Здзівілі ды парадавалі: не пра лічбы — пра людзей

№ 51 (1229) 19.12.2015 - 25.12.2015 г

У нейкім замежным часопісе вычытаў, што Беларусь на постсавецкай прасторы займае ці не першае месца па колькасці дошак гонару. На мой погляд, не самы горшы паказчык. Прынамсі, наглядна бачна, хто цягам года ішоў наперадзе, працаваў самааддана і з максімальным вынікам. І рэдка на якой раённай дошцы гонару няма партрэта работніка культуры. Можна нават пра тэндэнцыю казаць. Іншая справа, што такая публічная слава застаецца часам ці не адзіным стымулам для дзейнасці бібліятэкараў, клубнікаў, музейшчыкаў, іншых прадстаўнікоў шматтысячнай арміі стваральнікаў, ад якіх залежыць маральны стан грамадства… Мы таксама вырашылі завесці на старонках "К" своеасаблівую Дошку гонару, на якой змясцілі партрэты тых работнікаў культуры (ад начальнікаў аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі да шараговых сельскіх работнікаў сферы), якія цягам адыходзячага года парадавалі крэатывам ды здзівілі нестандартным падыходам да справы. Натуральна, з кожным раёнам не звязваліся, бо на такі матэрыял і шаснаццаці газетных палос не хапіла б. Таму адрасы выбіралі, так бы мовіць, наабум. Пагутарылі і з тымі, хто рэкамендаваў перадавікоў, і з самімі героямі культурнай нівы. Такім чынам да ўдзелу ва онлайн-канферэнцыі запрасілі начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Анатоля СІНКАЎЦА, першага намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ІРКСМ Гродзенскага аблвыканкама Аляксандра ВЯРСОЦКАГА; начальнікаў аддзелаў ІРКСМ: Ганцавіцкага — Алу ЗАНЬКА, Гродзенскага — Наталлю РАМАНОВІЧ, Брагінскага — Ігара САМБУКА, Сенненскага — Сяргея МЯЦЕЛІЦУ, Бялыніцкага — Ірыну ФУРСАВУ, Старадарожскага — Святлану КАРОЛЬКА; загадчыка харэаграфічнага аддзялення Ганцавіцкай ДШМ Алену ВАРЭЙКА, дырэктара Брагінскага гістарычнага музея з карціннай галерэяй Алесю ДАЎГУЛЯВЕЦ, дырэктара Сенненскага раённага дома рамёстваў Вольгу КВАШКО, загадчыка Залужскай сельскай бібліятэкі-клуба Старадарожскага раёна Таццяну ГЕЛЬВЕР.

/i/content/pi/cult/565/12401/10-1.jpgЯўген Рагін:

— Пачнем з галоўных упраўленняў. Дык хто парадаваў і здзівіў на Гродзеншчыне?

Аляксандр Вярсоцкі:

— Няма сумнення, што начальнік аддзела Гродзенскага райвыканкама Наталля Рамановіч. На пасадзе — адносна нядаўна, але літаральна ўсе мерапрыемствы набылі новыя яркія фарбы.

Яўген Рагін:

— Наталля Іосіфаўна, якія найбольш буйныя мерапрыемствы можна тут назваць?

Наталля Рамановіч:

— Фестываль "Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў". Другі год запар ён мае статус міжнароднага. Падзея збірае тысячы беларусаў, палякаў, літоўцаў. Першы дзень фэсту, які ладзіўся ў жніўні, мы збіраемся на нашай зямлі, другі — у польскім Аўгустове. Сёлета было шмат новых прыдумак. Да прыкладу, ладзілі футбол у гразі, а таксама сплаў па канале на тым, што пад руку трапілася. На абы-чым, словам. Уяўляеце, якое вясёлае відовішча было?!

Другая падзея — таксама брэндавая. У Адэльску, які знакаміты не толькі майстрам народных музычных інструментаў Мар’янам Скрамблевічам і таленавітымі кухарамі (творчасць усіх стала нематэрыяльнай культурнай спадчынай Беларусі), але і тым, што было тут колісь чатырнаццаць млыноў. Дык вось, нядаўна адбылося тут Свята млынароў. Яркае і запамінальнае.

Аляксандр Вярсоцкі:

— А я працягнуў бы пералік адметных падзей і тым, што народны ансамбль песні і танца "Ніва" Верцялішкаўскага цэнтра культуры стаў нядаўна заслужаным калектывам Рэспублікі Беларусь. І ў гэтым таксама заслуга начальніка аддзела ІРКСМ. Колькасць калектываў са званнямі "народны" і "ўзорны" — адзін з паказчыкаў эфектыўнай работы аддзела.

Наталля Рамановіч:

— Такіх калектываў у Гродзенскім раёне дзевятнаццаць.

Яўген Рагін:

— Самыя яркія начальнікі аддзелаў Магілёўскай вобласці?

Анатоль Сінкавец:

— Гэта Ірына Фурсава з Бялынічаў, Ірына Раманчук з Асіповічаў і Алена Рабкавец з Дрыбіна. Працуюць якасна і з аддачай.

Яўген Рагін:

— Звязаўся я толькі з Ірынай Фурсавай, бо з Ірынай Раманчук "К" пастаянна падтрымлівае плённую творчую сувязь, а вось Алена Рабкавец — на бальнічным… Ірына Уладзіміраўна, што адметнага было на Бялыніччыне цягам гэтага года?

Ірына Фурсава:

— Адкрылі ў лютым кінатэатр, які дзевяць гадоў не працаваў. Грошы часткова дала вобласць, астатняе — раённы бюджэт і тое, што мы зарабілі на суботніках. Цяпер ва ўстанове — 3D-абсталяванне, зала на 180 месцаў, відэасалон.

Вельмі паказальным лічу тое, што ў раённым конкурсе "Бялыніцкая тэатральная восень" удзельнічала восем калектываў. Сяло тут ад раённага цэнтра не адстае, і перамога дасталася Вішоўскаму сельскаму цэнтру культуры і вольнага часу, якім кіруе Алена Хартава. І ўвогуле аграгарадок "Вішоў" займае на карце раёна асаблівае месца. Сельскагаспадарчай арганізацыяй тут кіруе Аляксандр Лапацентаў — самы актыўны спонсар нашай культуры. Доказ таму — доўгатэрміновы праект "Жыццёвымі дарогамі працавітых людзей". Вось ужо восьмы год ладзіцца гэтае мерапрыемства і кожны раз доўжыцца па дзве — тры гадзіны. Такім чынам ушаноўваюцца ветэраны працы, сённяшнія рабочыя мясцовага СВК і моладзь, што стаіць на парозе працоўнага жыцця. Праект рэалізоўваюць сельскія і гарадскія работнікі культуры, а фінансавую падтрымку аказвае Аляксандр Лапацентаў.

Анатоль Сінкавец:

— Са спонсарам, як вядома, трэба працаваць. На пустым месцы супрацоўніцтва не атрымаецца. Значыць, начальнік аддзела ІРКСМ Бялыніцкага райвыканкама — на сваім месцы.

Ала Занька:

— А мяне пастаянна здзіўляе харэограф нашай дзіцячай школы мастацтваў Алена Варэйка. Маладая, мясцовая, скончыла Пінскі каледж мастацтваў. Дзякуючы ёй у нас пяць гадоў таму адкрылася харэаграфічнае аддзяленне і была створана ўнікальная танцавальная студыя "Уздых танца". Гэтая маленькая вытанчаная дзяўчына сама рабіла рамонт памяшкання пад харэаграфічны клас… Я аднойчы трапіла на першыя рэпетыцыі, пабачыла, як плача маленькая дзяўчынка-танцаўшчыца. Ну шкада ж дзіцёнка! Я — да Алены. А тая кажа: "Мне таксама шкада. Але без жорсткіх патрабаванняў я не даб’юся ад дзяцей самааддачы ў творчасці! Без гэтага — якое мастацтва?" Удумайцеся ў гэтыя словы. У іх — сэнс працы любога сумленнага работніка культуры.

Яўген Рагін:

— Алена, выступленні вашага гурта публіка сустракае стоячы. У чым тут прычына?

Алена Варэйка:

— Проста тыя, хто калісьці плакаў, цяпер шчыра радуюцца сваім перамогам. Адчулі сваю сілу, таму і выступаюць з максімальнай аддачай. Нядаўна "Уздых танца" стаў лаўрэатам Міжнароднага конкурсу дзіцячай сучаснай харэаграфіі і балетмайстраў "Зорачкі". Вярнуліся з Мінска натхнёныя і ўпэўненыя. Сапраўды, хочацца чагосьці насамрэч маштабнага і рэзананснага. Мроіцца, да прыкладу, шыкоўны мюзікл, дзе нашы дзеці танцавалі б поруч з запрошанымі беларускімі эстраднымі зоркамі. Цалкам рэальная рэч.

Яўген Рагін:

— Праект амбіцыйны. Дай вам Бог. А раптам з Ганцавічаў з’едзеце?

Алена Варэйка:

— Не. Прынамсі, не сёння і не заўтра. Тут мой дом, сям’я, харэаграфічнае аддзяленне, мой калектыў, які на днях павінен займець званне "ўзорны"… Ці ж можна ўсё гэта ўвобмірг пакінуць?!

Яўген Рагін:

— Даўно з Брагіншчыны інфармацыі не было. А як тут справы з радасцю і здзіўленнем?

Ігар Самбук:

— Сітуацыю з дэфіцытам інфармацыі будзем выпраўляць. Падзей цікавых, сапраўды, шмат. А радуе пастаянна наш музей. Узначальвае яго Алеся Даўгулявец. Хоць і нядаўна працуе на кіраўнічай пасадзе, але цікавых праектаў па ўстанове цяпер рэалізоўваецца вельмі шмат.

Яўген Рагін:

— Што за праекты?

Алеся Даўгулявец:

— Вельмі шчыльна супрацоўнічаем з "Беларускім зялёным крыжам" — грамадскай арганізацыяй, што дапамагае ліквідаваць наступствы чарнобыльскай бяды шляхам паляпшэння сацыяльна-эканамічнага становішча рэгіёнаў. Цяпер рэалізоўваецца ідэя стварэння сямейных клубаў, куды ўваходзяць родзічы, сваякі, аднадумцы. У Брагінскім раёне будзе восем такіх клубаў, адзін з іх — культурна-дасугавы — пачынае працаваць на базе нашай установы. Мы назвалі яго "Натхненне". А кіруе клубам галоўны захавальнік музейных фондаў Надзея Мялешка. "Натхненне" стварыла Батлейку, якая карыстаецца попытам у раёне, а таксама ініцыявала рэстаўрацыю іконы-трыпціха з мясцовага храма. А яшчэ ў нашай карціннай галерэі дзейнічае тэатральна-музейная група, у якую ўваходзяць і цяжкія падлеткі. Збіраемся паставіць спектакль на гістарычную тэму. Павінна атрымацца.

У наступным годзе нашаму музею споўніцца 30 гадоў. З гэтай нагоды правялі на Брагіншчыне міжнародны мастацкі пленэр, і дзіцячы, і дарослы. Падчас юбілейных урачыстасцяў, карціны, створаныя на пленэры, будуць перададзены музею.

Яўген Рагін:

— Год таму мы пазнаёміліся ў Сянно з цудоўнымі людзьмі: новым начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргеем Мяцеліцам і дырэктарам Раённага дома рамёстваў Вольгай Квашко. Што цікавага адбылося ў іх за год?

Сяргей Мяцеліца:

— Было вельмі шмат важных падзей. І ўсе яны наўпрост звязаны з кіраўніком РДР Вольгай Квашко. Спецыяліст яна — унікальны. Не проста радуе ды здзіўляе, а непасрэдна ўплывае на культурную палітыку раёна. Мяркуйце самі. Сёлета Вольга Яўгенаўна прызнана лепшым майстрам Віцебшчыны. Вы ведаеце, што яна ў творчасці — разнапланавая: ткачыха, вязальшчыца, мастак… Гэтай падзеі папярэднічала тое, што партрэт Вольгі Квашко быў змешчаны на раённай Дошцы гонару. Прайшло у нас абласное адкрытае свята-конкурс народнага касцюма "Сцяжкі майстэрства". Наш РДР заняў другое месца. Першае засталося за Лепелем… І апошні выключны момант. Не без удзелу кіраўніка Сенненскага РДР наш творчы праект стаў адным з пераможцаў на конкурсе ПРААН. А заявак было пададзена па Беларусі больш за сотню. Думаю, што падрабязней пра гэты праект раскажа сама Вольга Яўгенаўна.

