Каб прывыкалі да свайго мастацтва...

№ 51 (1229) 19.12.2015 - 25.12.2015 г

Пра беларускае кіно, праўду вобраза і альтэрнатыву сістэме пракату
Займець у лік гасцей “Лістапада” легендарнага Навума КЛЕЙМАНА было гэтак жа дзіўна, як убачыць Фані Ардан, і яшчэ варта паспрачацца, якая зорка бліснула больш ярка. Але гэта, вядома, па-за дужкамі нашай тэмы. І вось заснавальнік расійскага Музея кіно Навум Клейман, чалавек энцыклапедычных ведаў, шчодрага розуму, лёгкай і смяшлівай рэакцыі, адказвае на пытанні “К”, прыводзячы масу канкрэтных прыкладаў і ідэй, якія можна ўкараняць хоць сёння.

/i/content/pi/cult/565/12400/13-3.jpg— Першы раз я прыехаў у Мінск у 1960 годзе з перспектывай, што, магчыма, буду тут працаваць — рэдактарам на кінастудыі. Тады акурат пачыналася новая эпоха на “Беларусьфільме”. Сюды прыехаў пецярбургскі педагог Сяргей Скварцоў, прыбылі Віця Тураў, Юра Марухін, Толя Забалоцкі, Валодзя Бычкоў. Але жыццё пайшло інакш, і я апынуўся ў Дзяржфільмафондзе. А ў 1962 годзе заспеў пачатак здымак “Горада майстроў”. Потым быў 1986 год — апошні мой прыезд да вас у часы СССР, і 2000-ы — ужо ў сучасную краіну.

— Ці быў у музея кіно досвед працы з беларускімі рэжысёрамі?

— З апошняга — рэтраспектыва і выстава Міхаіла Тумелі. Ён вельмі таленавіты, і мы пастараліся акружыць фільмы кантэкстам, іх непасрэдным асяроддзем: гэта былі макеты, эскізы… У музейнай калекцыі не так шмат беларускіх матэрыялаў, але часам бываюць даступныя плакаты. Рабілі мы ў свой час рэтраспектыву памяці Віктара Турава. Паказвалі класіку беларускага кіно: Юрыя Тарыча, Уладзіміра Корш-Сабліна. Існавала ў канцы 1990-х праграма — “Вобраз вайны ў савецкім кіно”, і, вядома, там была беларуская секцыя. Не ведаю, як менавіта ў музеі, але ў Маскве вельмі хацелася б паказаць ваша маладое кіно. Моладзь такая цікавая, але ў нас яе не ведаюць!

— Можна ўдакладніць пра выставы... Яны традыцыйныя ці вы нешта прыдумваеце асаблівае? Ці дакладна, што вы інтэгруеце экспазіцыі з кінапаказам?

— У музеі было чатыры залы, але сёе-тое рабілася і на выездзе. Напрыклад, у 2012 годзе ў Царыцыне. Гаворка там ішла пра вобразы Кацярыны II (250 гадоў каранацыі) і прускага караля Фрыдрыха II (300-годдзе) у кіно. Дык вось, ідэя выставы палягала ў тым, што іх рэальныя і кінематаграфічныя вобразы не супадаюць. Кіно гэта ж мастацтва, казка, а не дакумент... Мы паставілі 22 маніторы. І паказвалі, напрыклад, адну і тую ж сцэну паралельна — з некалькіх розных фільмаў. Ёсць адзін акцёр, які граў Фрыдрыха некалькі разоў. І глядач мог на свае вочы пераканацца, што ў даваеннай стужцы яго герой быў добрым дзядзечкам, а потым, у нацысцкі час, у мілітарысцкім духу, ён стаў зусім іншым. Розныя кантэксты, і герой аказваецца непазнавальны! Таму мы заўсёды ладзім выставы з дыскусіямі: людзі, пераходзячы ад экрана да экрана, пачынаюць разумець, што гэта ўсё — міфалогія. А дзе праўда? Ніхто не ведае: вы ж глядзіце кіно. Гэта — мастацтва! Там шмат было інтэрпрэтацый, у тым ліку Галівуд, які ўжо ілюструе сапраўдную казку.

Такім чынам, мы паказвалі адноснасць вобразаў, і вядома, адлюстраванне эпохі ў літаратуры, ілюстрацыі, касцюмы ў розных сітуацыях… Імкнуліся прыцягнуць у кінавыставу культуралагічны матэрыял, а не толькі гістарычны. Мяркую, пошук сэнсаў, трактовак — гэта тое, што трэба развіваць у выставачнай працы. Значна больш важна суаднесці кінафільм з яго эпохай, чым паказваць, як робяцца камп’ютарныя штукі і ўсе гэтыя фокусы. Але гэта — цяжка.

— У дакументальным фільме “Кіно: грамадская справа”, які вы прадставілі на “Лістападзе”, была закранута тэма альтэрнатыўнай сістэмы кінапракату. Як лічыце, яна жыццяздольная?

