Свіслач, Віцебск, Орша...

№ 51 (1229) 19.12.2015 - 25.12.2015 г


/i/content/pi/cult/565/12402/10-2.jpgСвіслач / Шукаем новае

Мэта бібліятэчнага праекта “Бібліятэка  — арыенцір на моладзь” — прапанаваць юнакам і дзяўчатам максімум ведаў і маральных арыенціраў, садзейнічаць фарміраванню ў іх актыўнай жыццёвай пазіцыі.

У чытальнай зале раённай бібліятэкі працуе інфармацыйны цэнтр “Моладзь — будучае Беларусі” з раздзеламі: “Маладзёжны свет: цікава аб розным”, “У гармоніі з сабой і светам”, “Паспяховая моладзь шмат чытае”. Яны дазваляюць больш поўна акрэсліць актуальныя пытанні юнацтва, знаёмяць з дзяржаўнай маладзёжнай палітыкай, разнастайнымі праектамі, лепшымі ідэямі і карыснай інфармацыяй.

Раённая бібліятэка пастаянна знаходзіцца ў пошуках новага. Частымі гасцямі мерапрыемстваў сталі цікавыя суразмоўцы, спецыялісты ўстаноў і арганізацый горада. Маладыя людзі маюць магчымасць атрымаць адказы на пытанні, якія іх хвалююць, пазнаёміцца з сацыяльнай сферай і маладзёжнай палітыкай раёна.

Сустрэча “Прызыў на вайсковую службу: правы і адказнасць прызыўніка” прайшла з удзелам прадстаўнікоў ваеннага камісарыята і суда Свіслацкага раёна. Для маладых спецыялістаў у раённай бібліятэцы быў арганізаваны інфармацыйны дзень “Моладзь Беларусі: традыцыі і будучае”. У абітурыентаў выклікаў цікавасць дзень будучага спецыяліста “Справа жыцця”. Установа запрасіла спецыялістаў, якія расказалі вучням аб сваёй прафесіі, патрабаваннях да яе і запатрабаванасці на рынку працы.

Бібліятэка прапагандуе літаратуру па здаровым ладзе жыцця, прафілактыцы асацыяльных з’яў у грамадстве. Прайшлі рэкамендацыйныя мерапрыемствы ў рамках інфармацыйнага марафона “Моладзь — за моду на здароўе”. Прафілактыка шкодных звычак сярод падлеткаў і моладзі абмяркоўвалася з вучнямі старэйшых класаў школ горада падчас правядзення мультымедыйнага мікста “За будучыню Беларусі: без наркотыкаў, без тытуню, без алкаголю”.

Алена ШПАК, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Свіслацкай раённай бібліятэкі

Віцебск / Ідэя для афішы

У Нацыянальным музеі Літвы ў Вільнюсе, на ІІІ Міжнароднай выставе “Сусветнае мастацтва папяровай выразкі — 2015” сярод творчых работ майстроў з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Італіі, Балгарыі і іншых краін прадстаўлены работы вядучага метадыста Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ганны Перлінай.

Яшчэ ў красавіку эксперты выставы адзначылі работы Ганны Уладзіміраўны, якая прадставіла выцінанкі “Вясновая трэль”, “Восеньскія мелодыі”, “Летнія ўзоры” і “Зімовыя карункі”. Дзве апошнія ўвайшлі ў склад каталога, які Ганна Перліна атрымала ў падарунак ад арганізатараў мерапрыемства — вільнюскай супольнасці Саюза майстроў мастацтва папяровай выразкі Літвы, Супольнасці майстроў народнага мастацтва — мастакоў Вільнюскага краю і Нацыянальнага музея Літвы. А ідэя выцінанкі “Зімовыя карункі” стала асновай для афішы дадзенага міжнароднага мерапрыемства!

4 снежня Ганна Уладзіміраўна стала ўдзельніцай Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Папяровая выразка ў Літве і сусвеце. Развіццё і перспектывы”.

Андрэй СТРУНЧАНКА, вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці

Орша / Крумкач грае на гітары

У выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці працуе выстава двух народных клубаў народных майстроў Аршанскага дома рамёстваў.

Клубы — актыўныя ўдзельнікі рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Вясновы букет” у Мінску, “Горада майстроў” у межах Міжнароднага фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”, абласнога свята-конкурсу лапікавага шыцця “Здраўнёўская палітра”, выставы цацак і лялек “Кірмаш цудаў” у АМЦНТ…

Выстава сабрала рознакаляровыя творы 50 майстроў ва ўзросце ад 19 да 77 гадоў, уключаючы 7 членаў Саюза майстроў народнай творчасці, якія працуюць у тэхніках лозапляцення, ткацтва, рэканструкцыі народнага касцюма, разьбы па дрэве, аплікацыі саломкай, керамікі, ганчарства, лапікавага шыцця, роспісу па льне, а таксама працуюць з бісерам, скурай..

На выставе можна ўбачыць рыбу з лазы, кары і прыродных матэрыялаў Таццяны Азаравай, драўляную, аж на паўсцяны, кампазіцыю-пано “Успамін аб мінулым” Уладзіміра Сакалова, выразныя рамы для люстэркаў Ігара Пахомчыка, трыпціх “Беларусь” Наталлі Бярозкінай ды шмат іншых цікавых і прыгожых твораў народнага мастацтва …

Як паведаміла кіраўнік клуба Ірына Юшкевіч, твор цягам часу можа відазмяняцца ці дапаўняцца, як, напрыклад, кампазіцыя са скуры “Закаханыя вароны”, якая пачалася з “Крумкача, які грае на гітары” ў выкананні Алены Чарных, а пад вясенні настрой Ірына Юшкевіч дапоўніла яе варонай-нявестай…

Ала ЛЯЛЬКІНА, вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці