Майстра шрыфта

№ 2 (768) 13.01.2007 - 19.01.2007 г

У віцебскім Цэнтры сучаснага мастацтва прайшла юбілейная выстаўка знакамітага графіка Рыгора Клікушына, прысвечаная яго 85-годдзю.

/i/content/pi/cult/109/124/st11_1.jpgТут было прадстаўлена каля 100 яго графічных работ, у тым ліку — 15 відаў шрыфтоў, некалькі плакатаў, лінагравюры, кнігі з узорамі шрыфтоў. Рыгор Клікушын найбольш вядомы ў Беларусі менавіта як шрыфтавік, ім створана каля сарака аўтарскіх шрыфтоў, выдадзена 9 кніг шрыфтоў — рэкламных, мастацка-афарміцельскіх, дэкаратыўных. У свеце яго літар ёсць і лірыка, і жорсткасць, і мужнасць, і казка. Як правіла, шрыфты маюць імёны, назвы: “Радзіма”, “Піліпок” (у гонар унука), “Мона Ліза”, “Фантазія”. Акрамя таго, ён — аўтар сотні гравюр, каля паўсотні малюнкаў, ім аформлена 70 беларускіх кніжных выданняў. Любімыя тэмы — прырода, стары Віцебск — утульныя куточкі, вулачкі і будынкі. Да вайны ён выкладаў маляванне ў роднай вёсцы Сладкова Омскай вобласці, потым ваенным тэлеграфістам прайшоў шлях ад Палтавы да Вены.

У 1946 годзе пераехаў у Віцебск і паступіў у педагагічны інстытут, пасля заканчэння якога выкладаў гісторыю ў мастацка-графічным педагагічным вучылішчы. Атрымаць любімую спецыяльнасць Клікушыну давялося толькі ў 1956 годзе: ён закончыў мастацкае аддзяленне Маскоўскага поліграфічнага інстытута і стаў выкладаць на мастацка графічным факультэце Віцебскага педінстытута. Чвэрць стагоддзя (з 1970 па 1995 год) Р. Клікушын працаваў мастаком-афарміцелем у Віцебскай абласной друкарні, у сярэдзіне 70-х захапіўся мастацтвам шрыфта. Зараз ён піша ўспаміны па сваіх дзённіках, рыхтуе ілюстрацыі да іх. Так, час не мае ўлады над сапраўдным творцам...

Таццяна САЛАЎЁВА,
журналіст
Віцебск
Майстра шрыфта