— Так, калі з’явяцца механізмы, прынятыя на заканадаўчым узроўні. Пакуль стымулюецца толькі камерцыйны пракат, і ён загубіць мастацтва кіно. Ва ўсіх краінах гэта разумеюць. Бо сапраўдны сучасны фільм, нават калі ён зняты з дапамогай дзяржавы, пры цяперашняй структуры паказу ніхто не ўбачыць! Спробы выратаваць мастацтва могуць стаць альтэрнатывай, пра якую вядзецца гаворка. Гэта могуць быць універсітэцкія залы (на Захадзе студэнцкія кампусы маюць кінатэатры), або музейныя — у гістарычнага, політэхнічнага або этнаграфічнага музеяў зусім розныя задачы, і можна рабіць розныя праграмы. Чаму не паказаць серыю — умоўна — “Жыццё выбітных людзей” з усяго свету і, абавязкова, са свайго рэгіёна? Для гістарычных музеяў гэта абсалютная неабходнасць! Дарэчы, наш музей бярэ грошы за звычайны білет з правам прагляду кінастужкі і ўдзелу ў абмеркаванні.

Калісьці ў Музеі кіно мы думалі, як можна было б “кінафіцыраваць музеі”. І паступова прызвычаілі іх да нашых падыходаў: залы бітком былі набітыя на кінапаказы.

Напрыклад, ёсць пэўная колькасць фільмаў пра Ван Гога. Мы ў Пушкінскім музеі на мастацкай выставе паказваем пяць: у кожнага фільма, у кожнай краіне — сваё разуменне і традыцыя. Аўстралійская карціна паказвае апантанасць творцы мастацтвам. Галандская — распавядае пра чалавека паўночнай краіны, які раптам прыязджае туды, дзе ёсць сонца. І ён змяняецца! Яшчэ адзін фільм — расійскі, сентыментальны, пра тое, якім Ван Гог быў бедным і няшчасным, і толькі пасля смерці яго ацанілі ды нажываюцца на спадчыне. Разумееце, сацыялагічна гэты прыём не працуе, але тое — навучэнне кінематографу! І гэта трэба паказваць не толькі ў музеі, але і ў кожнай некамерцыйнай арганізацыі. Або ў карпаратыўнай сістэме, калі буйное прадпрыемства дае магчымасць сваім супрацоўнікам убачыць не блокбастары, а сапраўднае кіно. Усё залежыць ад куратара. І людзі здольныя адчуваць вельмі тонкія рэчы!

— Як функцыянуе альтэрнатыўная сістэма паказу і якая роля дзяржавы ў некамерцыйнай кінавытворчасцi i кінапракаце?

— Думаю, зараз чакаць дадатковага фінансавання не даводзіцца. Вось французская сістэма добра сябе зарэкамендавала: 10 % з падаткаў ад камерцыйнага пракату ідзе на развіццё свайго кіно. Гэта значыць — зарабілі амерыканцы, але гэта добра і для французаў. Урэшце, трэба, каб людзі прывыкалі да мовы сваёй краіны, да свайго мастацтва. Але прывесці пракат да гэтай сістэмы хаця б у маштабах Еўрасаюза вельмі цяжка: усюды ўсё ўладкавана па-рознаму. Што ж тычыцца ролі дзяржавы, то я сказаў бы, што яна павінна даваць сродкі на развіццё культурнага клімату, і гэта прыцягне спецыялістаў...

— Ведаю, што вы глядзелі наш Нацыянальны конкурс у рамках “Лістапада”...

— Усе пяць фільмаў, што я бачыў, спадабаліся. Карціна “Адам” — вельмі добрая і без ідэалізацыі. “Шэпты і крыкі Тані Б.” спачатку шакіруюць, але раптам ты разумееш, якія ў гераіні цудоўныя адносіны з сынам. “Шлях у Дамаск”, дзе ёсць дзядуля, тата і сын — вольны мастак, — гэта не проста пошук радаводу, гэта спроба звязаць іх, а не падзяліць. Проста бляск! І зроблена ўмела! Я пагутарыў з хлопцамі і ўбачыў вочы, якія разумеюць. “Фартуна” спадабалася сапраўды. Можа быць, у пэўнай меры гэта вучэбная работа, але яна ідзе ў вельмі правільным кірунку. І напрыканцы — а раптам, гэта яшчэ прабачэнне? Не трэба казаць: “Усё позна”. Аўтар са мной не пагадзіўся, але сказаў, што яшчэ падумае. У “Адной крывi” ўсё вельмі дакладна, з рознымі пунктамі гледжання. Дзіўна, што людзі, якія рабілі гэтыя фільмы, прасякнутыя адным духам, — усім цікавы чалавек. Вось “Гараш” — гэта паэтыка зусім мне чужая, таму я не даглядзеў стужку, прызнаюся.

І вельмі добрыя ўражанні засталіся ад вашай кінасупольнасцi. На жаль, сяброў маіх амаль не засталося, але з маладымі людзьмі мы што-небудзь яшчэ прыдумаем!

Пытанні задавалі Любоў ГАЎРЫЛЮК і Ксенія ТАЛАЛУЕВА