Вольга Квашко:

— Калі наш праект будзе канчаткова адабраны, прыступім да яго рэалізацыі ўжо ў студзені. Праект прысвечаны адраджэнню традыцыйнага сенненскага строю. З’явіцца магчымасць прыдбаць яшчэ тры ткацкія станкі, пашырыць стаўкі майстроў. А гэта ўжо якасна новы ўзровень нашай дзейнасці. Уявіце, займацца ў гуртках змогуць не толькі школьнікі, але і ўсе ахвотныя. Даўно думала пра тое, каб да нас прыходзілі маладыя дзяўчаты і самі сабе рыхтавалі пасаг. Такога пакуль няма нідзе. А мы будзем вучыць такіх майстрых не толькі ткаць, але і асэнсавана выбіраць арнамент, ведаць старадаўнюю абрадавую традыцыю нашага краю, закладваць у працу патрэбную станоўчую энергетыку. Гэта вельмі важна для таго, каб традыцыя развівалася натуральна, усвядомлена, без прымусу…

Яўген Рагін:

— Такога комплекснага падыходу мы, сапраўды, нідзе яшчэ не бачылі. Адчувае мая душа, што неўзабаве зноў трэба будзе да вас збірацца. Такі досвед, такое канкрэтнае бачанне перспектыў не можа не стаць урокам для вашых калег па ўсёй рэспубліцы.

Святлана Каролька:

— Пра бібліятэкараў сёння нічога не прагучала. А яны ў нас працуюць вельмі няблага. Узяць хаця б Старадарожскую дзіцячую бібліятэку, якой кіруе Вольга Дарашко. Тут ёсць свой тэатр, папулярны ў горадзе і ў раёне. Вельмі шчыльнае супрацоўніцтва з трыма школамі і гімназіяй. Восемдзясят працэнтаў навучэнцаў з’яўляюцца чытачамі бібліятэкі. Але асобная гаворка пра сельскага спецыяліста Таццяну Гельвер, якая кіруе ў аграгарадку "Залужжа" бібліятэкай-клубам…

Яўген Рагін:

— Раскажыце, Таццяна Віктараўна, чым здзіўляеце?

Таццяна Гельвер:

— Аграгарадок наш — не з маленькіх. У школе — сотня вучняў. Амаль усе яны — мае чытачы і памочнікі. Разам ладзім зажынкі, дажынкі. Дзяцей гэтых нават у райцэнтр запрашаюць на выступленні… А ўсяго ў бібліятэцы-клубе — 450 чытачоў. Дзейнічаюць два гурткі па прапагандзе здаровага ладу жыцця: "Аранжавы рай" — для моладзі, "Азбука здароўя" — для дзяцей. Насупраць установы — стадыён. Улетку ён ніколі не пустуе. Аднойчы нават футбольнае спаборніцтва адбылося паміж юнымі чытачамі і рабочымі сельгаспрадпрыемства. Карацей кажучы, усе мы ў вёсцы, як адна сям’я. Часта сумесныя застоллі ладзім. У меню — фіта-гарбата і толькі карысныя для здароўя стравы.

Дарэчы, мясцовай сельгасвытворчасцю кіруе Аляксей Петрушэня. Падаецца, яшчэ нядаўна бегаў да мяне ў клуб на дыскатэку. А цяпер — асноўны наш спонсар. Летась выдаткаваў грошы на акустычную сістэму, сёлета — на мікрафоны. Карацей, праблемы нашы добра ведае. Так што пра адзіную сям’ю я — без перабольшання.

Ад рэдакцыі

Рэгіянальная культура цікавая людзьмі. За кожнай асобай — сваё бачанне і сённяшняй сітуацыі, і перспектыў. За кожнай асобай — канкрэтныя праекты, задуманыя і рэалізаваныя на мясцовым матэрыяле. Пэўныя задумкі паспяхова пераўтварыліся ў знакавыя брэнды. Адметна і тое, што ад гарадскіх калег ніяк не адстаюць сельскія работнікі культуры. Узровень таленту ад прапіскі не залежыць. І гэта — сталая тэндэнцыя раённай культурнай сферы. Словам, Дошка гонару "К" будзе мець бясконцы працяг у беларускім часе і прасторы.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"