Практыка або тэорыя?

№ 51 (1229) 19.12.2015 - 25.12.2015 г

Учора ў Інстытуце культуры Беларусі завяршыліся майстар-класы для кіраўнікоў творчых калектываў грамадскіх аб’яднанняў суайчыннікаў з замежжа. Мерапрыемства было рэалізавана ў рамках Дзяржаўнай праграмы супрацоўніцтва з беларусамі замежжа “Беларусы ў свеце” на 2013 — 2015 гады.

Удзел у майстар-класах прынялі кіраўнікі творчых калектываў грамадскіх аб’яднанняў з васьмі краін: Расіі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Эстоніі, Іспаніі, Італіі і Францыі. Менавіта для іх спецыялісты з Беларусі правялі майстар-класы па народных промыслах і рамёствах, вакальна-харавой, харэаграфічнай, дэкаратыўна-прыкладной творчасці і абрадава-святочнай культуры. Да слова, самі майстар-класы прайшлі на базе вядучых устаноў культуры і адукацыі краіны — ад Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі да замкавага комплексу “Мір”.

Як адзначыў падчас адкрыцця курсаў намеснік міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік, гэта ўжо другое падобнае мерапрыемства, якое ладзіцца для кіраўнікоў і прадстаўнікоў беларускіх арганізацый замежжа.

— Мы спадзяемся, што веды, атрыманыя падчас гэтых майстар-класаў, будуць пасля прымененыя на практыцы ў краінах свету, дзе на сёння існуюць суполкі беларусаў, — адзначыў Васіль Чэрнік. — Таксама я хацеў бы выказаць падзяку за вашу дзейнасць і запэўніць, што Міністэрства культуры нашай краіны будзе і надалей падтрымліваць дзейнасць грамадскіх беларускіх арганізацый, якія функцыянуюць за мяжой, дапамагаць ім у многіх накірунках дзейнасці, у тым ліку — у матэрыяльным плане.

Прарэктар па вучэбнай рабоце Інстытута Ірына Лапцёнак патлумачыла “К", што мінулагоднія падобныя курсы былі скіраваны больш на тэарэтычную падрыхтоўку: тады падчас заняткаў разглядаліся асноўныя прынцыпы функцыянавання аматарскіх калектываў, іх метадалагічная база, спецыфіка і гэтак далей. Сёлета фармат было вырашана змяніць.

— Справа ў тым, што людзям, якія ўваходзяць у беларускія суполкі за мяжой, важна не толькі зразумець, як арганізаваць аматарскі калектыў, але і набыць веды па тым, як прэзентаваць беларускую культуру, як захоўваць сваю культурную самабытнасць і перадаваць яе наступным пакаленням, — адзначыла Ірына Лапцёнак. — Таму сёлета мы прадставілі нашым гасцям разнастайную праграму курсаў, арыентаваную, у асноўным, на атрыманне спецыяльных ведаў і набыццё практычных уменняў і навыкаў. Нездарма ж сёлетнія курсы займелі назву “Дзейнасць калектываў аматарскай творчасці па захаванні культурнай самабытнасці і іх роля ў прэзентацыі беларускай культуры за мяжой”.

За тыя пяць дзён, якія доўжыліся курсы, прадстаўнікі суполак наўрад ці цалкам засвоілі саломкапляценне, пляценне пояса на пальцах, валенне вырабаў з воўны, многае іншае з усяго, што прапаноўвалі арганізатары. Зразумела, не ўсе госці здолелі за час знаходжання ў Беларусі дасканала авалодаць беларускай мовай. Але ж падобныя курсы былі вельмі карыснымі для ўсіх кіраўнікоў і прадстаўнікоў беларускіх суполак замежжа. Бо, акрамя азнаямлення з гісторыяй і культурай Беларусі — госці, у дадатак да Мінска, пабывалі ў Міры, Нясвіжы, Лідзе, нашы суайчыннікі завязалі кантакты паміж сабой і шэрагам беларускіх арганізацый, якія займаюцца развіццём сферы айчыннай культуры, атрымалі карысны і неабходны досвед, а таксама звезлі ў свае краіны шмат інфармацыйнага матэрыялу як на папяровых, так і на лічбавых носьбітах…

(Пра тое, чым жывуць і пра што клапоцяцца беларускія суполкі за мяжой, чытайце ў наступных нумарах “К”.)

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"