Крычаўская школа

№ 51 (1229) 19.12.2015 - 25.12.2015 г

Кірунак паводле педагога
Гісторыя Магілёўшчыны захавала шмат імёнаў цікавых і выбітных асоб у галіне выяўленчага мастацтва. Здаецца, мы ўсё пра іх ведаем і ганарымся такой спадчынай. Аднак, час ад часу архіўныя матэрыялы і размовы з людзьмі дапамагаюць давецца пра новыя факты. Так здарылася і з адкрыццём імені Анатоля Герашчанкі.

/i/content/pi/cult/565/12395/7-1.jpgНарадзіўся Анатоль Рыгоравіч у 1937 годзе ў вёсцы Красавічы Клімавіцкага раёна Магілёўшчыны. Пасля заканчэння Віцебскага педагагічнага інстытута (мастацка-графічны факультэт) у 1970 годзе быў накіраваны на працу настаўнікам малявання і чарчэння ў Крычаўскую сярэднюю школу № 1. Праз некаторы час ён адкрыў студыю выяўленчага мастацтва — першую ў Крычаве.

У архівах Магілёўскай абласной бібліятэкі ўдалося знайсці артыкул Анатоля Герашчанкі “Таямніцы прыгожага” ў “Магілёўскай праўдзе” 1979 года, дзе ён піша аб станаўленні студыі: “…Мясцовы прамкамбінат вырабіў для нас мальберты; былі завезены гіпсавыя злепкі з Ленінграда. Дапамагалі майстэрні Мастацкага фонду БССР. Шмат увагі ўдзяліў арганізацыі студыі выяўленчага мастацтва член Саюза мастакоў БССР Мікалай Міхайлавіч Федарэнка… Ён падараваў ёй некалькі сваіх работ…”. Творчыя працы студыйцаў былі прадстаўлены на абласных, рэспубліканскіх і ўсесаюзных выставах. У 1975 годзе малодшая група студыі ўдзельнічала у Міжнародным конкурсе дзіцячага малюнка ў Чэхаславакіі “Біенале фантазіі”.

У 1977 годзе на базе студыі выяўленчага мастацтва Анатоль Рыгоравіч ініцыяваў адкрыццё Дзіцячай мастацкай школы. 55 хлопчыкаў і дзяўчынак селі за мальберты, і пачалося асваенне сакрэтаў майстэрства. Вынікі былі адчувальныя ўжо напрыканцы першага года: 8 навучэнцаў атрымалі пасведчанні ўдзельнікаў міжнароднай выставы ў Народнай Рэспубліцы Ангола.

Праз два гады адбылася І Рэспубліканская выстава работ навучэнцаў дзіцячых мастацкіх школ: у ёй бралі ўдзел 7 таленавітых вучняў крычаўскай школы, на ІІ Рэспубліканскай выставе (1980) у Брэсце было прадстаўлена 88 работ з Крычава (улічваючы, што ўсяго агульнарэспубліканская экспазіцыя налічвала 400 прац).

Сваіх студыйцаў настаўнік вучыў акадэмічнаму малюнку, жывапісу і кампазіцыі. Запрашаючы натуршчыкаў для штудый, сам працаваў за мальбертам і сваім прыкладам абуджаў цікавасць да спасціжэння навыкаў акадэмічнай працы. Вельмі важнай была сумесная работа і, безумоўна, зносіны: “абмен уражаннямі і думкамі”. Вынікам штодзённай працы сталі творчыя справаздачы. Яны праходзілі двойчы на год: вясновыя і восеньскія. Важную ролю Герашчанка адводзіў экскурсійным вандроўкам са знаёмствам з музеямі і выставачнымі заламі. У 1985 годзе ён адкрыў фотакінастудыю “Пегас”. Усё гэта, зразумела, уздзейнічала на творчы рост студыйцаў.

У любой справе адчувалася шматграннасць асобы настаўніка: сапраўдны арганізатар, таленавіты мастак, цікавы і дасціпны суразмоўца. Чалавек разнастайных інтарэсаў і невычэрпнай энергіі, ён быў адкрытым для разнастайных уражанняў і культурных пачынанняў. Так, на Маскоўскім фестывалі аматарскага кіно дэманстравалі фільм “Партызанская дубінка”, зняты Герашчанкам і прысвечаны 35-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Умудроны жыццёвым вопытам, Анатоль Рыгоравіч з ахвотай раствараўся ў любым прафесійным культурным асяродку, свабодна і натуральна ўжываўся ў экперыментатарства. Аднак яму было наканавана пражыць толькі паўстагоддзя, і, на жаль, у 1987 годзе скончыўся яго зямны шлях.

Творца не пакінаў пасля сябе архіваў, ніколі не каталагізаваў свае працы. Яго малюнкі і жывапіс, падрабязнасці яго жыцця і творчых задум захаваліся ў абрывачных расповедах сяброў і вучняў. Усе без выключэння згадваюць Анатоля Герашчанку як рознабаковую, незвычайную асобу.

Выставачны праект “Крычаўская школа Герашчанкі і яе паслядоўнікі”, які быў арганізаваны ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Паўла Масленікава, аб’яднаў некалькі пакаленняў мастакоў крычаўскай зямлі. Да шэрагу яго вучняў і паслядоўнікаў, якія сталі прафесійнымі мастакамі, выкладчыкамі, належаць: Сяргей Давідовіч, Аляксандр Фралянкоў, Міхаіл Ліханенка, Уладзімір Ерафееў, Антон Вырва. Аснову ж экспазіцыі склалі творы самога Анатоля Герашчанкі. Абагуленасць, шматзначнасць дазвалялі мастаку заўсёды развіваць уласную канцэпцыю светапогляду. Прастору ён збірае ў кампазіцыйнае адзінства пры дапамозе розных структурных элементаў.

Так, фігура хлопчыка ў рабоце “Школьны камунар” дапоўнена атрыбутамі, сімваламі свайго часу: запаленая газавая лямпа — сімвал агню, размешчаны на другім плане вядомы плакат Аляксея Радакова 1920 года “Неграмотный — тот же слепой”, карта свету — сімвал супольнасці, адкрыты падручнік у руках хлопчыка — прага да ведаў. Мастак змог ахапіць у канцэнтраваным выглядзе істотныя змены ў жыцці людзей.

У партрэце-карціне “Макаранка — дэлегат ХХVІ з’езду ЛКСМБ” адлюстравана сучасніца мастака, чалавек працы. Прычым у творы не знойдзеш выпадковага і нязначнага. Аўтар надаў больш увагі апрацоўцы твару і фігуры, перадаў такім чынам псіхалагічную характарыстыку, паказаў пластычную выразнасць, гармонію.

Два аўтапартрэты Герашчанкі — асабістае адлюстраванне і цікавы аспект творчасці мастака — шмат чаго могуць распавесці пра чалавека і майстра сваёй справы. Гэта — свайго роду мастацкія вопыты па стварэнні індывідуальнай асобы сродкамі мімікі твару, выразнасці лініі, святла і ценю. Уласна, большасць яго твораў распавядае не толькі пра гісторыю чалавека, але і пра гісторыю горада. На жаль, творчасць Анатоля Герашчанкі ніколі не даследавалася. Аднак дзякуючы выставачнаму праекту “Крычаўская школа Герашчанкі і яе паслядоўнікі” мы змаглі паглыбіцца ў творчы свет педагога і пазнаёміць наведвальнікаў з незвычайным чалавекам і яго паслядоўнікамі, тымі, хто сёння працягвае добрыя традыцыі і робіць жыццё Крычава прыгожым і цікавым.

Святлана СТРОГІНА, намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава