні" маскоўскай студыі "Школьны кадр". Ідэйны і вобразны змест, рэжысура і мантаж вылучаюцца вялікім майстэрствам, усё глядзіцца на адным дыханні. Работа адзначана дыпломам І ступені і спецыяльным дыпломам Акадэміі мастацтваў.

Першае месца атрымаў дакументальны фільм "Лісты ў нікуды" пра Вялікую Айчынную вайну студыі "Нэкст". Навапалачане занялі першыя месцы ў намінацыях "Пастановачны ігравы фільм", "Музычны кліп", "Рэкламны кліп", "Сацыяльны кліп".

За захаванне гісторыка-культурнай спадчыны спецыяльнымі дыпломамі журы адзначаны работы Мікіты Мядзведзева з Оршы (дакументальная стужка "Нямыя старажылы горада") і Яўгена Грышчанкі з Наваполацка (цыкл відэазамалёвак "Страчаная спадчына"). За захаванне гістарычнай памяці заахвочаны таксама Раман Самарын з Даўгаўпілса (дакументальная стужка "70-я вясна без вайны"), Аляксей Працэнка з Новасібірска (мастацкі фільм "Юбілей"). Алена Баброва (дакументальны фільм "Адгалоскі Чарнобыля") узнагароджана спецыяльным дыпломам за раскрыццё тэмы трагедыі.

З чатырох прызоў глядацкіх сімпатый два атрымалі палачане: Алег Карэйша і Вольга Брыль у намінацыі "Дакументальнае кіно", Марыя Гейн — у намінацыі "Анімацыя". Апошняя работа адзначана дыпломам І ступені і на ўзроўні прафесійнага журы.

Канкурсанты з Фрыдрыхсхафена, атрымаўшы дыплом ІІІ ступені за дакументальнае кіно, распавялі, што ўражаны высокім узроўнем арганізацыі і правядзення конкурсу. У той дзень Полацк правёў шэраг іншых мерапрыемстваў. У кінатэатры "Радзіма" кінастудыя "Беларусьфільм" арганізавала бясплатны паказ фільмаў "Ваўкі" і "Неверагоднае перамяшчэнне", прайшла творчая сустрэча з ураджэнцам Полацка, заслужаным артыстам краіны Ігарам Сіговым. Быў наладжаны “круглы стол” пра перспектывы і праблемы айчыннага кіно.

Да ўсяго трэба дадаць і конкурсы дзіцячай творчасці "Мабіфільм: Школа! Камера! Матор!”, мабільнага кіно "SmartСТУДиЯ". Карацей, час казаць пра сапраўдны снежаньскі кінабум у Полацку.

Валянціна УЛАСЕНКА, кіраўнік прэс-службы Полацкага райвыканкама

 

Навагрудак / Адэкватная рэакцыя

Навагрудская раённая бібліятэка і Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж з 2012 года сумесна рэалізоўваюць праект “Чытанне — шлях да дасканаласці”. Яго ажыццяўленне — адэкватная рэакцыя на сучасныя змены ў сённяшнім грамадстве.

Праект рэкламуе беларускую і замежную літаратуру, фарміруе культуру чытання, раскрывае багацейшы патэнцыял кнігі. Галоўным, натуральна, з’яўляецца правядзенне масавых мерапрыемстваў: літаратурных подыумаў, кніжных дэфіле, паэтычных дыскурсаў, літаратурных караоке, квэст-гульняў, сустрэч з пісьменнікамі. Вялікая роля адведзена інфармацыйнай і выдавецкай дзейнасці. Пры гэтым галоўная стаўка — на новыя формы работы.

Самыя папулярныя бібліятэчныя акцыі — літаратурныя подыумы. Нас цікавіла “анатомія” гумару, кахання, дэтэктыўнага жанру, класікі.

Кніжнае дэфіле “Літаратура і колер: бібліякалекцыя” выклікала шмат станоўчых эмоцый. Прэзентацыя кніг, у назвах якіх прысутнічае колер, забаўляльная конкурсная праграма, конкурс фотаздымкаў, вызначэнне пераможцаў — усё гэта не дало сумаваць прысутным. Кнігі “выходзілі” на подыум, дэманстраваліся буктрэйлеры, відэаролікі. Моладзь імправізавала, адказвала на пытанні, чытала вершы. Інакш кажучы, самарэалізоўвалася.

Самыя актыўныя ўдзельнікі праекта і стваральнікі буктрэйлераў узнагароджваюцца кнігамі. Ім прадстаўляецца і права часовага бясплатнага карыстання платнымі паслугамі бібліятэкі.

Паказальнай можна назваць квэст-гульню “Краязнаўчыя карункі”. Заўсёды быць у курсе падзей самых розных старонак жыцця дазваляюць інфармацыйныя агляды. Бібліятэка рэгулярна запрашае навучэнцаў каледжа на экскурсіі-мікс “З кнігай — да поспеху”, дзе вядзецца гутарка пра кніжны фонд, новыя паступленні літаратуры, электронныя рэсурсы.

Неаднаразова ў Дзень бібліятэк студэнты былі бібліятэкарамі-дублёрамі. Прыемна адзначыць, што да прафесіі бібліятэкара пасля больш падрабязнага знаёмства маладыя людзі аднесліся з павагай і шчырай зацікаўленасцю. Эфектыўнасць дадзенага праекта бясспрэчная: ён дае магчымасць паспяхова ўкараняць інавацыі ў працу і развіваць партнёрства з зацікаўленымі бакамі.

Іна ШАЎЧУК, загадчык аддзела  абслугоўвання і інфармацыі Навагрудскай раённай бібліятэкі